Нарада па праекце Закона, які прадугледжвае комплексную карэкціроўку крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства

  • 1
Карэкціроўка крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства ні ў якім разе не павінна ствараць умовы для ўхілення ад адказнасці. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня на нарадзе па праекце Закона, які прадугледжвае комплексную карэкціроўку крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.

Праект гэтага Закона ўжо абмяркоўваўся ў жніўні мінулага года. У прыватнасці, размова ішла аб прымяненні дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве, укараненні крымінальна-прававой кампенсацыі, выключэнні проціпраўнасці дзеяння пры дзелавой рызыцы. Прапаноўвалася таксама дэкрыміналізаваць асобныя дзеянні, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, пашырыць прымяненне штрафу і павялічыць яго памер за эканамічныя злачынствы, унесці шэраг іншых змяненняў.

Пры гэтым Прэзідэнт даручаў дэпутатам сумесна з праваахоўнымі органамі, а таксама з бізнес-супольнасцю дадаткова дэталёва абмеркаваць праект. Пасля прыняць па ўсіх яго палажэннях канчатковае ўзважанае рашэнне, якое ў поўнай меры адпавядае інтарэсам дзяржавы, грамадства і грамадзян.

Як падкрэсліў у ходзе нарады Аляксандр Лукашэнка, магчымыя карэкціроўкі крымінальнага закона не павінны прыводзіць да выпустошвання самой сутнасці закона. Пры любых змяненнях яго нормы павінны захоўваць неабходны прафілактычны эфект і адначасова мець належнае карнае ўздзеянне на парушальніка, калі злачынства пазбегнуць усё ж не ўдалося.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прынцып непазбежнасці пакарання за ўчыненыя злачынствы павінен заставацца непарушным. "Усе магчымыя змяненні крымінальна-прававых механізмаў могуць так ці інакш развіваць або дапаўняць гэты прынцып, але ні ў якім разе не ствараць умовы для ўхілення злачынцаў ад адказнасці, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Патураць беспакаранасці мы не маем ніякага права".

На думку Кіраўніка дзяржавы, не менш важная і належная арганізацыя крымінальнага працэсу. "Расследаванні, якія доўжацца працяглы час без асаблівых вынікаў, не павінны ўспрымацца як нешта звычайнае і нармальнае, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Пракурор, следства і суд абавязаны мець у сваім арсенале такія сучасныя прававыя інструменты, якія могуць забяспечыць аператыўнае і аб'ектыўнае расследаванне і разгляд крымінальных спраў".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці не стануць прапануемыя новаўвядзенні, прызначаныя вырашыць надзённыя праблемы правапрымяняльнай практыкі, на справе толькі пралазам для нячыстых на руку людзей, у прыватнасці, у выпадку ўвядзення механізма дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве. Па яго ўмовах злачынцу, каб зменшыць тэрмін свайго пакарання, трэба будзе паведаміць аб чужых злачынствах. "Аднак адразу ўзнікаюць пытанні: ці не заваляць злачынцы следчыя органы "казкамі" пра выдуманых саўдзельнікаў? Ці не будуць нагаворваць на любога дзеля ўратавання сваёй шкуры? Ці не стане такое пагадненне для асабліва небяспечных крымальных элементаў спосабам пазбегнуць строгай заслужанай адказнасці? - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І давайце шчыра: ці ўпэўнены мы ў сваіх праваахоўніках, у тым, што яны будуць прымяняць такое пагадненне толькі ў законных мэтах? А не для ўласнай нажывы, атрымліваючы адкаты пры заключэнні пагадненняў аб супрацоўніцтве за цалкам легальнае аблягчэнне лёсу злачынцаў".

На нарадзе таксама разглядаліся меры адказнасці, не звязаныя з ізаляцыяй ад грамадства, - штрафы, крымінальна-прававая кампенсацыя. "Мы іх актыўна пашыраем у гэтым праекце. Але ці ёсць гарантыя, што гэтыя меры будуць прымяняцца менавіта да тых, хто дастойны паблажкі, каго і сапраўды лепш пакараць рублём, а не адседжваннем?" - задаў рэзоннае пытанне Прэзідэнт. Ён таксама пацікавіўся, ці зможа матэрыяльнае ўздзеянне замест рэальнага тэрміну забяспечыць выпраўленне гэтых асоб і ці трэба ўводзіць такія патуранні па ўсіх складах злачынстваў, якія карэкціруюцца праектам у адпаведнай частцы.

"Мы павінны дакладна ўяўляць сабе адказы на ўсе гэтыя пытанні і мець цвёрдую ўпэўненасць у правільнасці зададзенага праектам вектара ўдасканалення крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб асноўных навацыях законапраекта, прапануемых падыходах да ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх прымянення. Адносна механізма дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве Прэзідэнта запэўнілі, што гэта дасць дадатковыя магчымасці ў барацьбе з правапарушэннямі ў такіх сферах, як, напрыклад, карупцыя або наркатрафік, дзе важна выявіць усе звёны злачыннага ланцуга. Законапраект таксама прадугледжвае некалькі ступеняў кантролю таго, наколькі эфектыўна рэалізуецца такое пагадненне, і ці сапраўды абвінавачаны заслугоўвае больш мяккага прыгавору суда.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на некалькіх прынцыповых момантах. Прэзідэнт у прыватнасці заўважыў, што заключэнне дасудовых пагадненняў аб супрацоўніцтве не павінна празмерна абмежаваць магчымасці судоў і фактычна апусціць частку судовага расследавання на ўзровень пракурора. З іншага боку, злачынца, які заслугоўвае самага строгага пакарання за ўчыненае ім цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, не павінен атрымаць магчымасць з дапамогай такога пагаднення ўхіліцца ад адказнасці. "Няхай ён нават пра дзясятак іншых злачынстваў раскажа, але калі ён, напрыклад, згвалціў і зарэзаў дзяўчыну, такому даравання быць не павінна. Ён павінен адказваць. І каб зразумець мяне, вы паспрабуйце сябе паставіць у становішча тых бацькоў (ахвяры злачынства)", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што калі дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве будуць выкарыстоўвацца толькі для работы па нейкіх канкрэтных складах злачынстваў, то, магчыма, варта іх дакладна прапісаць, каб не пакідаць гэта пытанне на асабістае вырашэнне пракурора.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ацэньвае ўсе прапануемыя законапраектам новаўвядзенні з пункту гледжання іх неабходнасці прымяняльна да цяперашняй сітуацыі і развіцця праваадносін у Беларусі.

"Так, у нас не ўсё добра. Мы яшчэ ў нечым адстаём, але мы не Украіна, не Расія і нават не Захад. У нас усё ж такі праваахоўныя органы больш-менш строга працуюць. Не магу сказаць, што ў нас прынцып непазбежнасці пакарання працуе горш, чым у іншых краінах, - адзначыў беларускі лідар. - Пры гэтым у нас за час "дыктатуры" Лукашэнкі сядзельцаў у турме ў параўнанні з "дэмакратычнымі часамі" стала ў два разы менш. Гэта значыць мы з нашым заканадаўствам цалкам паспяхова змагаемся са злачынствамі, і нас ніхто не можа абвінаваціць у тым, што мы перасаджалі ўсіх у турму".

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што праблема дзейснасці любога заканадаўства ў значнай ступені заключаецца і ў асабістым стаўленні кадраў, у першую чаргу кіраўнікоў ведамстваў праваахоўнага блока, кантралюючых органаў, да вырашэння тых ці іншых задач. Паводле ацэнкі Кіраўніка дзяржавы, дзейнасць кіраўнікоў шэрага адпаведных ведамстваў не ў поўнай меры адпавядае яго чаканням, што вымушае Прэзідэнта нярэдка асабіста ўмешвацца ў вырашэнне пытанняў, звязаных з выкананнем законнасці і правапарадку ў краіне.

Па выніках нарады Прэзідэнт даручыў прадставіць яму кароткі і дакладны супастаўны аналіз прапануемых змяненняў па найбольш важных артыкулах. "Але яшчэ раз хачу сказаць, што мы не павінны спрашчацца. Ні ў якім разе, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У нас вельмі шмат парушэнняў, асабліва ў сферы карупцыі, дзе трэба ўзмацняць барацьбу, і мы там таксама разглядаем навелы, і ў частцы цяжкіх злачынстваў у эканамічнай сферы. Мы тут страчваем кучу грошай".