Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Нарада па праекце закона "Аб дзяржаўнай службе"

22 студзеня 2019 года
Нарада па праекце закона "Аб дзяржаўнай службе"
глядзіце таксама: відэа
22 студзеня 2019 года
Нарада па праекце закона "Аб дзяржаўнай службе"

Матэрыяльнае становішча дзяржслужачых павінна расці або падаць у адпаведнасці з ростам або зніжэннем узроўню жыцця насельніцтва. Адпаведнае патрабаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў 22 студзеня на нарадзе па праекце закона "Аб дзяржаўнай службе".

"Сёння мы паспрабуем вызначыцца, якім быць новаму закону "Аб дзяржаўнай службе". Гэта адно з ключавых пытанняў кадравай палітыкі, паколькі эфектыўнасць і аўтарытэт усёй сістэмы ўлады шмат у чым залежаць ад узроўню падрыхтоўкі і матываванасці работнікаў дзяржаўных органаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніцкая дзейнасць патрабуе ад дзяржслужачых высокага прафесіяналізму, адданасці сваёй краіне, строгай выканальніцкай дысцыпліны і ўважлівага стаўлення да людзей. "У аснову рашэнняў, што прымаюцца імі, павінны быць пакладзены сумленнасць і справядлівасць як асноўныя маральныя прынцыпы. Новы закон павінен стварыць выразную аснову для гэтай работы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што высокі прававы статус дзяржаўных служачых, які забяспечвае прэстыжнасць гэтай прафесіі, немагчымы без устанаўлення ў законе сацыяльна-прававых гарантый для іх. Але гэтыя гарантыі павінны строга суадносіцца з абавязкамі і адказнасцю кожнага супрацоўніка дзяржоргана, звярнуў увагу ён.

"Даручаючы распрацаваць гэты закон, я папярэджваў усіх вас, што гэтыя пернікі, якія ў нас прынята раздаваць у любым законе ў выглядзе нейкіх сацыяльных гарантый, не павінны быць вышэйшыя за тое, што яны ёсць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Матэрыяльнае становішча дзяржслужачых павінна расці або падаць у адпаведнасці з ростам або зніжэннем жыццёвага ўзроўню нашага насельніцтва. Гэта ключавое".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што адной з яго прынцыповых пазіцый па гэтым законапраекце з'яўляецца замацаванне абавязковых правіл паводзін, якія забяспечваюць строгую выканальніцкую дысцыпліну.

Законапраект "Аб дзяржаўнай службе", які быў вынесены на нараду ў Прэзідэнта, распрацоўваўся міжведамаснай рабочай групай. У яе ўвайшлі вучоныя і эксперты, якія пераважна не з'яўляюцца дзяржслужачымі. Каардынавалі гэту работу Міністэрства працы і сацабароны і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

"Стаяла задача зрабіць дзяржаўную службу накшталт, скажам, воінскай службы, выпрацаваць дакладныя і вычарпальныя патрабаванні да яе праходжання, павысіўшы імідж дзяржаўнага кіравання ў цэлым. Як мне дакладваюць, у новым законе выбудавана цэласная сістэма дзяржслужбы. У тым ліку замацоўваюцца сацыяльна-прававыя гарантыі дзяржслужачых, суразмерныя іх абавязкам, якія максімальна набліжаны да абавязкаў ваеннаслужачых", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў дэталёва выкласці сутнасць кожнай з вынесеных на разгляд прапаноў і адказаць на некалькі прынцыповых пытанняў, у тым ліку наколькі актуальны законапраект і ці адпавядае ён сучасным патрэбнасцям дзяржорганаў. "Пры гэтым пераканаўча прашу вас не перапісваць бяздумна ўсё, што было ў нашай гісторыі", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама пацікавіўся, наколькі эфектыўна будзе вырашана задача па павышэнні прэстыжу дзяржслужбы, і папрасіў даць агульную характарыстыку этычных патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да дзяржслужачых, і мер па процідзеянні карупцыі.

Пасля канцэптуальнага разгляду новага законапраекта "Аб дзяржаўнай службе" Аляксандр Лукашэнка даручыў у спакойным рэжыме дапрацаваць гэты дакумент. Такі вынік праведзенай у Кіраўніка дзяржавы нарады, на якую ў тым ліку былі запрошаны прадстаўнікі экспертнай і навуковай супольнасці.

Тэгі: Нарады
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь