Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса

3 кастрычніка 2017 года
Нарада па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса
глядзіце таксама: відэа
3 кастрычніка 2017 года
Нарада па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса

Дапамога грамадзянам у паляпшэнні жыллёвых умоў заўсёды будзе ў ліку прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 кастрычніка на нарадзе па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса і пытаннях удасканалення заканадаўства па скарачэнні пустуючых і старых дамоў.

"Мы павінны стварыць усе ўмовы і механізмы, каб дапамагчы людзям, якія маюць патрэбу, перш за ўсё, у паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэты напрамак - важнейшы складнік сацыяльнай палітыкі Беларусі. Думаю, ён застанецца назаўсёды", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што вынесеная на нараду тэма актуальная тым, што закранае інтарэсы практычна ўсіх жыхароў краіны, у тым ліку тых, хто мае жыллё. "Вырашэнне кватэрнага пытання - адзін з асноўных індыкатараў развіцця грамадства. Жыллё - не проста сцены і дах над галавой. Гэта месца, дзе чалавек, прыйшоўшы з работы, можа адпачыць, пабыць з сям'ёй ва ўтульнай і камфортнай абстаноўцы. Самае галоўнае - выхаванне дзяцей", - падкрэсліў беларускі лідар.

Перад удзельнікамі нарады ён паставіў шэраг пытанняў наконт таго, наколькі неабходны і наспелі прапануемыя змяненні. "Першае пытанне - навошта, ці патрэбна, ці надышоў час, што перашкаджае рабоце старым нарматыўным прававым актам, якія рэгулююць гэтыя адносіны? Ці трэба нам сёння ўмешвацца ў Жыллёвы кодэкс і выкладаць яго ў новай рэдакцыі? Гэта галоўнае пытанне, на якое трэба адказаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асноўныя пытанні, з якімі грамадзяне сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці, такія як пастаноўка на ўлік маючых патрэбу, атрыманне жылля і высяленне з яго, унясенне платы за камунальныя паслугі, кіраванне жылфондам, рэгулюе Жыллёвы кодэкс. "Прымаючы гэты дакумент 5 гадоў таму, мы ставілі задачу ўлічыць усе аспекты і згладзіць вострыя вуглы ў сферы жыллёвых адносін, што назбіраліся з улікам правапрымяняльнай практыкі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.



У сувязі з прапануемай новай рэдакцыяй дакумента Прэзідэнт пацікавіўся, ці зможа новы дакумент забяспечыць сістэмнасць і комплекснасць рэгулявання адносін у жыллёвай сферы. "Ці не давядзецца грамадзянам пасля яго прыняцця звяртацца да некалькіх крыніц права для вырашэння сваіх пытанняў? Ці створым мы адзін дакумент, які грамадзянін адкрые і ўбачыць адказы на ўсе свае пытанні? У нас юрысты такія разумныя..., яны спачатку ствараюць закон або які-небудзь іншы нарматыўны прававы акт і паўмільёна падзаконных актаў. І гэты закон багаты на адсылачныя нормы, што недапушчальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно пастаўленае пытанне датычылася таго, якія канкрэтна праблемы прапануецца ўрэгуляваць прадстаўленым законапраектам, ці прадугледжана ў ім спрашчэнне адміністрацыйных працэдур у жыллёвай сферы.

"Як ідуць справы са стварэннем фонду арэнднага жылля? Ці зможам мы задаволіць патрэбнасці грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу? Якія прапановы ўрада па развіцці гэтага важнейшага напрамку?" - задаў пытанні Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся тэхнічным станам жыллёвага фонду краіны ў цэлым і тым, якія дадатковыя меры неабходны для яго належнага ўтрымання і абслугоўвання.

"Яшчэ адно важнае пытанне, якое я падымаў публічна ўжо, яно актуальнае - развіццё малых вёсак і хутароў. Колькасць пустуючых дамоў расце, нам неабходна стварыць умовы для эфектыўнага выкарыстання такога жылля", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у гэтым пытанні перш за ўсё патрэбны гаспадарскі падыход. "Гэта ў тым ліку патэнцыял для агратурызму", - лічыць беларускі лідар.



Ён нагадаў, што ўжо заклікаў усіх жадаючых - не толькі багатых людзей - не забываць сваю малую радзіму. "Калі ў кагосьці ёсць магчымасць прывесці ў парадак сваю вёсачку, пабудаваўшы там, можа, свой дом, гэта трэба зрабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца старога, аварыйнага жылля, мая пазіцыя адназначная: на зямлі павінен быць парадак. Такія будынкі трэба зносіць і землі неабходна вяртаць у абарот. Гэту работу трэба паскорыць на месцах і падвесці пад гэта нарматыўна-прававы акт, каб губернатары і мясцовыя ўлады не бегалі за людзьмі, якія кінулі сваё жыллё, але ў той жа час нібыта маюць нейкую паперку на валоданне гэтым жыллём", - заявіў Прэзідэнт.

Калі чалавек сапраўды валодае тым ці іншым жыллём, то яно павінна ўтрымлівацца ў нармальным стане, сказаў Прэзідэнт. "А так ён жыве дзесьці на Камчатцы, вачэй не паказвае ў свой родны дом, які нібыта ў яго ва ўласнасці. Ён ужо бур'яном зарос і нахіліўся на тры вуглы", - заўважыў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прапануецца ўдасканаліць механізм адчужэння пустуючых і старых дамоў у залежнасці ад іх размяшчэння, мясцовых умоў і асаблівасцей. Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы перасцярог, каб у гэтым выпадку не стварыць розных бюракратычных бар'ераў. "Павінен быць адназначны адказ на гэта пытанне. Калі жыллё закінута, мы даём права мясцовым органам улады яго зносіць, значыць, яно павінна быць знесена. А землі вернуты ў абарот або прададзены новаму гаспадару, або там пасеяць збожжа", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падтрымаў новую рэдакцыю Жыллёвага кодэкса. Падкрэслена неабходнасць у тым ліку максімальна прадугледзець далейшае развіццё праваадносін у гэтай сферы.

Што датычыцца абыходжання з пустуючым і старым жыллём, пасля некаторай дапрацоўкі з улікам абмеркаваных пытанняў і дадзеных даручэнняў праект указа ў бліжэйшы час будзе прадстаўлены на подпіс Кіраўніку дзяржавы.

Улічваючы прысутнасць на нарадзе кіраўнікоў рэгіёнаў, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага даклада аб ходзе ўборкі ўраджаю. "Якія праблемныя пытанні, якія трэба тут абмеркаваць? А яны ёсць! Іх трэба абмеркаваць з удзелам губернатараў", - адзначыў ён.

Прэзідэнт таксама даручыў на працягу наступнага года навесці ў краіне ідэальны парадак. "Я ўжо сказаў аб тым, што ў наступным годзе мы прыкладзём максімум намаганняў для таго, каб краіну прывесці ў парадак. І не толькі таму, што гэта апошні год перад Еўрапейскай Алімпіядай у Беларусі. У 2019-м прыедуць прадстаўнікі ўсяго свету паглядзець на Беларусь. Што мы ім пакажам?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Пачынаючы ад дарог, мастоў, развязак (а гэта твар краіны), прылеглых да дарог палёў, гарадоў і вёсак, аб якіх мы будзем сёння весці размову, і завяршаючы пасяўнымі плошчамі - усё павінна быць у ідэальным стане", - заявіў беларускі лідар.



Прэзідэнт даручыў праверыць выкананне тэрмінаў будаўніцтва аб'ектаў па заключаных інвестыцыйных дагаворах. "Мы сёння падштурхоўваем розных грамадзян і інвестараў да будаўніцтва. Вы ведаеце мае патрабаванні. Яны ўжо ў заканадаўчых актах, відаць, вызначаны. Калі не, Міцкевіч даложыць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ёсць жалезабетонныя тэрміны, якія ў інвестыцыйных дагаворах абазначаны. І для грамадзян. У бліжэйшы час, пачынаючы з Мінска, мы праверым, як выконваюцца гэтыя тэрміны. Але нават там, дзе я бачу кожны дзень, - гэта называецца "жах". Замест двух - пяць гадоў. Стаяць закінутыя, зарослыя бур'яном у горадзе-героі Мінску будынкі і памяшканні, на якія ўвагу начальнікаў я ўжо звяртаў".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней ужо была дасягнута дамоўленасць аб уключэнні ў абарот рознай уласнасці, у прыватнасці незавершанага будаўніцтва. "Нават там, дзе я езджу кожны дзень, ужо трэці губернатар спрабуе паказаць, як ідзе работа. Але работы гэтай няма".

Паводле слоў Прэзідэнта, мясцовыя ўлады часам не могуць самі вызначыцца, што рабіць з такімі аб'ектамі. "І гэта ў Мінску фактычна. Няўжо на ўласнасць, памяшканні і іншае задаволілі попыт, што бясплатна нават не хочуць узяць? Тады нам трэба гэтым займацца", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка закрануў шэраг праблем, якія хвалююць насельніцтва, асабліва ў буйных гарадах. "Сродкі масавай інфармацыі ўсё часцей гавораць аб скандалах, пачынаючы ад Гомеля і заканчваючы Мінскам, з насельніцтвам наконт зносу дрэў. Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, узворваць. Замест таго каб парк недзе закласці або ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт учыніць з насельніцтвам?" - адзначыў беларускі лідар.

"Вы самі перасяліцеся ў гэты дом і жывіце там, а побач узвядзіце вышынны будынак 12 паверхаў, каб ваш дом аказаўся ў двары гэтага вышыннага будынка. Абавязкова трэба канфлікт нейкі ўчыніць", - рэзка адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

"У Мінску "дастукаліся" да таго: пачалі пілаваць векавыя дрэвы замест таго, каб пакласці дзе-небудзь пад дарогай, як звычайна, камунікацыі. Гэта вуліца недзе ў раёне Мінскага трактарнага завода, паказвалі таксама СМІ", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.



Ён расказаў, што даручыў Службе бяспекі высветліць акалічнасці гэтага пытання і ад "мінскіх начальнікаў" было атрымана нечаканае тлумачэнне. Яно заключалася ў тым, што Прэзідэнт, нібыта, ездзіць на прадпрыемства па гэтай вуліцы, а таму яе нельга чапаць і закрываць на доўгі час.

Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што і наведвае ж завод не часцей, чым раз у некалькі гадоў. "Я і бачыць яе ніколі не бачыў! Вы што, мяне спецыяльна перад насельніцтвам падставіць хочаце?" - абурыўся Прэзідэнт.

"І потым, вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? Кожны чалавек стараецца выйсці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары спілуйце векавое дрэва і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысць... Трэба спыніць гэты разбой! - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Бачыце, дрэва ўпадзе на дарогу. Ну, упадзе, убяром. Калі зыходзіць з гэтага, трэба выпілаваць усе паркі ў гарадах".

"Я прашу тое, што цяпер абазначыў, мець як самае строгае ўказанне да вашай работы. Паўтарэння больш не будзе. На людзей трэба крыху звяртаць увагу. А то хутка адзеравянеем, як у асобных нашых суседзяў. Улада сама па сабе, а людзі самі па сабе", - рэзюмаваў беларускі лідар.

 

Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь