Нарада па праекце асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады

  • 1

Беларусі ў будучай пяцігодцы неабходна застацца ў трэндзе сусветнай эканомікі, навукі і прагрэсу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 мая на нарадзе па праекце асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.

"Стратэгічныя мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця на сярэднетэрміновую перспектыву і меры па іх рэалізацыі вызначаны. Тое, што мы абяцалі людзям у перадвыбарны перыяд, павінна быць безумоўна выканана. Цяпер трэба намеціць далейшыя практычныя захады, - падкрэсліў беларускі лідар. - У перадвыбарную кампанію мы вызначаліся, што павінны зрабіць. І наша праграма, літаральна праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў, не павінна кардынальна змяніцца, прынамсі, па асноўных стратэгічных момантах".

Прэзідэнт адзначыў, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады будзе галоўным дакументам для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе. "Хацелася б, каб гэта была новая, больш цікавая форма самога дакумента, каб яна мела жывы характар. Каб гэта праграма, яе паказчыкі, кожны раздзел былі даступныя не толькі спецыялістам, але і людзям, дзеля якіх мы будзем дасягаць мэт, пастаўленых у гэтай праграме", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"У нас павінны быць рэальныя, але амбіцыйныя мэты. За будучую пяцігодку неабходна не толькі аднавіць страчанае, але пажадана застацца ў трэндзе сусветнай эканомікі, навукі, прагрэсу. Адстаць ні ў якім разе нельга. Мы не павінны адстаць, таму што ў нас ёсць усё для таго, каб прырастаць кожны год. Што для гэтага трэба зрабіць, гэта ў праграме павінна быць вызначана", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у праграме неабходна дакладна вызначыць шляхі і механізмы рэалізацыі намечанага. "Калі, дапусцім, лічба па ВУП, то за кошт чаго? Куды будзем прадаваць прадукцыю, у якім аб'ёме?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не збіраемся тут займацца нейкім піярам, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нам трэба сапраўды вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць у будучай пяцігодцы. Нам трэба сарыентаваць грамадства. І гэта будзе адкрытая размова ўлады з прадстаўнікамі народа".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Усебеларускі народны сход прыедуць дасведчаныя людзі, якія паказалі сябе ў працы і ведаюць, чым жыве грамадства. "Гэта будуць прадстаўнікі нашага народа. І з іншага боку - улада. Мы адкрыта і сумленна павінны правесці дыскусію, выпрацаваўшы адпаведныя дакументы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Недахопы відавочны, іх хаваць не трэба. Народ іх бачыць. Усё, што добрае, мы нагадаем, што створана не толькі за пяцігодку, але за перыяд навейшай гісторыі. Але галоўнае - гэта выпрацаваць стратэгію на пяцігодку", - дадаў Прэзідэнт.

З асноўным дакладам на нарадзе выступаў Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.Прэзідэнт паставіў перад ім некалькі асноўных пытанняў. У прыватнасці, наколькі напружанымі і дасягальнымі з'яўляюцца мэтавыя ўстаноўкі, што прапануюцца для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе; якія ёсць інструменты для пераадолення дапушчанага ў мінулай пяцігодцы адставання; што трэба зрабіць для выхаду на ўстойлівую траекторыю эканамічнага росту хаця б на ўзроўні сярэднесусветнага - 2,5-3,5 працэнта ў год.

"Пры гэтым не трэба даваць залішне песімістычныя ацэнкі, па інерцыі скочваючыся на ўзровень мінулых гадоў. Ніякага песімізму!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што за час, які застаўся да пятага Усебеларускага народнага сходу, адбудзецца яшчэ не адна сустрэча па пытанні яго правядзення і падрыхтоўкі: "Гэта наш экзамен, сур'ёзны экзамен. У бліжэйшым будучым мы будзем абмяркоўваць розныя моманты на розных узроўнях".

На нарадзе, якая прадаўжалася амаль 3 гадзіны, разгарнулася актыўная дыскусія, абмеркаванне было вельмі прадметным і падрабязным. Па сутнасці, унесены Прэзідэнту праект асноўных палажэнняў праграмы развіцця на пяцігодку быў кампрамісным дакументам, выпрацаваным з удзелам Урада, маніторынгавай групы на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый. Па ходзе нарады свае заўвагі і прапановы выказвалі кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, Акадэміі навук, губернатары. Падрабязна абмеркаваны асноўныя параметры планавання эканомікі. Пры гэтым галоўная мэта пяцігодкі - збалансаванае развіццё краіны.

Адзначана, што ў прапанаваных падыходах прысутнічае разумны баланс пераемнасці і навізны. Аднак яшчэ неабходна работа па канкрэтызацыі тактыкі і механізмаў дасягнення пастаўленых мэт. Сярод узгодненых прыярытэтаў - эфектыўныя інвестыцыі, занятасць і экспарт.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб у канчатковым выглядзе праект праграмы быў канкрэтным і зразумелым для ўсіх планам практычных дзеянняў. На яго дапрацоўку адведзена 10 дзён. У дакуменце павінны быць прапісаны напружаныя задачы, і ён павінен змяшчаць адказы на найбольш жыццёвыя пытанні грамадзян, у тым ліку аб узроўні даходаў, цэн, планах па будаўніцтве жылля, працэнтнай палітыцы ў крэдытнай сферы і інш.

"Тое, што сёння прапанаваў Урад - гэта аснова, на якой далей павінна быць пабудавана праграма, выпрацаваная сумесна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.