Нарада па палітычных пытаннях

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 2 правёў нараду па палітычных пытаннях.

    "Мы часта праводзім нарады ў Прэзідэнта па эканамічных праблемах. Сапраўды, эканоміка для нас з'яўляецца найважнейшым пытаннем, асабліва ў гэтыя вострыя палітычныя моманты. Але ёсць і шэраг палітычных пытанняў, якія звязаны з бяспекай нашай краіны, знешняй палітыкай, асабліва яе змяненнем, з нашай арыентацыяй па экспарце на краіны Афрыкі, Усходу, іншыя дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.

    "Таму сёння я хацеў бы ўдзяліць увагу разгляду менавіта палітычных пытанняў, якія для нас актуальныя і на якія мы павінны адрэагаваць і ні ў якім выпадку не ўпусціць іх. Гэтыя пытанні ідуць сваім вастрыём не толькі ў знешнюю палітыку, але і ва ўнутрыпалітычную сітуацыю ў нашай краіне, сацыяльна-палітычную. Я хацеў бы, каб мы менавіта з гэтага пункту разгледзелі ўсе тыя праблемы, якія сёння ёсць і на якія трэба рэагаваць і ні ў якім разе нельга выпускаць з-пад увагі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнту даложана аб выніках удзелу беларускага боку ў шэрагу мерапрыемстваў міжнароднага характару, аб сітуацыі, што ўзнікае вакол Беларусі, аб актуальных падыходах краіны да шэрага пытанняў міжнароднага парадку дня, а таксама аб стане і перспектывах адносін з вядучымі геапалітычнымі дзяржавамі і іншымі партнёрамі Беларусі.

    Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням дыверсіфікацыі гандлёва-эканамічных адносін. Прэзідэнт выказаў крайняе незадавальненне  тым, што рост тавараабароту назіраецца толькі з асобнымі краінамі і запатрабаваў больш актыўна працаваць на іншых рынках. Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным узмацніць патрабаванне з адпаведных службовых асоб, адказных за развіццё супрацоўніцтва з асобнымі краінамі і рэгіёнамі.

    Прэзідэнт праінфармаваны аб тым, што пасля прыняцця парламентам рашэння аб даце правядзення выбараў МЗС накіравала запрашэнні міжнародным наглядальнікам для ажыццяўлення назірання за выбарамі.

    Кіраўніку дзяржавы таксама даложана інфармацыя аб сітуацыі ў рэгіёнах Беларусі, на асобных прадпрыемствах, аб настроях у працоўных калектывах. Прэзідэнт запатрабаваў не дапускаць ні ў якім разе расхлябанасці і самазаспакоенасці на месцах і звярнуў увагу ўрада і ўсёй вертыкалі ўлады на неабходнасць безумоўнага выканання ўсіх яго даручэнняў эканамічнага характару.