Нарада па эканамічных пытаннях

    Беларусь і ў далейшым будзе прытрымлівацца курсу стабільнасці, у тым ліку на валютным рынку. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 18 снежня на нарадзе па эканамічных пытаннях.

    Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што не так даўно на нарадзе пры абмеркаванні актуальных пытанняў развіцця эканомікі ім былі дадзены канкрэтныя даручэнні адказным службовым асобам. "Для аператыўнага кантролю за іх выкананнем лічу неабходным увесці ў практыку нашай работы, што мы і зрабілі, рэгулярны даклад аб дасягнутых выніках, - адзначыў Прэзідэнт. - Пасля той нарады мінуў тыдзень, і хачу пачуць, як выконваюцца мае даручэнні, што зроблена, якія праблемы яшчэ не вырашаюцца".

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што спектр пытанняў вельмі шырокі, але сёння ўвага будзе засяроджана на пяці асноўных напрамках. У прыватнасці, размова пойдзе аб сітуацыі на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі, спыненні неабгрунтаванага росту цэн на тавары і паслугі на ўнутраным рынку. "За межы краіны чым даражэй прадасце, тым лепш, - сказаў Прэзідэнт. - Унутры краіны цэны і так вельмі высокія. Наша насельніцтва ўжо не вывозіць тавары (а гэта барометр), а ездзіць, у прыватнасці, у Расію і Украіну, закупляе там тавары і ўвозіць у Беларусь, у тым ліку беларускія. Канкрэтныя абавязацельствы ў гэтых сферах браў на сябе ўрад. Хацеў бы пачуць, як вырашаюцца гэтыя пытанні".

    На нарадзе абмеркавана і тэма зняцця часовых абмежаванняў на ўвоз у Расію беларускіх прадуктаў харчавання і транзіт.

    Сярод разгледжаных пытанняў - выкананне Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі. Гэта сфера адказнасці Нацыянальнага банка. "Пры гэтым я хачу закрануць такую далікатную тэму, на якую сёння мала ўвагі звяртаем, у тым ліку Кіраўнікі дзяржавы, - гэта абменны курс, сітуацыя на валютным рынку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нікога тут не хачу здзівіць, наша пазіцыя застаецца ранейшай. Мы не збіраемся бегчы за Расіяй, гэта катэгарычна забараняецца, таму што расійскі рынак - незразумела што там, хто што хоча і што там будзе".

    "Ваганні на расійскім валютным рынку не паддаюцца ніякаму асэнсаванню", - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што дэвальваваць валюту ў Беларусі непрымальна. "У нас ёсць абавязацельствы перад насельніцтвам. І мы іх павінны прытрымлівацца, што, як мне дакладваюць урад і Нацыянальны банк, і робіцца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Ён падкрэсліў, што стабільнасць на валютным рынку - гэта абавязак банкаўскай сістэмы на чале з Нацыянальным банкам і ўрада Беларусі, усё астатняе - у руках насельніцтва. "Хочаце абвалу - бегайце па абменніках. Гэта ўсё ў руках грамадзян нашай краіны. Таму ківаць на кіраўніцтва, на ўрад, на Нацыянальны банк сёння непрымальна", - лічыць Прэзідэнт.

    Ён запэўніў: "Мы будзем прытрымлівацца стабільнай сітуацыі ў краіне і будзем выкарыстоўваць для гэтага ўсе рычагі, не парушаючы пры гэтым ніякіх фінансава-эканамічных законаў, якія дзейнічаюць аб'ектыўна".

    На нарадзе абмяркоўвалася таксама тэма нарошчвання экспарту беларускіх тавараў і яго геаграфічнай дыверсіфікацыі. "Тут хачу пачуць у першую чаргу, як разгортвае работу наша Міністэрства замежных спраў. На нараду запрошаны віцэ-прэм'еры і губернатары - што яны робяць на сваіх тэрыторыях па экспарце прадукцыі. Самае галоўнае - пытанне работы эканомікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Паводле яго слоў, у краіне няма праблем з работай прадпрыемстваў. "Яны могуць выпускаць нядрэнную прадукцыю па прымальных цэнах. Пытанне ў продажы гэтай прадукцыі за межы краіны, - лічыць Прэзідэнт. - Прададзім больш - больш валюты будзе. Тады і ўсякія размовы пра валютны крызіс у Расіі, абвал будуць проста пустымі. Усё залежыць ад нас". "Экспарт - пытанне нумар адзін", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада Беларусі весці разлікі з Расіяй у доларах або еўра. Закранаючы тэму эфектыўнасці продажаў у Расію харчовых тавараў, у тым ліку за кошт скарачэння затрат і ўстаранення пасрэдніцкіх схем, Прэзідэнт адзначыў: "Апошнім часам я ўсё часцей чую - ах, расійскі рубель абваліўся, а там 40 працэнтаў нашага экспарту, мы нясём страты. Але што зробіш, такі ў нас сёння партнёр і такая сітуацыя ў Расіі і Украіне - гэта таксама наш партнёр. Але бязвыхадных сітуацый няма. Калі дзе-небудзь нешта страчваем, то трэба знаходзіць у іншым месцы".

    Напрыклад, у скарачэнні сабекошту. "Пакуль жывём на шырокую нагу, жыруем і думаем, што так будзе і далей. Не, трэба напружвацца і скарачаць затраты. Мне ва ўрадзе штодзень дакладваюць аб прадуктах харчавання - няма праблем са спажыўцамі ў Расіі па аплаце ў рублях. Абваліўся рубель да 70 за адзін долар - мы такую цану і закладваем. Мы працуем па перадаплаце, правільна, так і павінна быць. Іншага не дадзена".

    "Больш таго - ураду пастаўлена задача гандляваць не за расійскія рублі, а за долары. Таму што мы плацім Расіі за энергарэсурсы не ў рублях, а ў доларах. Гэта, дарэчы, недахоп у рабоце ўрада - трэба было працаваць і патрабаваць ад іх, каб яны нам таксама плацілі ў цвёрдай валюце - у доларах і еўра. Мне дакладвае ўрад, што лёд крануўся. Многія пакупнікі нашай прадукцыі ў Расіі сёння плацяць у доларах. Калі ў рублях - то ў адпаведнасці з курсам на сённяшні дзень, на сённяшні час", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па ўсіх гэтых пытаннях патрэбны дакладныя і зразумелыя тлумачэнні. "Скардзіцца на сітуацыю няма сэнсу. Мы дамовіліся: у любой сітуацыі павінны жыць і працаваць, іншага не дадзена", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.