Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Нарада па арганізацыі і правядзенні маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу

17 мая 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 мая сабраў нараду па арганізацыі і правядзенні маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

"Сёння нам неабходна абмеркаваць шэраг пытанняў, звязаных з маючымі адбыцца парламенцкімі выбарамі, а таксама разгледзець гатоўнасць мясцовых органаў улады да іх правядзення. Тут утойваць няма чаго: без улады на месцах выбары будзе правесці не тое што цяжка, немагчыма. Мы ніколі не ўтойвалі гэтага і ўтойваць не будзем. Трэба зрабіць усё для таго, каб выбары прайшлі на высокім узроўні. Іх прапануецца правесці ў лістападзе гэтага года. З аптымальнымі датамі мы вызначымся ў бліжэйшы час. Гэта азначае, што асноўныя перадвыбарныя мерапрыемствы, прадугледжаныя заканадаўствам, павінны пачацца ўжо ў жніўні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, трэба папярэдне вырашыць усе арганізацыйныя пытанні, каб у перыяд актыўнай выбарчай кампаніі забяспечыць спакойную абстаноўку для свабоднага волевыяўлення беларускага народа.

"Патрабаванні да правядзення выбарчай кампаніі нязменныя. Гэта павінны быць сумленныя, справядлівыя выбары, без надуманых абмежаванняў, каб ні ў каго не было сумненняў у іх легітымнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Выбарчы кодэкс напярэдадні выбараў не мяняўся, існуючыя правілы ўсім добра вядомыя. "Трэба зрабіць усё ў строгай адпаведнасці з нашым заканадаўствам. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: выбары мы арганізоўваем для сваёй краіны, для Беларусі. Мы, вядома, не хочам трапіць пад крытыку нашых суседзяў і прадстаўнікоў іншых краін, тым не менш помніць трэба галоўнае - выбары гэта беларускія", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Залог поспеху - зладжаная камандная работа з высокай асабістай адказнасцю кожнага з вас і тых, хто будзе працаваць у камісіях знізу даверху, за даручаную справу, - звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў нарады. - Нягледзячы на тое, што асноўная арганізацыйная нагрузка пры падрыхтоўцы мерапрыемства ляжа на Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, мы павінны забяспечыць узаемадзеянне ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу".

"Дырыжорамі ў гэтым шматгранным і шматгалосым аркестры будуць мясцовыя органы ўлады. Мясцовай уладзе трэба будзе сфарміраваць выбарчыя камісіі. Зрабіць гэта ў адпаведнасці з заканадаўствам: дэмакратычна, адкрыта, з шырокім удзелам канструктыўных грамадскіх арганізацый, якія складаюць аснову нашай грамадзянскай супольнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Толькі тым парламентарыям, хто выканаў усе свае перадвыбарныя абяцанні, змог наладзіць дзейсную сувязь з выбаршчыкамі, карыстаецца ў іх рэальнай падтрымкай і даверам, будзе месца ў новым складзе вышэйшага прадстаўнічага органа ўлады. Я намякаю на тое, што кандыдатам у дэпутаты трэба будзе сустракацца з народам, размаўляць, тлумачыць, расказваць аб сваёй пазіцыі, аб тым, як яны будуць працаваць у парламенце. Ваша задача - дапамагчы ім арганізаваць гэту работу па сустрэчах з выбаршчыкамі. І важна, каб людзі, прыйшоўшы на выбарчыя ўчасткі, ведалі, што ўжо зрабіў іх дэпутат і што неабходна зрабіць заўтра для дабрабыту рэгіёна і ўсёй нашай краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, дэпутацкі корпус павінны прадстаўляць эксперты ў розных галінах, спецыялісты - адказныя і адданыя краіне людзі, прафесіяналы з дзяржаўным мысленнем, высокаадукаваныя прадстаўнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, юрысты, навуковыя работнікі, вядомыя ў рэгіёнах прадпрымальнікі, палітыкі і грамадскія дзеячы.

"Парламент павінен стаць дыскусійнай пляцоўкай для дыялогу дэпутатаў з рознымі палітычнымі поглядамі, якія пры гэтым падзяляюць галоўныя прынцыпы: незалежнасць краіны, стабільнае развіццё і рост дабрабыту беларускага народа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што асноўная роля па асвятленні работы дэпутацкага корпуса і выкананых абяцанняў, а таксама будучых выбараў належыць сродкам масавай інфармацыі.

"Чарговы раз падкрэсліваю, што выбары - гэта экзамен для дзеючай улады, у першую чаргу на мясцовым узроўні. Менавіта на выканаўчай вертыкалі асаблівая адказнасць за палітычныя і эканамічныя працэсы ў рэгіёнах у перыяд электаральнай кампаніі. Стаўце задачы, мабілізуйце людзей, не адкладваючы вырашэнне пытанняў на восень. Трэба рабіць усё цяпер. Добра, што гэта работа пачалася і актывізавана пасля "Вялікай размовы". Трэба прадоўжыць яе", - рэзюмаваў беларускі лідар.


Тэгі: Нарады
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь