Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Нарада па аптымізацыі колькасці работнікаў дзяржорганаў

17 сакавіка 2017 года

Пры аптымізацыі ў дзяржапараце неабходна адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 сакавіка на нарадзе па пытанні аптымізацыі колькасці работнікаў дзяржаўных органаў.

"Адной з неабходных умоў для павышэння эфектыўнасці дзяржаўнай улады з'яўляецца пастаяннае ўдасканаленне кіраўніцкай сістэмы і яе механізмаў. Тут мы павінны дабівацца вынікаў, вядома ж, не колькасцю, а ўменнем. Не раздуваць бюракратычны апарат, а сістэмна фарміраваць кампактную структуру і эфектыўную мадэль кіравання, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Перш за ўсё нам трэба імгненна адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны. Кожны чалавек, які працуе ў дзяржаўных структурах, павінен мець перад сабой пэўную мэту і выконваць пэўныя задачы. Калі гэтыя людзі такім чынам загружаны, значыць, яны дадуць вынік".

Прэзідэнт падкрэсліў, што аптымізацыя - гэта не разавы працэс, прывязаны да пэўнай даты. Удаскальваць дзейнасць дзяржаўных органаў неабходна пастаянна.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на сутнасць аптымізацыі. Гэта не проста тэхнічнае скарачэнне штату работнікаў, а павышэнне якасці работы дзяржапарату ў цэлым. "Няправільна робяць тыя, хто бачаць у аптымізацыі функцыянавання дзяржаўных органаў толькі скарачэнне колькасці. Калі пойдзем гэтым шляхам, вялікага эфекту не дасягнём. Трэба паглядзець на ўсе працэсы, якія адбываюцца ў дзяржаўных органах краіны, - лічыць беларускі лідар. - На гэта, дарэчы, звяртае ўвагу і насельніцтва, калі мы праводзім сацыялагічныя апытанні. І, сустракаючыся на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур, я гаварыў аб тым, што нам трэба аптымізаваць працэсы. Ад гэтага мы можам атрымаць значна большы эфект".

На нарадзе было адзначана, што ў 2013 годзе ўжо былі зроблены пэўныя крокі. Цяпер неабходна прадоўжыць гэту работу, удзяліўшы больш увагі якасці ўсёй кіраўніцкай дзейнасці. "Таму Ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта было даручана прапрацаваць і ўнесці на разгляд сістэмныя прапановы. Галоўная мэта ў гэтай справе - пазбавіць дзяржаўныя органы ад дубліруючых і неўласцівых функцый, а самае галоўнае - дэбюракратызаваць працэс прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У нас часта бывае, калі рашэнне прынята ўжо, у тым ліку і Прэзідэнтам, і яго трэба фармалізаваць, гэта значыць увасобіць у нейкі дакумент (указ, дэкрэт, распараджэнне, даручэнне). Тым не менш месяцамі будзем хадзіць адзін за адным, каб надаць гэтаму рашэнню адпаведную форму".

Прэзідэнт папярэдзіў, што хацеў бы дасканала і ўсебакова абмеркаваць прадстаўленыя прапановы па аптымізацыі дзейнасці дзяржорганаў, каб у далейшым былі прыняты правільныя рашэнні. "За гэтым стаяць канкрэтныя людзі. Трэба прызнаць, што ў цэлым (у сям'і, вядома, не без недахопаў) у дзяржаўных структурах працуюць самыя дасведчаныя, вопытныя і падрыхтаваныя людзі, ад якіх залежыць функцыянаванне дзяржавы. Па-наплявацельску ставіцца да гэтых людзей і рэзаць па жывым не трэба", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама было падкрэслена, што дзяржорганы невялікіх гарадоў, раёнаў, а таксама пасялковыя і сельскія саветы не маюць патрэбы ў скарачэннях. "Гэта яны самі паглядзяць. Калі нейкія паўтары стаўкі не патрэбны, яны скароцяць і дабавяць зарплаты іншым - гэта не забараняецца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Давайце ўзважана падыдзем да гэтых пытанняў і выпрацуем аптымальныя рашэнні, якія ўжо ў самы бліжэйшы час неабходна актыўна і без затрымак рэалізоўваць на практыцы. Хачу падкрэсліць, што ніякіх вузкаведамасных інтарэсаў, усё павінна быць падпарадкавана інтарэсам дзяржавы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў прадставіў праект указа аб аптымізацыі колькасць дзяржаўных органаў. Прэзідэнт у цэлым адобрыў дакумент і даручыў дапрацаваць указ на працягу года, каб у час яго выканання была вырашана галоўная задача аптымізацыі - стварэнне эфектыўнай мадэлі дзяржаўнага кіравання.

Таксама прынята рашэнне, што пытанні скарачэння колькасці супрацоўнікаў і змянення аплаты працы дзяржаўных служачых павінны ісці не ў адрыве ад працэсаў, што адбываюцца ў рэальным сектары эканомікі і ў іншых сферах дзейнасці, якія фінансуюцца з бюджэту.

Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь