Нарада па аптымізацыі Адміністрацыі Прэзідэнта

  • 1

Адміністрацыя Прэзідэнта павінна знаходзіцца ў авангардзе абнаўлення работы дзяржаўных органаў у Беларусі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 лютага на нарадзе па аптымізацыі Адміністрацыі Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час таму пры назначэнні кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта была пастаўлена задача спакойна, разумна і без кампанейшчыны рэфармаваць гэту структуру. "Як галоўны палітычны штаб Кіраўніка дзяржавы яна павінна быць у авангардзе абнаўлення работы дзяржаўных органаў, стаўшы прыкладам гэтага абнаўлення і аптымізацыі, якую мы пачалі", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у першую чаргу гэта неабходна для павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўнага апарату. "Меншымі сіламі можна і трэба вырашаць задачы на самых галоўных напрамках", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз абазначыў асноўныя патрабаванні па аптымізацыі Адміністрацыі. "Вы павінны выпрацоўваць і акумуляваць самыя перадавыя ідэі, якія вельмі патрэбны для развіцця нашай дзяржавы. Часам гэтых ідэй дастаткова ў нашым грамадстве. Апошняя размова - якраз сведчанне таго. Адміністрацыя павінна стаць маналітным экспертным цэнтрам, дзе выпрацоўваюцца ўзважаныя рашэнні па важнейшых для краіны пытаннях. І я чакаю ад яе кіраўніцтва зладжанай і дакладнай работы. Вы павінны быць адзінай камандай, каб веды, вопыт і энергія кожнага служылі агульнай справе", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка актуалізаваў даручэнні ў частцы прадаўжэння работы па дэбюракратызацыі. "Неабходны строгі кантроль за працэсам дэбюракратызацыі і імгненнае рэагаванне на змяненні сітуацыі ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай і іншых сферах. Ніводная праблема, якая хвалюе нашых грамадзян, не павінна застацца без вашай увагі, - сказаў беларускі лідар. - Ніякай цяганіны, ніякага скідвання, як гэта было ў савецкія часы і існуе часта сёння, скаргаў і заяў на імя Прэзідэнта, Адміністрацыі Прэзідэнта ўніз".

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць неабходным павысіць ролю памочнікаў Прэзідэнта ў каардынацыі работы з рэгіёнамі і з усімі галінамі ўлады. "Яны ў поўнай меры адказваюць перад Кіраўніком дзяржавы за сацыяльна-палітычную абстаноўку на месцах. А таксама абавязаны адсочваць сітуацыю ў кожным пункце Беларусі і даводзіць яе да ведама кіраўніцтва краіны, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу таксама трэба будзе ўдзяляць выканальніцкай дысцыпліне. "Задачы неабходна выконваць хутка, якасна, без цяганіны і лішніх папер, патрабуючы таго ж ад усёй вертыкалі ўлады. Калі мы ідзём на аптымізацыю і прадугледжваем вельмі сур'ёзнае скарачэнне, - узамен - самая строгая выканальніцкая дысцыпліна. Прынята рашэнне Прэзідэнтам або ў сферы вашых паўнамоцтваў - яно павінна няўхільна выконвацца. Толькі так мы можам захаваць кіруемасць у дзяржаве", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць прадоўжыць удасканаленне нацыянальнай ідэалогіі. "Гэта адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве і аснова для далейшага развіцця. Важна адмовіцца ад усяго паказушнага і надуманага. Ні ў якім выпадку не павінна быць нейкіх фармальных і непатрэбных мерапрыемстваў", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў ідэалагічнай рабоце неабходна дзейнічаць па прынцыпе "лепш менш, ды лепей". "Фармалізму быць не павінна", - падкрэсліў ён.

У сферы эканомікі Адміністрацыя Прэзідэнта павінна змяніць узровень экспертызы прапаноў, што ўносяцца на разгляд Кіраўніка дзяржавы. "Ваша задача - глыбокі аналіз усіх ініцыятыў і праектаў рашэнняў з улікам іх адпаведнасці сацыяльнай палітыцы, праводзімай дзяржавай. Ацэнка ўплыву перш за ўсё на чалавека і на эканамічнае развіццё краіны ў цэлым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў працэсе прыняцця і выпрацоўкі рашэнняў у Адміністрацыі Прэзідэнта па кожным напрамку павінна прыцягвацца на грамадскіх пачатках пэўнае кола экспертаў. Неабходна таксама прааналізаваць, наколькі эфектыўна працуюць арганізацыі, падпарадкаваныя Адміністрацыі Прэзідэнта.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў работу прэс-службы Прэзідэнта. "Не абавязкова мець у прэс-службе 15-20 чалавек. Дастаткова траіх-пяцярых дасведчаных, разумных, талковых арганізатараў, якія падключаць для вырашэння пытанняў, што стаяць перад прэс-службай, усе сродкі масавай інфармацыі, якія ў нас ёсць, прэс-цэнтр і іншыя падраздзяленні і структуры", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы выказаў крытычныя заўвагі адносна эфектыўнасці работы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. "Туды павінны трапляць толькі перспектыўныя будучыя дзяржаўныя служачыя, якія заўтра будуць запатрабаваны, - сказаў беларускі лідар. - А вы прааналізуйце, колькі там людзей атрымалі адукацыю, якія заўтра наогул на пенсію ідуць. Яны як былі на гэтых пасадах, так і засталіся. Навошта мы туды іх накіроўваем, які сэнс у гэтым?"

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адукацыйны працэс у Акадэміі кіравання не павінен быць расцягнутым, аднак будучы кіраўнік павінен атрымліваць максімум неабходных ведаў. "Адбор у Акадэмію кіравання з гэтага года павінен быць пастаўлены на самы высокі ўзровень. Можа, нават як мы назначаем кадры, з улікам рэкамендацый. З кадравага рэестра або ж па вертыкалі - райвыканкам, аблвыканкам і іншыя органы вызначыць, якія будуць накіроўваць туды людзей і несці за гэта адказнасць", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў нараканні ў адрас Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта, які павінен быць лепшым экспертным і аналітычным цэнтрам у краіне. Аналагічна Кіраўнік дзяржавы не задаволены і работай Нацыянальнага прэс-цэнтра.

Прэзідэнт дадаў, што ўсе адпаведныя структуры павінны быць арганічна ўключаны ў працэсы выпрацоўкі рашэнняў, якія зыходзяць з Адміністрацыі, а таксама ўдзельнічаць ва ўнясенні задум і розных ідэй.

"Мае патрабаванні да аптымізацыі дзяржапарату нязменныя. Неабходна бесперапыннае кадравае абнаўленне. У гэтай сферы павінны застацца толькі тыя, у каго гараць вочы, хто хоча працаваць і прыносіць карысць дзяржаве. Іншага не дадзена, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дэбюракратызацыя, ідэалагічная і кадравая палітыка, эканамічная экспертыза, прававы напрамак у рабоце Прэзідэнта з'яўляюцца важнейшымі".

Кіраўнік дзяржавы назваў недапушчальным, калі яму на подпіс прыносяць дакументы, якія не былі належным чынам вывераны на экспертным узроўні. "Праз паўгода-год вы зноў мне несяце дапаўненні і змяненні да нарматыўна-прававых актаў. Гэта сведчыць аб тым, што вы прапанавалі Прэзідэнту падпісаць нейкі акт, а жыццё яго не запатрабавала", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Прайшла "Вялікая размова з Прэзідэнтам" - Прэзідэнт заўважыў галоўнае: не чакайце нарматыўна-прававых актаў. Сказана Прэзідэнтам - заўтра павінна быць выканана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Вынікам нарады стала рашэнне аб аптымізацыі ў Адміністрацыі Прэзідэнта 30% ад колькасці дзяржаўных служачых. Гэтыя меры створаць умовы для павышэння зарплат дзяржслужачым, якія засталіся ў штаце. Пры гэтым аптымізацыя, пазбаўленне ад непатрэбных функцый і ўдасканаленне работы ў першую чаргу нацэлены на эфектыўнае вырашэнне задач, якія павінны быць галоўнымі ў рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта.

Аптымізацыя ў Адміністрацыі фактычна павінна адбыцца з 1 мая, калі ўступіць у дзеянне адпаведны Указ. Але гэта толькі першы крок у рабоце па скарачэнні штатнай колькасці дзяржаўных органаў па ўсёй краіне.