Нарада па актуальных пытаннях развіцця эканомікі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе ўрад на дасягненне больш высокіх паказчыкаў росту эканомікі, чым гэта запланавана асноўнымі дакументамі развіцця Беларусі на 2015 год. Такую задачу ён паставіў 11 снежня на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця эканомікі.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на наступны год сфарміраваны Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі і зацверджаны важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. "Паказчыкі росту невысокія. Але хачу папярэдзіць, што гэта ніжняя планка. Мы не павінны арыентавацца на паўпрацэнта або працэнт росту. Калі ў нас будзе хоць самая малая магчымасць, мы ў росце павінны дабаўляць", - сказаў Прэзідэнт.

    Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для яго няважна, будзе ўрад прытрымлівацца рэкамендацый Сяргея Румаса або Пятра Пракаповіча: "Для мяне гэта няважна - павінен быць рост!"

    Прэзідэнт таксама запатрабаваў далажыць, як ідуць справы з экспартам. "Для таго, каб добра жыць, трэба прадаваць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Якія дадаткова трэба прыняць меры для таго, каб на пачатак года больш-менш выглядаць дастойна і па складскіх запасах, і па атрыманні валюты ў краіну? Хоць у цяперашняй сітуацыі, учора і прэм'ер Расіі аб гэтым гаварыў, свет яшчэ не выйшаў з гэтай рэцэсіі, за выключэннем некалькіх дзяржаў. Тым не менш, нам ад гэтага не лягчэй, нам трэба жыць і працаваць. Якая сітуацыя ў гэтым плане?"

    Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама канфліктную сітуацыю з абмежаваннем паставак беларускіх прадуктаў харчаванняў у Расію.

    "Калі вы заўважылі, у тых жа расійскіх сродках масавай інфармацыі зноў пачынаюцца папрокі ў наш адрас, і асабліва ў мой, што вось Лукашэнка даводзіць сітуацыю да самага верху. Павінен сказаць, што гэтыя прыкормленыя палітолагі і журналісты (ад іх чакаць наогул няма чаго) дрэнна слухалі таго ж Лукашэнку, калі ў папрок свайму ўраду я паставіў роўна гэта, што праблему вывелі на самы высокі ўзровень", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Хачу падкрэсліць, што нам абсалютна не трэба выводзіць ні на якія ўзроўні тую або іншую праблему ўзаемаадносін, асабліва з Расійскай Федэрацыяй. Таму што гэта нам проста нявыгадна, нам гэта не патрэбна. І самае галоўнае - не мы былі прычынай такога канфлікту, - адзначыў Прэзідэнт. - Усе ж этапы былі пройдзены, пачынаючы ад перагавораў з пятровымі, івановымі, данквертамі, з урадам Расійскай Федэрацыі, ну, апошняя ўжо ступень - прэзідэнты".

    "Таму папракаць беларусаў няма чаго ў тым, што гэты скандал, калі яго можна так назваць, узнік. Але гэта не першы раз", - сказаў Прэзідэнт.

    "Я хацеў бы параіць разумным расійскім палітолагам і журналістам шукаць прычыну не ў Беларусі, а шукаць яе недзе там, у Маскве. Але гэта іх праблема", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўрада, адзначыў, што хацеў бы пачуць, як выконваецца яго распараджэнне аб вырашэнні гэтай сітуацыі, а таксама наколькі былі абгрунтаваны ўстаноўленыя расійскім бокам абмежаванні. "Для таго, каб мець больш грошай і золатавалютных рэзерваў, трэба больш прадаваць і менш купляць. Гэта простая формула, але для нас яна вельмі важная", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў сувязі з гэтым хацеў бы пачуць інфармацыю аб сітуацыі на расійскім рынку ў сувязі з дэвальвацыяй рубля. Акрамя таго, Прэзідэнт пацікавіўся падрабязнасцямі праведзенага напярэдадні пасяджэння Савета ЕЭК, прынятымі на ім рашэннямі, іх рэалізацыяй.

    Кіраўнік дзяржавы закрануў яшчэ адну тэму - ратыфікацыю Арменіяй дагавора аб далучэнні да ЕАЭС. Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што яму два дні таму пазваніў Прэзідэнт Арменіі і паведаміў аб тым, што яны ратыфікавалі гэты дагавор і цікавіўся, як ідуць справы ў Беларусі і як беларускі бок мае намер у гэтым плане дзейнічаць. "Я сумленна Сержу Азатавічу сказаў, што мы не бачылі ў гэтым ніякіх праблем", - адзначыў беларускі лідар. Ён папрасіў праінфармаваць удзельнікаў нарады і па гэтым пытанні.

    На нарадзе ўрад, Нацыянальны банк і Адміністрацыя Прэзідэнта далі ацэнку бягучай сітуацыі, якая складваецца на знешніх рынках.

    Паводле слоў Кірыла Рудага, "асаблівая ўвага была ўдзелена расійскаму рынку, дзе склалася часовая сітуацыя, калі курс расійскага рубля змяняецца хутка, а цэны за ім не паспяваюць". Безумоўна, гэта ўплывае на беларускіх экспарцёраў. Пры гэтым Кірыл Руды звярнуў увагу, што ў Беларусі доля экспарту ў Расію складае ўсяго 40%. "У прынцыпе, як дакладвае ўрад, сітуацыя кантралюемая. Больш таго, за дзесяць месяцаў гэтага года скараціліся дэбіторская запазычанасць і запасы гатовай прадукцыі на складах. Скарачэнне склала каля $1 млрд", - сказаў ён.

    "Гэта сітуацыя часовая на расійскім рынку, і чакаецца, што, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час у Расіі можа адбыцца інфляцыйны ўсплёск, і гэта дасць магчымасць часткова кампенсаваць тыя цяжкасці, якія ўзніклі ў экспарцёраў", - адзначыў памочнік Прэзідэнта Беларусі.

    Па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы даў шэраг даручэнняў у сувязі з бягучай сітуацыяй. У прыватнасці, Прэзідэнт запатрабаваў больш актыўна дыверсіфікаваць экспарт. Адпаведныя задачы пастаўлены ўраду, Міністэрству замежных спраў, пасольствам і іх гандлёва-эканамічным службам. Як адзначыў Кірыл Руды, бізнес пачынае і сам рабіць пэўныя захады ў гэтым напрамку. Так, за студзень - верасень гэтага года тэмпы росту экспарту Беларусі ў трэція краіны (не ў Расію) перавышаюць як мінулагоднія паказчыкі, так і тэмпы росту гандлю ў Расію. "Тут роля ўрада заключаецца ў аказанні своечасовай падтрымкі, каб гэты рух падхапіць і дапамагчы перанакіраваць гандлёвыя патокі ў больш выгадныя краіны", - сказаў памочнік Прэзідэнта.

    Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу па зніжэнні сабекошту на дзяржпрадпрыемствах і ў цэлым у дзяржапараце.