Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада аб выніках праверкі дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю

16 снежня 2016 года

У Беларусі неабходна стварыць аптымальную сістэму кантрольнай дзейнасці на чале з КДК, а самі кантралюючыя органы ў сваёй рабоце павінны дзейнічаць акуратна і справядліва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 снежня на нарадзе аб выніках праверкі дзейнасці Камітэта дзяржкантролю.

Прэзідэнт адзначыў, што кантраляваць расходы бюджэту і выкарыстанне дзяржмаёмасці аб'ектыўна неабходна і гэта адна з важнейшых функцый дзяржавы. "Але трэба дзейнічаць акуратна і справядліва. Пакаранне пакаранню не роўнае - ад заўвагі да буйных штрафных санкцый і крымінальных спраў. Але калі мы бачым памылкі, дробныя парушэнні, то гэтыя штрафы і пакаранні не павінны весці да краху або ліквідацыі прадпрыемстваў, якія гадамі папаўнялі бюджэт падаткамі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Трэба дзейнічаць па-дзяржаўнаму! Гэта датычыцца ўсіх кантралюючых органаў, а Камітэта дзяржкантролю ў першую чаргу. Паколькі ён надзелены шырокімі паўнамоцтвамі па ажыццяўленні кантрольнай, фіскальнай, праваахоўнай дзейнасці і фінансавай разведкі, - адзначыў Прэзідэнт. - Бяздумны падыход у рабоце кантралёраў недапушчальны ў прынцыпе".

"Утойваць не буду, асобныя факты, выкладзеныя ў матэрыялах праверкі, выклікаюць у мяне сур'ёзную заклапочанасць: прыпіскі, справакаваныя адсутнасцю самакантролю, карупцыйныя праявы ў дзейнасці супрацоўнікаў дзяржкантролю, павярхоўнае стаўленне да справы і гэтак далей, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Хачу сказаць галоўнае - падрываць свой аўтарытэт органам дзяржкантролю нельга ні ў якім выпадку. Інакш мы страцім кантроль над важнейшымі напрамкамі развіцця краіны".

Праверка эфектыўнасці работы органаў дзяржаўнага кантролю праводзілася міжведамаснай групай пад кіраўніцтвам Генеральнага пракурора па даручэнні Прэзідэнта Беларусі.

"У Беларусі няма закрытых тэм і быць не можа. Усе знаходзяцца перад законам у роўных умовах. Таму перыядычна мы разглядаем работу вышэйшых службовых асоб і напрамкі дзейнасці, якія яны ўзначальваюць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Назначаючы гэтыя праверкі, я хачу зразумець, наколькі аптымальнай з'яўляецца цяперашняя схема размеркавання функцый паміж дзяржаўнымі органамі і ці эфектыўна гэтыя функцыі рэалізуюцца".

На нарадзе ў прыватнасці ўзнімаліся пытанні ўдасканалення кадравай работы і статыстычнай справазднасці ў кантралюючых органах. Ім таксама неабходна сканцэнтравацца на прыярытэтных напрамках, удзяляючы галоўную ўвагу не колькасным, а якасным паказчыкам.

Асноўны вынік нарады - у Беларусі неабходна сфарміраваць стройную і аптымальную сістэму кантралюючых органаў на чале з КДК. У сувязі з гэтым дадзена яшчэ адно адно даручэнне - прааналізаваць існуючыя нормы і патрабаванні і ўнесці неабходныя карэкціроўкі, каб выключыць залішнія праверкі бізнесу і прадпрыемстваў. Звернута ўвага і на стыль работы кантралюючых органаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама даў канкрэтнае даручэнне па пытанні ўдасканалення працэсу дзяржзакупак, у першую чаргу ў частцы выключэння магчымасцей для дагаворных тэндараў. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць і рэалізацыі буйных інвестпраектаў.

Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь