Нарада аб удасканаленні заканадаўства па барацьбе з карупцыяй

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць адзіны нарматыўна-прававы акт аб барацьбе з карупцыяй з улікам прапанаваных новаўвядзенняў і вынесці яго на разгляд грамадскасці. Адпаведнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў 31 ліпеня на нарадзе аб удасканаленні заканадаўства па барацьбе з карупцыяй.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што традыцыйна найбольш важныя нарматыўна-прававыя акты разглядаюцца на самым высокім узроўні з прыцягненнем экспертаў. Ужо не першы раз вядзецца размова аб тым, як эфектыўна процідзейнічаць такому сацыяльнаму злу, як карупцыя.

"Лічу, няма неабходнасці тлумачыць, якую небяспеку нясе карупцыя. Яе нездарма лічаць адной з найбольш значных пагроз нацыянальнай бяспецы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, карупцыйныя працэсы могуць разбурыць любую, самую дасканалую сістэму - сацыяльную і эканамічную. Выклікаемая імі дыспрапорцыя ў даходах карумпіраванай і законапаслухмянай частак насельніцтва заканамерна становіцца падставай для нарастання грамадскага пратэсту.

"Злачынныя дзеянні нячыстых на руку кіраўнікоў выклікаюць страту даверу да органаў улады, ускладняюць функцыянаванне грамадскіх механізмаў, перашкаджаюць рэалізацыі ў краіне інвестыцыйных праектаў, сур'ёзна ўплываюць на эканамічныя сістэмы суб'ектаў гаспадарання, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму любая спроба вырашыць свае "шкурныя" пытанні, урваўшы штосьці ў дзяржавы або дзейнічаючы ў абход афіцыйных працэдур праз нейкія сувязі, паднашэнні патрэбным людзям, адкаты, распілы і паборы, павінна карацца без аглядкі на чыны, званні і былыя заслугі правапарушальніка".

Пры гэтым, паводле яго слоў, важна разумець: карупцыя - гэта не толькі хабар, які ва ўсіх на слыху. Карупцыйныя схемы шматлікія і дасканалыя, яны выяўляюцца ў самых розных сферах дзейнасці і пастаянна змяняюцца ў залежнасці ад жыццёвых рэалій.

Як лічыць Прэзідэнт, гэта абавязвае эфектыўна рэагаваць на ўсе ўзнікаючыя карупцыйныя рызыкі і пагрозы. "І, я думаю, нам цалкам пад сілу вытравіць са свядомасці некаторых людзей прагу да незаконнай нажывы і стварыць такія ўмовы, якія прымусяць усялякага любіцеля лёгкіх грошай моцна задумацца: а ці вартая аўчынка вырабу?" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Прынамсі, тыя сядзельцы, якія адбылі або адбываюць адпаведныя тэрміны, дакладна адказваюць на гэта пытанне - не вартая аўчынка вырабу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што адна з важнейшых роляў у фарміраванні нацыянальнай сістэмы барацьбы з карупцыяй адводзіцца яго якаснаму прававому забеспячэнню. Заканадаўства ў гэтай сферы павінна максімальна ўлічваць як напрацоўкі айчынных праваахоўных органаў, так і лепшыя міжнародныя практыкі.

"Азнаёміўшыся з гэтымі дакументамі, я падумаў: ці дастаткова мы, чарговы раз змяняючы і папраўляючы адпаведныя нарматыўна-прававыя акты, ахопліваем гэту сферу злачынстваў, ці дастаткова поўна мы забяспечваем законамі, нарматыўна-прававымі актамі наогул гэту сферу дзейнасці праваахоўных органаў? - задаў пытанне Прэзідэнт. - Не хацелася б праз месяц - другі зноў вяртацца да гэтага і ставіць пытанне аб узмацненні праз прыняцце якіх-небудзь дадатковых норм і правіл".

"У канцы мінулага года мы з вамі вызначыліся, якія менавіта карэкціроўкі заканадаўства па барацьбе з карупцыяй нам яшчэ неабходныя. Вынікам работы па замацаванні адпаведных падыходаў стала падрыхтоўка Генеральнай пракуратурай сумесна з іншымі органамі праектаў закона і ўказа Кіраўніка дзяржавы, - адзначыў Прэзідэнт. - Сёння трэба прааналізаваць, наколькі дзейсна навацыі, прадугледжаныя гэтымі праектамі, змогуць "падарваць" зацікаўленасць ва ўчыненні карупцыйных злачынстваў".

У прыватнасці, прапануецца ўвесці механізм больш дэталёвага кантролю за даходамі і маёмасцю службовых асоб, якія займаюць адказнае становішча, і іх сваякоў. "Народ павінен ведаць, як жывуць чыноўнікі і іх сваякі, адкуль грошы і ўласнасць у гэтых людзей, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта, па-мойму, нармальная міжнародная практыка".

Плануецца таксама замацаваць магчымасць адабрання вартасці маёмасці службовай асобы, якая яўна перавышае даходы, атрыманыя з законных крыніц. "Калі выявілі, што чыноўнік жыве не па даходах, значыць, тая частка маёмасці, якая здабыта несправядлівым шляхам, падлягае канфіскацыі", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

У ліку іншых прапанаваных мер - абмежаванне права на пенсійнае забеспячэнне дзяржслужачых, а таксама ваеннаслужачых, якія ўчынілі цяжкія і асабліва цяжкія карупцыйныя і іншыя злачынствы. Акрамя таго, для забеспячэння чыстаты кіраўніцкага апарату прапануецца ўстанавіць забарону на прыём на дзяржслужбу асоб, якія ўчынілі злачынствы пэўнай катэгорыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хоча пачуць ад удзельнікаў нарады, наколькі эфектыўна будзе дзейнічаць механізм рэалізацыі такіх мер на практыцы і ці дастаткова іх. "Мы павінны быць цвёрда ўпэўнены ў тым, што даём у рукі правапрымяняльнікаў менавіта тыя дадатковыя інструменты, якіх так не хапае", - адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён нагадаў, што нельга ўпусціць якія-небудзь моманты і вяртацца да іх у далейшым, калі такая магчымасць ёсць сёння.

Па выніках абмеркавання прапанаваных новаўвядзенняў Кіраўнік дзяржавы даручыў падрыхтаваць адзіны нарматыўна-прававы акт па барацьбе з карупцыяй. "Выносячы гэта пытанне на абмеркаванне на такім узроўні, я меў на ўвазе неабходнасць пачаць сур'ёзны працэс па рэфармаванні заканадаўства па барацьбе з карупцыяй, - адзначыў Прэзідэнт. - Павінен быць падрыхтаваны адпаведны закон як адзінае цэлае з улікам дапаўненняў для апублікавання ў СМІ. Збяром усе прапановы, якія ўнясуць людзі, і, можа, нешта дапоўнім, каб гэты нарматыўна-прававы акт быў на сённяшні дзень найбольш поўным, аб'ектыўным і адэкватным".

"Гэта будзе стары закон з дапаўненнямі і навеламі. Але майце на ўвазе, што мы сёння абмеркавалі гэту праблему не апошні раз, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Таму тэрмінова з улікам вашых дапаўненняў выносьце закон на суд грамадскасці. І чакайце ад мяне публічнай крытыкі, тыя, хто гэта распрацоўваў і ўносіў, калі я прачытаю дадаткова ўнесеныя прапановы. Я буду лічыць, што вы спецыяльна абышлі некаторыя карупцыйныя праявы і не прапісалі меры барацьбы з імі. Майце гэта на ўвазе. Праз тыдзень гэты закон павінен быць у мяне на стале для апублікавання".

Прэзідэнт таксама даручыў прадугледзець мерапрыемствы па інфармаванні грамадскасці аб новаўвядзеннях у барацьбе з карупцыяй. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што няведанне законаў ні ў якім разе не вызваляе ад адказнасці. "Гэта ў многім справа кожнага чалавека, кожнага чыноўніка. Упэўнены, што нават той чыноўнік, які дакладна не ведае кожнай коскі ў адпаведным нарматыўна-прававым акце, разумее, дзе тая рыса, якую нельга пераступаць", - лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка перасцярог чыноўнікаў і ад ілюзій аб магчымасці ўтойвання таго ці іншага злачынства. "Паверце, тайнай нічога быць не можа. Хтосьці недзе шэптам камусьці скажа. У мяне дастаткова каналаў для атрымання інфармацыі. І будзьце ўпэўнены, што я імгненна дам ход гэтай інфармацыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт у прыватнасці заявіў аб недапушчальнасці лабіравання чыноўнікамі інтарэсаў нейкіх пэўных прыватных структур. "Я ўжо сказаў па лабіраванні пэўных прыватных структур. Гэта звязана і з пасрэдніцтвам. Літасці ўраду за гэта не будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адносна пасрэдніцтва Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб пытанні, якое было абазначана ў час яго нядаўняй рабочай паездкі ў Мінскі раён. Тады Прэзідэнт даручыў праверыць празрыстасць пры закупках прадукцыі для патрэб сельскай гаспадаркі. "Няўжо пры вялізных закупках, калі гэта ажыццяўляе дзяржава, дзе можна зрабіць скідку ў цане, напрамую будзе даражэй, чым паставіць які-небудзь пасрэднік?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб узроўні матэрыяльнага забеспячэння беларускіх чыноўнікаў, Прэзідэнт прызнаў, што ў гэтым пытанні яны могуць уступаць сваім калегам з некаторых іншых краін. "Але ніхто не бедны", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Пакуль я Прэзідэнт, я не магу вам прапанаваць іншае, чым ёсць цяпер. У нас няма лішніх грошай, няма нафты, газу. У нас народ жыве сваімі мазалямі і за сваю капейку. Таму калі нехта хоча многа атрымліваць, прытым хуткія, шалёныя грошы, тады трэба ісці ў іншую сферу", - сказаў ён.

"Я патрабую аднаго - не крадзьце ў дзяржавы. Калі вы будзеце абдзіраць уласны народ, літасці не чакайце. Выкарыстоўваць пасаду для таго, каб падтрымаць нейкія інтарэсы жулля, якое вакол вас ходзіць, недапушчальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Трэба імгненна "ссякаць" галаву тым, хто сёння карыстаецца пасадамі, а таксама іх дзеці і сваякі. Трэба падумаць, ці варта дазваляць дзяржслужачаму, каб яго сваякі займаліся бізнесам наогул", - сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт таксама даручыў ураду неадкладна прыняць меры для недапушчэння неабгрунтаванага росту зарплат сярод кіраўніцтва прадпрыемстваў. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, на асобных прадпрыемствах выяўлены факты, калі рост зарплат кіраўнікоў не адпавядае тэмпам росту прадукцыйнасці працы. "Што датычыцца заработнай платы, гэта апошняя размова на такую тэму. Неадкладна прыміце нарматыўна-прававы акт, каб гэты дырэктарскі корпус атрымліваў столькі, колькі заслугоўвае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

"Сапраўды абсурд: на "Камволі" - прадпрыемстве, якое сёння "куляецца", - дырэктар атрымлівае зарплату большую за $2 тыс. Ён наогул павінен без зарплаты хадзіць, - рэзка адрэагаваў Кіраўнік дзяржавы. - Як можна атрымліваць $2,5-3 тыс., а можа, і ўсе $5 тыс. з даплатамі, калі ў цябе рабочыя атрымліваюць $300-$500".

Кіраўнік дзяржавы даручыў Камітэту дзяржкантролю ў пытаннях барацьбы з карупцыяй удзяліць асаблівую ўвагу менавіта дырэктарскаму корпусу прадпрыемстваў. "Усё залежыць ад кіраўніка прадпрыемства. Калі дырэктарскі корпус будзе крыштальна чыстым, мы выкаранім карупцыю", - упэўнены беларускі лідар.

Асобныя даручэнні ў частцы недапушчэння неабгрунтаванага завышэння даходаў Прэзідэнт даў і ў адносінах да банкаўскай сферы. "Прывядзіце ўсё ў адпаведнасць у банкаўскай сістэме, не гледзячы на нейкія акружэнні і рыначныя рэформы. Вы ім давядзіце дакладна: крэдытаў пад жыллё - столькі, ваша зарплата і грашовыя даходы - столькі, бонусаў няма. Для ўсіх", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца магчымых папрокаў у сувязі з гэтым, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Мы жывём і ствараем парадак у сваёй краіне".

У цэлым Прэзідэнт падкрэсліў, што ні перад чым не спыніцца ў барацьбе з карупцыяй, у тым ліку сярод службовых асоб высокага ўзроўню: "Я ні перад чым не спынюся. Няхай мяне лепш застрэляць або павесяць, чым я тут адступлю".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, самае страшэннае, калі ў карупцыйныя дзеянні будуць уключаны службовыя асобы высокага ўзроўню, і тым самым любыя намаганні і мерапрыемствы па барацьбе з гэтымі праявамі будуць выглядаць смешнымі ў вачах грамадзян.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым заўважыў, што пытанні аб узмацненні барацьбы з карупцыяй узнімаюцца зусім не таму, што нібыта пачалася перадвыбарная кампанія, як гэта каменціруюць у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы. "Мне няма неабходнасці акцэнтаваць на гэтым увагу", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб тым, якія наступствы выклікаў разгул карупцыі ў шэрагу краін, у тым ліку ў суседняй Украіне. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, калі эфектыўна не змагацца з гэтым відам злачыннасці, то на пэўным этапе цяперашняя ўлада стане непрымальна для народа, аналагічна таму, як гэта адбылося да першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.