Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада аб удасканаленні спагнання платы за допуск да дарожнага руху

16 лістапада 2020 года

Удасканаленне спагнання платы за допуск да дарожнага руху абмяркоўвалася 16 лістапада на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па адпаведным пытанні да гэтага часу не выпрацавана канчатковае рашэнне. Новыя падыходы да выплаты дарожнага збору планавалася разгледзець на нарадзе. "Сёння мы не будзем разглядаць ніякіх падыходаў да ўдасканалення гэтага парадку, як і шэраг пытанняў, якія вынікаюць з такіх тэм", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Народ, грамадства хочуць перамен, і яны замнуліся на Прэзідэнце і яго паўнамоцтвах. Як выхад з гэтага - змяненні ў Канстытуцыю. Мы нядаўна дамовіліся з кіраўніцтвам парламента, што для таго, каб працэнтаў на 70-80 паўнамоцтвы Прэзідэнта перадаць парламенту, Ураду, іншым структурам, Канстытуцыю ламаць не трэба. Таму ўсе пытанні, якія вы вынеслі на сотні старонак Прэзідэнту, ляжаць у плоскасці парламента і Урада. Вось давайце іх і вырашайце, як у цывілізаваным грамадстве: Урад прапрацоўвае гэтыя пытанні з улікам усіх акалічнасцей, бачачы дзіркі ў бюджэце, калі яны ёсць, з падачы МУС, КДБ, губернатараў, мясцовых органаў улады абмяркоўвайце і дэбатуйце ў парламенце, на ўзроўні законаў прымайце рашэнні і ўносьце закон для падпісання Прэзідэнту, - прапанаваў новы механізм работы Кіраўнік дзяржавы. - Таму я і сказаў, што гатовы вас слухаць (гэта вельмі важнае пытанне), але прымаць рашэнне будзеце вы".

Прэзідэнт нагадаў, што мэта спагнання дзяржаўнай пошліны за допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху - прыцягнуць усіх карыстальнікаў дарог да фінансавання іх утрымання. Агульная працягласць дарожнай сеткі ў Беларусі дасягае амаль 90 тыс. км, а шчыльнасць - адна з самых высокіх на прасторы СНД.

"Дарэчы, за апошнія 10 гадоў на рамонт і ўтрыманне дарог мы ўбухалі больш як 10 мільярдаў рублёў, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Але ў адрозненне ад суседніх краін нават буйнейшыя скорасныя магістралі мы не зрабілі платнымі для беларускіх легкавых аўтамабіляў".

У Беларусі зарэгістравана больш як 4,5 млн транспартных сродкаў. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у створаных умовах аўтамабілісты цудоўна разумеюць: каб ездзіць па добрых дарогах, патрэбны грошы на іх утрыманне. "Як вы мне дакладваеце (Урад перш за ўсё), вывучэнне грамадскага меркавання таксама пацвярджае, што неабходнасць удзелу ў суфінансаванні рамонту і будаўніцтва дарог спрэчак не выклікае. Іх выклікае сам механізм выплаты", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Так званы дарожны збор дзейнічае ў краіне з 2014 года. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, людзі лічаць, што характар спагнання гэтай пошліны не ўлічвае інтэнсіўнасць выкарыстання транспартнага сродку, а значыць, і частату эксплуатацыі дарог. Іншымі словамі, аднолькава плаціць і той, хто намотвае дзясяткі тысяч кіламетраў у год, і пенсіянер, які ў сезон раз у тыдзень ездзіць на дачу.

"Таму нам трэба вызначыцца па ключавым пытанні: як абнавіць існуючы парадак, зрабіўшы яго справядлівым, каб прапанаваць людзям зразумелы, камфортны і, наколькі гэта магчыма, незатратны спосаб удзелу ў падтрыманні якасці і развіцці нашых дарог, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта значыць, мы можам загнуць такую цану, што людзі проста плаціць не змогуць. Таму зразумела, што трэба ўстанавіць справядлівы парадак. З іншага боку - каб чалавек, прытрымліваючыся гэтага справядлівага крытэрыя, мог нешта плаціць. Мы ж не можам у чалавека адабраць палову яго даходаў або апошнія грошы".

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу: канчатковае рашэнне па гэтым пытанні павінна прымацца на ўзроўні Урада і парламента. "Вось і ўсё размеркаванне паўнамоцтваў у гэтым пытанні. Далей - больш: да Усебеларускага народнага сходу я абяцаю вам размеркаваць паўнамоцтвы сумленна, справядліва, не адыходзячы ад адказнасці. Вострых пытанняў для грамадства ў нас няшмат: мы прынялі ўжо ўсякія рашэнні. І вы цудоўна ведаеце, што прымаў іх у асноўным Прэзідэнт, падстаўляючы сябе пад вострую крытыку грамадства. Але я разумеў, што без іх краіны быць не можа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як вядома, раней прапаноўваліся два варыянты новага механізма выплаты дарожнага збору. Першы прадугледжвае адмяніць дзеючую дзяржпошліну і ўзамен яе ўвесці новы збор або падатак, але ўжо без прывязкі да праходжання тэхагляду. Адначасова з'явіцца магчымасць заплаціць за месяц, два або год: менавіта за той перыяд, на працягу якога вадзіцель плануе выкарыстоўваць свой транспартны сродак. Кантраляваць гэта прапануецца з дапамогай маштабнай інфармацыйнай сістэмы фота- і відэакамер, а таксама работнікаў транспартнай інспекцыі, органаў унутраных спраў і судовых выканаўцаў.

Другі варыянт выплаты дарожнага збору таксама мае на ўвазе адмену існуючай дзяржпошліны, але пры гэтым расходы на ўтрыманне дарог прапануецца ўключыць у кошт паліва.

Тэгі: Нарады
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь