Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада аб стратэгіі развіцця нафтаперапрацоўчай галіны

1 чэрвеня 2017 года
Нарада аб стратэгіі развіцця нафтаперапрацоўчай галіны
глядзіце таксама: відэа
1 чэрвеня 2017 года
Нарада аб стратэгіі развіцця нафтаперапрацоўчай галіны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў пераадолець спад у нафтаперапрацоўцы. Аб гэтым ён заявіў 1 чэрвеня на нарадзе аб стратэгіі развіцця галіны.

"Няма неабходнасці яшчэ раз гаварыць аб важнасці гэтага пытання. Некалі я ўжо гаварыў, што гэта пытанне блізкае незалежнасці нашай дзяржавы. Мы павінны зрабіць усё, каб забяспечыць энергетычную незалежнасць і бяспеку Беларусі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны выпрацаваць план дзеянняў па вывядзенні нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў з існуючай дрэннай сітуацыі".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што нафтаперапрацоўка - гэта стратэгічная галіна краіны, доля якой у прамысловасці складае больш за 13%, а ў экспарце - амаль 17%. "Тым не менш, яе ўклад у беларускую эканоміку, на жаль, зніжаецца. Дабаўленая вартасць нафтаперапрацоўкі ў ВУП у 2016 годзе складае ўсяго паўпрацэнта. Уклад двух нафтаперапрацоўчых заводаў супастаўны, напрыклад, з такой кампаніяй, як "Белтэлекам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у 2016 годзе з'явілася негатыўная тэндэнцыя ў знешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі, сальда па выніках бягучага года ацэньваецца як адмоўнае. "Такая сітуацыя выклікае сур'ёзныя апасенні. Нафтаперапрацоўка з флагмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну", - адзначыў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ва ўдасканаленне і мадэрнізацыю НПЗ укладзены немалыя грошы, а належнай аддачы да гэтага часу няма. На запланаваную ў 2015 годзе глыбіню перапрацоўкі нафты больш за 90% на сённяшні дзень так і не ўдалося выйсці.

Прэзідэнт канстатаваў, што на зніжэнне эфектыўнасці работы аб'ектыўна паўплывала сусветная кан'юнктура, значнае падзенне цэн на нафту. Разам з тым маюць месца і пралікі па вызначэнні стратэгіі развіцця галіны, адсутнасць дакладнай праграмы дзеянняў Урада па гэтым пытанні.

"Некампетэнтная падрыхтоўка праектаў, няправільнае размеркаванне сіл і сродкаў прывялі да павелічэння кошту і тэрмінаў будаўніцтва (па асобных праектах аж да пяці гадоў). Выклікае сумненне, што ў дэкларуемым 2019 гдзе мы канчаткова завершым мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што айчынныя прадпрыемствы аказаліся не гатовы працаваць у новых умовах сусветных цэн на нафту, хоць павінны былі дзейнічаць на апярэджанне. "А цяпер "Нафтан" ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы", - заўважыў ён.

Перад удзельнікамі нарады Прэзідэнт паставіў шэраг ключавых пытанняў: якая эканамічная сітуацыя на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах і што чакаецца па выніках года, якой бачыць Урад стратэгію развіцця ўсёй галіны ў новых рыначных умовах на доўгатэрміновую і сярэднетэрміновую перспектывы.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, колькі часу і сродкаў спатрэбіцца для завяршэння мадэрнізацыі прадпрыемстваў і павышэння эфектыўнасці галіны, якія запланаваны крыніцы фінансавання.

"Майце на ўвазе, на першым месцы павінна быць эканоміка нафтаперапрацоўкі, рэзультатыўнасць яе работы", - папярэдзіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры ўзгадненні назначэння новых дырэктараў "Нафтана" і Мазырскага НПЗ ім ставіліся дакладныя задачы па выпрацоўцы праграм дзеянняў у рэальнай сітуацыі. "Часу прайшло дастаткова, каб унікнуць у сутнасць справы. Я іх папярэджваў, што стаць у старую каляіну і каціць па наезджанай (а я гэта бачу з вашых прапаноў на сённяшні дзень) не атрымаецца", - дадаў Прэзідэнт.

У ходзе нарады Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў аб пастаўленых перад нядаўна назначаным памочнікам Прэзідэнта Аляксандрам Косінцам задачах.

"У нас многія праекты мадэрнізацыі прадпрыемстваў правалены. І я Прэм'еру і Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта ўжо гаварыў, каб у бліжэйшы час гэтыя праекты былі прааналізаваны, і мне было даложана, - сказаў Прэзідэнт. - Гэтым зоймецца Косінец. Яму даручаны гэтыя праекты. Сабраць спецыялістаў па ўсіх напрамках. Наталля Іванаўна (Качанава), Вы павінны забяспечыць яму непасрэдную падтрымку. Усё гэта павінна быць аб'ектыўна прааналізавана і пакладзена мне на стол".

"Цярпець такое становішча з мадэрнізацыяй, якую мы планавалі завяршыць у вызначаныя тэрміны, я не маю намеру. Я не дазволю, каб рашэнні Прэзідэнта былі дэвальваваны, дэзавуіраваны і не выкананы. Гэтага быць не можа. Гэта датычыцца ўсяго, пачынаючы ад Оршы і заканчваючы цяперашняй размовай. Мне патрэбны аб'ектыўны аналіз і даклад", - падкрэсліў беларускі лідар.

На нарадзе падрабязна абмяркоўвалася рэалізацыя інвестыцыйных праектаў на "Нафтане" і Мазырскім НПЗ. Завяршыць мадэрнізацыю на заводах плануецца ў 2019 годзе. На гэтыя мэты накіруюць як уласныя сродкі прадпрыемстваў, так і крэдытныя рэсурсы. Рэалізацыя намечаных планаў дасць магчымасць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%, працаваць прыбыткова і перапрацоўваць нафту эфектыўна, што ў сваю чаргу акажа непасрэдны ўплыў на эканоміку краіны ў цэлым.

Прэзідэнту таксама даложана аб рэалізуемых інвестыцыйных праектах на прадпрыемствах "Магілёўхімвалакно", "Белшына" і "Гродна Азот".

Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь