Нарада аб рэалізацыі механізма давернага кіравання прадпрыемствамі

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў аператыўна ўрэгуляваць праблемныя пытанні вакол перадачы ў давернае кіраванне маёмасці ўнітарных прадпрыемстваў. Такі вынік праведзенай 9 лютага нарады, на якой разглядалася тэма павышэння эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных прадпрыемстваў шляхам рэалізацыі механізма давернага кіравання.

На разгляд Прэзідэнта быў унесены падрыхтаваны Урадам праект адпаведнага Указа. "Як мы дамаўляліся, перад прыняццем важных рашэнняў я хацеў бы абмеркаваць гэтыя прапановы. Тым больш, як было заўважана нядаўна, мы вельмі шмат уносім навацый, а потым праз паўгода пачынаем крамсаць праекты заканадаўчых актаў, таму што яны не адпавядаюць патрабаванням сённяшняга жыцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў пачатку нарады.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым запатрабаваў далажыць, чым абумоўлена неабходнасць распрацоўкі і прыняцця новага нарматыўна-прававога акта. "Ці можам мы без яго рэгуляваць тыя адносіны, якія ўстанаўліваюцца гэтым Указам?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама перасцярог аб патэнцыяльнай магчымасці злоўжыванняў пры назначэнні розных кіраўнікоў, каб іх дзейнасць на практыцы не ператваралася ў спробы рэйдарскіх захопаў.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пры рэгуляванні тых ці іншых працэсаў неабходна зыходзіць з жыццёвых рэалій. У якасці прыкладу ён прывёў дзеючую нарматыўную базу ў сферы бізнесу. "Прагучала лічба - каля 2 тыс. актаў рэгулююць узаемаадносіны малога, сярэдняга бізнесу і гэтак далей. Хто іх чытаць будзе?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Як было даложана на нарадзе, цяпер існуе абмежаванне, устаноўленае Грамадзянскім кодэксам, на магчымасць перадачы ў давернае кіраванне маёмасці ўнітарных прадпрыемстваў. Таму па выніках абмеркавання Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць ключавы дакумент, які дазваляе перадаваць у давернае кіраванне маёмасць такіх прадпрыемстваў.

Такі механізм - гэта адзін са спосабаў павышэння эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў. Новаўвядзенні будуць у першую чаргу накіраваны на вырашэнне пытанняў фінансавага аздараўлення і прыцягненне добрасумленных інвестараў. Выбраны на конкурснай аснове даверны кіраўнік прымае на сябе абавязацельствы па вывядзенні маёмаснага комплексу на прыбытковую работу, і ў выніку ўзнікае станоўчы эканамічны і сацыяльны эфект для абодвух прадпрыемстваў. Па выніках давернага кіравання можа ставіцца пытанне аб набыцці адпаведнага маёмаснага комплексу.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў аператыўна без бюракратыі і кручкатворства знайсці аптымальнае рашэнне і ўрэгуляваць абазначаныя на нарадзе праблемныя моманты.