Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада па пытанні функцыянавання магазінаў бяспошліннага гандлю

24 верасня 2019 года

Развіццё гандлю duty free абмеркавалі 24 верасня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзідэнт заявіў, што на яго разгляд унесены адпаведны праект нарматыўнага прававога акта аб развіцці сеткі такіх магазінаў.

"Мы заканадаўча вызначылі асноўныя патрабаванні да гэтых магазінаў і развіваем гэты від дзейнасці. З 2014 года колькасць такіх магазінаў у краіне павялічылася ў тры разы. Каля 70 аб'ектаў (працуюць у Беларусі на сённяшні дзень. - Заўвага). Тры з іх адкрыты не толькі для выязджаючых, але і для прыбываючых пасажыраў. Падпісаны Указ аб бяспошлінным гандлі на бартах паветраных суднаў авіякампаніі "Белавія", - нагадаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, развіццё гэтага віду гандлю садзейнічае павышэнню транзітнай і турыстычнай прывабнасці краіны, адпавядае сучасным стандартам камфортных умоў для грамадзян, якія перасякаюць граніцу. "Для фізічных асоб гэта выгадна", - адзначыў беларускі лідар.

"Нягледзячы на вызваленне ад мытных пошлін, такія магазіны прыносяць у бюджэт пэўныя грашовыя сродкі, у тым ліку і валютную выручку. Таксама ў сетцы бяспошліннага гандлю расце ўдзельная вага тавараў айчыннай вытворчасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Па-мойму, не вельмі мы выраслі, але прыкладна чвэрць ад усіх тавараў мы прадаём айчыннай вытворчасці ў гэтых магазінах".

"Перспектывы ў гэтай сферы, як мяне пераконваюць зацікаўленыя асобы, не вычарпаны, і ёсць яшчэ прапановы па развіцці гэтай сеткі. Але да прыняцця новых рашэнняў трэба падыходзіць узважана - ацаніць наступствы, а таксама магчымыя рызыкі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што перш за ўсё бяспошлінны гандаль зручны і выгадны тым, што шэраг імпартных і айчынных тавараў там таннейшы, чым у звычайных магазінах. "Гэта зразумела. А які ўплыў гэты від гандлю аказвае на вытворцаў аналагічных беларускіх тавараў і на гандлёвую сетку - там, дзе няма льгот пэўных і гэтак далей? - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта мяне больш за ўсё цікавіць. А што гэта добра для людзей, мы пераканаліся ўжо".

У сувязі з гэтым ён пацікавіўся ў першага віцэ-прэм'ера Аляксандра Турчына, як Урад бачыць будучае развіццё гэтага віду гандлю. "Давайце па сутнасці. Мне трэба дакладна ўразумець для сябе, што рабіць з дакументамі, якія вы ўносіце на мой разгляд. А яны датычацца пашырэння сеткі. Нарматыўна мы агаварылі і дамовіліся, як будуць дзейнічаць гэтыя магазіны. "Пернікі", прэферэнцыі, ільготы - мы ўсё гэта вызначылі, - сказаў Прэзідэнт. - Мы дамаўляліся, што пройдзе пэўны час і мы прааналізуем, якое шчасце нам падарылі гэтыя 70 магазінаў".

Тэгі: Нарады
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь