Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада аб прымаемых мерах па процідзеянні распаўсюджванню вірусных інфекцый

5 лістапада 2020 года

Ахова здароўя і ў далейшым будзе забяспечана ўсім неабходным для аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву ў поўным аб'ёме. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 лістапада на нарадзе аб прымаемых мерах па процідзеянні распаўсюджванню вірусных інфекцый.

"Фінансаванне галіны, як гэта было заўсёды, павінна быць устойлівым, але прадуманым і арыентаваным на вынік", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў вясенне-летні перыяд на дзяржаўным узроўні былі своечасова прыняты меры, якія разам з актыўнымі дзеяннямі сістэмы аховы здароўя далі станоўчы вынік. "Аднак сезонны перыяд росту вострых рэспіраторных захворванняў і каранавіруснай інфекцыі ў гэтым годзе прагназуецца больш працяглым. Нельга ігнараваць і дадатковы негатыўны ўплыў масавых мерапрыемстваў, з-за якіх крывая захваральнасці паўзе ўверх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта не значыць, што мы, як гэта было вясной у некаторых дзяржавах, цяпер усё пазакрываем, увядзём каменданцкую гадзіну і перавядзём усіх на каранцін. Мы павінны ўспомніць тое, што было вясной і летам, і ісці  гэтым шляхам. Але там, дзе мы можам абысціся без нейкіх масавых мерапрыемстваў, давайце абыдземся. Асабліва калі гэтыя мерапрыемствы ў памяшканні", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што беларуская сістэма аховы здароўя мае ўсе неабходныя рэсурсы. Гэта датычыцца бальніц, медыцынскага персаналу, лякарстваў, абсталявання, сродкаў індывідуальнай аховы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: пры неабходнасці ў дапамогу сярэдняму медыцынскаму персаналу можна задзейнічаць студэнтаў медыцынскіх ВНУ, заплаціўшы ім за адпаведную работу.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў не разлічваць на замежную дапамогу ў барацьбе з COVID-19 і арыентавацца на ўласныя сілы. Пры гэтым, усяляк аказваючы неабходную медыцынскую дапамогу людзям, сканцэнтравацца неабходна на асноўных напрамках.

"Там жа нам абяцалі з-за мяжы яшчэ ў часы Уладзіміра Сцяпанавіча (Уладзіміра Караніка на пасадзе Міністра аховы здароўя. - Заўвага) не то 50 мільёнаў, не то 150 падкінуць на лячэнне. Праўда, сказалі, што будуць грамадзянскую супольнасць лячыць... - заўважыў Прэзідэнт. - Яны нас не вылечаць. Ім патрэбны непарадак, мяцеж. Нават не рэвалюцыя, а пераварот. Таму на іх разлічваць не трэба".

"Мы павінны самі лячыць сваіх людзей. Але пры гэтым прашу ўлічыць, што адзін дзень лячэння хворых на COVID-19 абыходзіцца, спецыялісты мне дакладваюць, ад Br90 да Br220. Адзін дзень! Гэта вялікія грошы. Таму я паклікаў сюды губернатараў. Гэта ваш найпершы абавязак - лічыць грошы. Лішніх грошай у краіне няма", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што трэба максімальна выкарыстоўваць лічбавыя інфармацыйныя платформы для сувязі з медыцынскімі работнікамі ў рэгіёнах, каб атрымліваць усе звесткі аб праблемах, аператыўна прымаць меры, абменьвацца вопытам і найбольш эфектыўнымі практыкамі. "Сёння прапануюцца таксама дадатковыя меры для стрымлівання эпідэміі, у тым ліку абмежавальныя. Мы заслухаем аргументы, і, калі надышоў час недзе ўводзіць нейкія абмежаванні, пойдзем і на гэта", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пры гэтым звярнуў увагу: беларускі вопыт рэагавання ва ўмовах пандэміі, калі ў першую хвалю не ўводзіліся ўсеагульны строгі каранцін і каменданцкая гадзіна, "на вуснах усіх разважлівых людзей у свеце".

Ён таксама заявіў, што прынятае нядаўна на фоне эпідсітуацыі ў Беларусі і вакол яе рашэнне аб закрыцці для ўезду граніц краіны з'яўляецца часовым і не мае палітычных прычын.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эпідэмічная сітуацыя ў свеце сёння развіваецца па адным з самых негатыўных сцэнарыяў. "Я маю на ўвазе не рэкордныя лічбы захваральнасці ў большасці еўрапейскіх дзяржаў. І нават не поўны лакдаўн у некаторых краінах. Відавочна, што ўрон эканомікам будзе нанесены непапраўны і, магчыма, як ужо многія спецыялісты гавораць, незаменны. Але цяпер думаць трэба не аб ім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Яшчэ не паспелі з'явіцца эфектыўныя і надзейныя лякарствы ад каранавіруса, а ён ужо муціраваў і стаў прыстасоўвацца да прымяняемых метадаў барацьбы з ім. Так званая новая іспанка захоплівае Заходнюю Еўропу. Таму мы не маглі пакідаць нашы граніцы для ўезду ў краіну адкрытымі. Тым больш што пік у нас у Беларусі не пераадолены. Ніякай палітыкі тут няма. Рашэнне сур'ёзнае, мае абмежавальны характар. І гэта часовае рашэнне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў: і іншыя дзяржавы прытрымліваюцца такіх метадаў. "І калі мы гаворым аб тым, што граніцы ў нас закрыты для тых, хто спрабуе да нас уехаць з-за меж нашай краіны (зразумела, з Захаду, з Расіяй у нас няма граніц), гэта таму, што мы бачым вялікую ўспышку захваральнасці. Я кажу не толькі аб тэстах, якія нам дэманструюць дзясяткі і сотні тысяч хворых, а аб рэальных хворых, асабліва ў суседняй Польшчы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалькі дзён таму ў Польшчы заявілі аб намерах запрашаць да сябе ўрачоў з-за мяжы, у тым ліку і з Беларусі, каб наладзіць барацьбу з каранавірусам.

"Вось і ўся казка аб прыгожым жыцці. Асабліва просяць нашых урачоў прыехаць у Польшчу, каб дапамагчы насельніцтву і дзяржаве ў барацьбе з кавідам. Хачу папярэдзіць: лішніх урачоў у нас няма. Нам самім трэба лячыць нашых людзей. Але, прытрымліваючыся свайго прынцыпу, мы нікога трымаць не будзем. Аднак трэба разумець: паехаў - назад не вернешся, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, за якімі паехаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэта не пагроза, а загад для Урада.

"Я аддаў распараджэнне камандуючаму пагранічнымі войскамі не ўпускаць у краіну не толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых разумных беларусаў, якія выехалі за межы нашай краіны ў гэты няпросты час. Заразу нам вазіць не трэба, і не важна, з якім пашпартам. Паехалі туды вучыцца - няхай вучацца, працаваць - няхай працуюць. Мы ж не перашкаджалі гэтаму. Таму няхай там працуюць і вылечваюцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"А то атрымліваецца так, як мне адзін таварыш у Гродне расказваў. Гаворыць, паехаў туды, а каб зубок (даслоўна кажу) падлячыць, прыехаў у Гродна. Там, гаворыць, у 10-15 разоў даражэй", - адзначыў Прэзідэнт.

"Таму ўсіх трэба ставіць на месца, нікому не перашкаджаючы ў выпадку, калі ён хоча вялікага рубля або ў яго пазелянелі вочы ад валюты", - дадаў ён.



У час нарады Кіраўнік дзяржавы даручыў арганізаваць рэгіянальныя штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19. "У перыяд вясенняй хвалі каранавіруса мы зрабілі стаўку на мясцовыя ўлады як на апорныя цэнтры прыняцця аператыўных рашэнняў. І гэта практыка даказала сваю эфектыўнасць. Сёння складваецца падобная сітуацыя. Таму нам варта на працягу аднаго-двух дзён арганізаваць рэгіянальныя штабы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка .

Паводле яго слоў, персанальную адказнасць за работу гэтых рэгіянальных штабоў і вынікі павінны несці губернатары і памочнікі Прэзідэнта. Дапамагаць ім будуць лепшыя ўрачы-інфекцыяністы, прадстаўнікі медыцынскай навукі, іншыя спецыялісты.

Кіраўнік дзяржавы пералічыў, хто будзе адказваць за кожны з рэгіёнаў.

За Брэсцкую і Гродзенскую вобласці адказвае старшыня Гродзенскага аблвыканкама і былы Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. "Пракантралюйце Брэсцкую вобласць сур'ёзна. Расстаўце людзей, як мы некалі з вамі гэта рабілі. Не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў Брэсцкай. І паспрабуйце адзін-два разы на тыдзень наведвацца ў Брэсцкую вобласць, пакуль там не наладзіцца сістэма, пакуль не зразумееце, што там і без вас могуць абысціся, - даручыў беларускі лідар. - Анатоль (старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. - Заўвага), прымай як належнае. Гэта самы дасведчаны чалавек у краіне ў гэтым плане. Перашкаджаць ён вам не будзе, але запатрабаваць ён зможа з любога там. Пытанне сур'ёзнае. Таму ніякага неўспрымання быць не павінна".

"Яму (Уладзіміру Караніку. - Заўвага) у дапамогу Карпіцкі Аляксандр Сяргеевіч і Краткова Алена Мікалаеўна (галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. - Заўвага)", - дадаў Прэзідэнт.

"У Віцебскай вобласці - Шчасны, Сямёнаў, Кавалёва (рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб гэтага ўніверсітэта Валерый Сямёнаў і галоўны ўрач Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы Таццяна Кавалёва. - Заўвага), - пералічыў Кіраўнік дзяржавы. - Вы на месцы, вы вялікія спецыялісты, вы ведаеце, як рабіць. Трэба дапамагчы Мікалаю Шарснёву (губернатар Віцебскай вобласці. - Заўвага) арганізаваць увесь працэс".

У Гомельскай вобласці - рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома. "Вы вельмі шмат працавалі вясной і летам у частцы ліквідацыі гэтых негатыўных наступстваў, звязаных з кавідам. Арганізуйце разам з губернатарам спецыялістаў, прыцягвайце, каго вы лічыце патрэбным, сістэмна арганізуйце работу ў Гомельскай вобласці. Лепшага спецыяліста, чым вы, там, на месцы, у нас няма", - сказаў Прэзідэнт.

У Магілёўскай - член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны ўрач Беларусі Алег Суконка і намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы № 1 Ірына Бас.

"Мінская вобласць: Косінец (памочнік Прэзідэнта і ўрач па адукацыі Аляксандр Косінец. - Заўвага), Тарасенка, Данілаў (адпаведна, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач - Намеснік Міністра аховы здароўя Аляксандр Тарасенка і Дзмітрый Данілаў - прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ. - Заўвага). Вы ведаеце, што рабіць. У дапамогу - Абельская (галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Ірына Абельская. - Заўвага).

У сваю чаргу, за Мінск адказваюць Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава і выконваючы абавязкі Міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Групу экспертаў, якія будуць кансультаваць усе рэгіёны, сфарміруе і ўзначаліць загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў, які мае ганаровае званне "Народны ўрач Беларусі".

"Барацьба з хваробай павінна быць сістэмнай і праводзіцца на ўсіх франтах - лячэбным, арганізацыйным, эканамічным і нават палітычным", - падкрэсліў Прэзідэнт у час нарады.

"Не пакідайце людзей сам-насам з патокам інфармацыйнай няпраўды і памылковых поглядаў. Забяспечце пастаянную сувязь з насельніцтвам праз сродкі масавай інфармацыі па эпідэмічнай сітуацыі ў краіне і прымаемых мерах. Адказвайце на пытанні, якія ўзнімаюць людзі на месцах, аж да прамых сустрэч з імі", - даручыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вынесеныя на нараду тэмы аб мерах процідзеяння распаўсюджванню вірусных інфекцый застануцца ў прыярытэце да таго часу, пакуль небяспека не міне або, прынамсі, не знізіцца да мінімальна прымальнага ўзроўню.

"Пераканаўча вас прашу, без усялякіх інсінуацый, без панікі. У нас няма падставы для панікі, абсалютна няма! Усім акажам неабходную дапамогу. Усе, каго толькі можна выратаваць, магчымымі і немагчымымі метадамі будуць выратаваны", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць магчымасць вытворчасці ў Беларусі расійскай вакцыны ад каранавіруса.

"Я ўчора размаўляў з Прэзідэнтам Расіі - там вельмі сур'ёзная заклапочанасць (ростам захваральнасці. - Заўвага). Ён сам прапанаваў: "Калі ў цябе ёсць жаданне, мы можам вам даваць зыходны матэрыял для вакцыны. Калі ласка, разгортвай вытворчасць, мы ўсё зробім. Вырабляйце вакцыну для сябе, хочаце прадаваць - прадавайце". Калі нас расійская вакцына задавальняе, вывучыце пытанне і тэрмінова ўнясіце прапановы па арганізацыі вытворчасці. Трэба паглядзець, колькі гэта будзе каштаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Заняцца гэтым пытаннем "без шуму і пылу" Прэзідэнт даручыў свайму памочніку Аляксандру Косінцу. "Сядайце і падумайце, паглядзіце на аналагічныя вытворчасці і прапануйце. Вы лепш за мяне ведаеце, што гэта няпростая вытворчасць і яна нятанная. Ніхто нікому сваю вытворчасць не аддае. Гэта Прэзідэнт Расіі прапанаваў па-сяброўску", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Таксама Аляксандр Лукашэнка даручыў адбудаваць сістэму ў пытанні тэсціравання на каранавірус. "Будзеце выпрацоўваць сістэму (мы гэта цяпер абмяркуем), - усякае тэсціраванне павінна быць у тых лабараторыях, якія вызначыць Міністэрства аховы здароўя. Асабліва ў Мінску, Наталля Іванаўна. Толькі тыя лабараторыі, якія вы вызначыце", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"А то ў нас ужо некаторыя разумнікі закупілі нейкае абсталяванне і пачынаюць шкуру драць з людзей. Псіхоз ствараюць у грамадстве. Яны (людзі. - Заўвага) бягуць у гэтыя лабараторыі, і да 300 рублёў даходзіць адзін тэст. Калі нехта з прыватных лабараторый хоча дапамагчы дзяржаве - на дзяржаўных умовах. У вас вось гэты тыдзень - да панядзелка, - каб усё гэта адбудаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.


Тэгі: Нарады
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь