Нарада аб прапануемых новых інструментах рэструктурызацыі даўгавых абавязацельстваў у эканоміцы

  • 1

Недапушчальна пастаянна перакладваць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 снежня на нарадзе аб прапануемых новых інструментах рэструктурызацыі даўгавых абавязацельстваў у эканоміцы.

"Мы сабе не можам дазволіць пастаянна перакладваць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт. Нам трэба сістэмна вызначыцца з гэтым пытаннем. Неабходны больш актыўны ўдзел банкаў у гэтых працэсах. Але самым актыўным павінен быць той, хто браў грошы. Нам трэба прадугледзець дзейсныя меры аздараўлення фінансавай сітуацыі як на канкрэтных прадпрыемствах, так і ў галінах эканомікі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нараду вынесена пытанне работы з праблемнымі даўгамі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Узровень накопленай крэдытнай запазычанасці ў некаторых арганізацыях вялікі, і гэта не дае ім магчымасці эфектыўна працаваць і развівацца. Тут выяўляюцца недапрацоўкі мінулых гадоў, пралікі ў бізнес-планаванні і дарагоўля грошай у банкаўскай сістэме.

Паводле слоў Прэзідэнта, толькі ў 2015 і 2016 гадах быў прыняты дзясятак рашэнняў па шэрагу прадпрыемстваў і галін на агульную суму $1,8 млрд. Былі рэструктурызаваны іх даўгі, прадастаўляліся адтэрміноўкі, растэрміноўкі пагашэння запазычанасці па крэдытах, выдаваліся бюджэтныя пазыкі. "Тады ўрад абяцаў, што калі мы дапаможам нашым прадпрыемствам, то гэта будзе апошні раз. Патрэбны быў, з пункту гледжання ўрада, нейкі штуршок, і яны (прадпрыемствы) пачнуць эфектыўна працаваць, вернуць даўгі, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Цяпер настаў час даўгі вяртаць, пагашаць пазыкі. Але зноў хваля прапаноў аб яшчэ адной рэструктурызацыі. Матывацыя тая ж: заклінанні, стагнанні, плач".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў падрыхтаваных прапановах не бачыць адказнасці тых, хто браў даўгі. "А для тых, хто атрымліваў крэдыты і пазыкі, рашэннем Прэзідэнта быў асобны пункт, хто за гэта адказвае", - заўважыў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён выказаў нараканні ў адрас кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта і КДК, у тым ліку за адсутнасць аператыўнага інфармавання па гэтых пытаннях і неўнясенне адпаведных кадравых прапаноў, рух толькі ў фарватары прапаноў урада. "Вы плецяцеся ў хвасце падзей", - папракнуў Кіраўнік дзяржавы.

"Урад і Нацбанк падрыхтавалі прапановы, якія змяшчаюць нібыта шэраг навацый. З майго пункту гледжання, гэта навацыі толькі па тэрміналогіі", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы пачуць адказы на наступныя пытанні: што прадугледжваецца зрабіць для скарачэння аб'ёмаў праблемнай запазычанасці, наколькі хутка механізм работы з праблемнымі даўгамі, прапануемы ўрадам і Нацбанкам, дазволіць выйсці прадпрыемствам з даўгавой ямы, які эфект ад навацый будзе для рэальнага сектара эканомікі, бюджэту і банкаў.

"Чакаю дакладных адказаў на пытанні аб наступствах прыняцця прадстаўленых прапаноў", - сказаў Прэзідэнт.

Па выніках абмеркавання Кіраўнік дзяржавы ў цэлым праект дакумента падтрымаў, даручыўшы дапрацаваць па асобных напрамках. Сам праект указа мае агульны характар і накіраваны на стварэнне ўмоў для функцыянавання ў Беларусі даўгавога рынку. Рэалізацыя адпаведных норм, як чакаецца, дасць магчымасць знізіць аб'ёмы праблемнай запазычанасці ў рэальным сектары эканомікі, палепшыць фінансавы стан крэдытаатрымальнікаў, а таксама ўключыць банкаўскую сістэму ў непасрэдную работу з праблемнымі пазычальнікамі.

Прэзідэнт на нарадзе яшчэ раз акцэнтаваў увагу, што разам з дапамогай прадпрыемствам і арганізацыям павінна быць дакладна прадугледжана і адказнасць за ўзятыя абавязацельствы. Ён таксама даручыў прааналізаваць сітуацыю па тых праектах і прадпрыемствах, якім у папярэднія гады прадастаўляліся пазыковыя сродкі і крэдыты.