Нарада аб прапановах па парадку прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання асобным катэгорыям дзяржаўных служачых

  • 1

Размеркаванне арэнднага жылля павінна праводзіцца выключна на прынцыпах сумленнасці і справядлівасці. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 ліпеня на нарадзе аб прапановах па парадку прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання асобным катэгорыям дзяржаўных служачых.

Прэзідэнт нагадаў, што ў лістападзе мінулага года ўжо разглядаліся прававыя аспекты фарміравання і прадастаўлення арэнднага жылля ў краіне. Тады былі дасканала вывучаны ўсе новаўвядзенні з пункту гледжання максімальнага ўліку інтарэсаў грамадзян, у тым ліку ўлічаны замежны вопыт. Вынікам стаў указ Кіраўніка дзяржавы, які ўнёс значныя змяненні ў жыллёвую палітыку дзяржавы і ўступіў у сілу з 1 красавіка 2014 года. "Паколькі гэты дакумент закранае інтарэсы вельмі многіх людзей, неабходна з самага пачатку ўважліва сачыць за тым, як ён працуе на практыцы", - падкрэсліў беларускі лідар. У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся ходам рэалізацыі ўказа, наяўнасцю якіх-небудзь шурпатасцей і недапрацовак.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ва ўказе былі вызначаны катэгорыі грамадзян, якія маюць права на першачарговае прадастаўленне адпаведнага жылля. Сярод іх маладыя спецыялісты, вучоныя, ваеннаслужачыя, суддзі, супрацоўнікі пракуратуры і работнікі, назначаныя на пасаду з пераездам у іншы населены пункт. "Акрамя таго, згодна з пералікам, які зацвярджаецца Кіраўніком дзяржавы, такое жыллё атрымаюць дзяржаўныя служачыя, якім яно належыць зыходзячы з характару работы, што яны выконваюць. Адпаведны пералік быў падрыхтаваны ўрадам. Аднак, як аказалася, да яго ёсць прэтэнзіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Але пры гэтым трэба помніць, што жыць трэба па сродках. Не павінна быць несумленных адносін да людзей у гэтым плане, не павінна быць выпінання пэўных катэгорый людзей. Усё павінна быць сумленна і справядліва, - падкрэсліў беларускі лідар. - У нас шмат маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, для якіх такі спосаб - адзіная магчымасць вырашыць сваё жыллёвае пытанне".

Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады адказных чыноўнікаў па адпаведных пытаннях, звязаных з выдзяленнем і далейшым выкарыстаннем арэнднага жылля. Па выніках абмеркавання Прэзідэнт даў даручэнне дапрацаваць неабходныя праекты нарматыўных прававых актаў, але дакладна папярэдзіў, што ў іх не павінна быць якіх-небудзь дадатковых ільгот і прывілей. "Ні ў якім выпадку нічога не трэба пашыраць", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Нельга ісці фронтам і пашыраць для чыноўнікаў (якімі б яны ні былі) гэта права, ствараць ільготу, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы так усіх чыноўнікаў пераселім у асобнае жыллё, і яны не будуць ведаць, чым народ дыхае і жыве. Вось чаму я кажу, што павінна быць сумленна і справядліва, і ні ў якім выпадку нічога не пашыраць".