Нарада аб праблемах і перспектывах развіцця беларускай навукі

  • 7

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыняцця ў навуковай сферы важных рашэнняў, каб навука рухалася наперад і развівалася. На гэтым Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу 7 красавіка на нарадзе аб праблемах і перспектывах развіцця беларускай навукі.

Перад мерапрыемствам Аляксандр Лукашэнка грунтоўна азнаёміўся з з выстаўкай навуковых і навукова-тэхнічных дасягненняў, якая была прадстаўлена ў Нацыянальнай акадэміі навук. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на новаўвядзенні ў сферы энергетыкі, прамысловасці, касмічных тэхналогій, біятэхналогій, а таксама пацікавіўся эфектыўнасцю ўкаранення распрацовак на практыцы.

Свае найноўшыя распрацоўкі на выстаўцы прадставілі амаль 40 арганізацый па такіх тэматычных напрамках, як прамысловыя тэхналогіі, энергетыка; інфармацыйныя, касмічныя тэхналогіі; адытыўныя тэхналогіі, нанаіндустрыя; абараназдольнасць і бяспека; біятэхналогіі, медыцына, фармацыя. Усяго экспазіцыя складалася амаль са 150 экспанатаў.

На нарадзе абмяркоўвалася будучая форма і сістэма функцыянавання навукі ў краіне. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне аб неабходна рухацца наперад, але пры гэтым не разбураць дасягнутае. "Калі мы бачым, што сёння кіраванне і функцыянаванне навукі не падыходзіць да цяперашняга моманту, давайце - старэйшае пакаленне, якое стварыла гэту навуку, і малодшае, за якім будучае навукі, - прымаць рашэнне, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі гэта анахранізм, калі гэта сістэма цяпер не патрэбна для краіны, калі яна непрымальная, мы павінны прыняць адпаведнае рашэнне. Нельга рабіць выгляд, што нічога не адбываецца".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў навуковай сферы назбіралася нямала праблем, якія трэба будзе вырашаць. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на інертнасць і грувасткасць структуры навуковай сферы, нізкі ўзровень навукаёмістасці валавога ўнутранага прадукту. Ёсць пытанні і з нераўнамерным размеркаваннем сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду. У ліку агучаных Прэзідэнтам праблем - адсутнасць значных, буйных дзяржаўных кантрактаў на закупку навукова-тэхнічнай і інавацыйнай прадукцыі.

Кіраўнік дзяржавы сказаў таксама аб праблемах у выкананні навуковых даследаванняў, распрацовак, укараненні іх рэзультатаў у вытворчасць і сацыяльную сферу. Асаблівая ўвага была звернута на часта фармальны падыход да фарміравання навукова-тэхнічных і навукова-даследчых праграм.

На нарадзе асобна абмяркоўвалася тэма налічэння зарплат вучоным. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў гэтым пытанні трэба выпрацаваць новыя прынцыпы і падыходы. Пэўныя захады ў гэтым напрамку зроблены ў ахове здароўя і адукацыі. "Вучоны - чалавек асаблівы, адораны. Ён не павінен залішне пераключаць увагу на матэрыяльны дабрабыт", - адзначыў Прэзідэнт.

Што датычыцца фінансавання навуковых даследаванняў, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў краіне заўсёды знойдуць сродкі на значныя распрацоўкі. "У нас не заржавее. Калі вы суперпраект прапануеце, а яшчэ экспартна арыентаваны, акупны, паверце, мы знойдзем грошы. І не $10 млн, не $15 млн - калі трэба, $100 млн, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але толькі вы павінны даказаць, што ён архіважны для нас або акупіцца".

У крайнім выпадку, паводле слоў Прэзідэнта, можна разгледзець магчымасць стварэння спецыяльнага фонду, з якога будуць фінансаваць самыя прарыўныя даследаванні і распрацоўкі. Ён падкрэсліў, што існуючых магчымасцей пакуль дастаткова, галоўнае - не сядзець на месцы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна прысудзіў Дзяржаўныя прэміі Беларусі 2016 года. Вучоныя, якія так і не сталі лаўрэатамі, будуць узнагароджаны асобна. "У бліжэйшы час я разгледжу праект указа па ўзнагароджанні ўсіх, хто вызначыўся. Я сапраўды не хачу, каб з поля зроку выпаў хоць адзін малады або ўжо ўмудроны вопытам спецыяліст, вучоны", - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы.

Закраналася тэма і права вучоных на рызыку. Да рэзультатаў навукі часта прад'яўляюцца вельмі строгія патрабаванні, выключаецца магчымасць недасягнення запланаванага рэзультату. Як вынік, вучоныя не хочуць брацца за прарыўныя распрацоўкі з высокай ступенню рызыкі, па якіх не відаць гарантаванага поспеху. Кіраўнік дзяржавы даручыў Камітэту дзяржкантролю і Генеральнай пракуратуры аб'ектыўна падыходзіць да аналізу выканання навуковых праграм, не прыдзірацца да рэзультатаў. "Так, вы абавязаны кантраляваць расходы пазадзяржаўных сродкаў. Калі там ёсць парушэнні законаў, давайце будзем разглядаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Недзе вучоны або дапусціў памылку, або нейкая рызыка, не ў тым напрамку пайшлі... Я вас вельмі прашу мець гэта на ўвазе. Па-чалавечы, калі ласка, пастаўцеся да гэтага".

У час жывога абмеркавання стану спраў у навуковай сферы была адзначана неабходнасць больш актыўнага прыцягнення вучоных да вырашэння важнейшых дзяржаўных задач. "Часам мы не задзейнічаем - і самі вінаватыя - патэнцыял вучоных. Яны ж вопытныя людзі, дасведчаныя, разумныя, начытаныя, адукаваныя. А па канкрэтнай праблеме гэта вундэркінды. Чаму мы іх не прыцягваем ні ва ўрадзе, ні па іншых пытаннях, ні ў ведамствах? Гэты вялікі пласт людзей не задзейнічаны ў кіраванні дзяржавай і вырашэнні важнейшых дзяржаўных задач. А хто вінаваты? Вучоныя? У нейкай ступені. Але больш за ўсё мы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад распрацоўку нарматыўна-прававых актаў, у прыватнасці Дэкрэта № 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Паводле яго слоў, дакумент быў бы не такі супярэчлівы, калі б да яго стварэння прыцягнулі экспертаў, якія не па чутках знаёмы з гэтай праблематыкай.

"Выкананне дэкрэта было вельмі дрэнным. Даручыў дапрацаваць. І вось ён у мяне на стале ляжыць, я яго прачытаў і цяпер думаю: які там прынцып закладзены? А прынцып той жа. Думаеце, "дармаеды", як яны сябе называюць, будуць працаваць цэлы год і кожны месяц па $12 (або колькі там) адлічаць? Не будуць, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Гэта міна запаволенага дзеяння. Яны зноў дацягнуць да крайняй кропкі - лютага або сакавіка, нічога не заплацяць, працаваць не будуць, а потым ім памахаюць - яны пойдуць зноў па вуліцах, дарогах і гэтак далей".

Таму ў распрацоўцы дакументаў непасрэдны ўдзел павінны прымаць вузкія спецыялісты: яны могуць прапанаваць новыя, больш удачныя падыходы. "Маглі б мы з вучонымі, гуманітарыямі, акадэмікамі прапрацаваць гэту тэму і некалькі варыянтаў выбраць? Не, зноў мне прынеслі гэты праект дэкрэта, паклалі на стол", - канстатаваў Прэзідэнт.

Перспектывы беларускай навукі абмяркоўваліся сёння з розных бакоў. Закраналася таксама развіццё ўніверсітэцкай. Беларускія ВНУ ў адпаведнасці з сусветным вопытам павінны выконваць не толькі адукацыйную і навуковую функцыю, але і займацца камерцыялізацыяй найноўшых тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта прапанова можа быць рэалізавана. "Прынамсі, мы можам пачаць з нейкіх сямі-дзесяці ВНУ, якія ўжо да гэтага гатовы".

У час нарады рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Шымаў падкрэсліў узаемасувязь навукі і эканомікі і пацікавіўся ў Кіраўніка дзяржавы вынікамі яго нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Паводле слоў вучонага, цяпер у СМІ з'яўляюцца розныя інсінуацыі на гэту тэму, таму вучоным і грамадству ў цэлым хацелася б даведацца аб выніках перагавораў з першых вуснаў.

"Наконт розных інсінуацый, асабліва з боку расійскіх чыноўнікаў. Напэўна, ім не вельмі быў прыемны вынік нашых перагавораў з Пуціным, таму што кожны бачыў там свае інтарэсы, кожны хацеў вось так, а атрымалася крыху не так, як яны хацелі. Я не скажу, што нам удалося дабіцца тых вынікаў і прыйсці да той мэты, якую мы першапачаткова для сябе абазначылі. Гэта быў нейкі кампраміс, але для нас вельмі выгадны", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Праблемы, што абмяркоўваліся, яшчэ да перагавораў набылі грамадскае гучанне. "Так, мы сапраўды ў вельмі добрых адносінах з Расіяй. Рускі чалавек нічым ад нас не адрозніваецца, мы заўсёды будзем з павагай да яго ставіцца. Але ў нас ёсць свая краіна, свой народ, і мы павінны клапаціцца аб нармальным функцыянаванні нашай дзяржавы", - падкрэсліў ён.

Спрэчныя пытанні ў беларуска-расійскіх адносінах, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пачалі ўзнікаць з-за розных падыходаў да цаны на прыродны газ. "Цана прыроднага газу не каціруецца на міжнародных рынках, як нафта. Прыродны газ па сваёй цане заўсёды прывязваўся да нафты. Падае цана на нафту - падае цана на прыродны газ. Па той формуле, па якой мы працавалі з расіянамі, мы павінны былі плаціць да $100 за тысячу кубаметраў газу", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак расійскі бок вырашыў павялічыць кошт да $130, аргументуючы гэта тым, што Беларусь будзе ўсё роўна плаціць мінімальную стаўку ў параўнанні з сусветнымі расцэнкамі. "Такой цаны ў свеце няма - гэта сапраўды праўда. Але ж праўда і ў тым, што мы ў Саюзнай дзяржаве, у нас адзін рынак, мы павінны мець роўныя ўмовы для людзей, суб'ектаў гаспадарання. Як могуць нашы цяпліцы, атрымліваючы прыродны газ за $150-170, канкурыраваць з іх цяпліцамі, якія за $40-60 жывуць", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

Такая ж сітуацыя склалася і ў сферы энергетыкі. Беларускія прадпрыемствы былі вымушаны аддаваць за прыродны газ, які выкарыстоўваецца імі для выпрацоўкі электраэнергіі, у некалькі разоў больш сродкаў, чым расійскія канкурэнты. "Роўныя ўмовы павінны быць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін адказаў, што не жадае пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, якая для Расіі з'яўляецца галоўным саюзнікам. Аднак расійскі бок усё ж такі прапанаваў завяршыць у бягучым годзе выкананне кантракта з "Газпрамам", у якім цана на газ пазначана ў памеры $130 за 1 тыс. куб.м. Тады бакі пайшлі на кампраміс і дамовіліся аб кампенсацыі за кошт рээкспарту нафты: на працягу бліжэйшых гадоў грашовыя сродкі ператаможкі 6 млн т нафты штогод будуць паступаць у бюджэт Беларусі. "Гэта выгадна. Пуцін у мяне пытаецца: "Ты ведаеш, колькі гэта ў бягучым годзе будзе? Паўмільярда долараў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Бакі знялі яшчэ адно фінансавае пытанне. Беларусь у адпаведнасці з заключанымі раней дамоўленасцямі павінна была пастаўляць на расійскі рынак амаль 1 млн т бензіну, штогод губляючы на гэтым $150 млн. "Цяпер дамовіліся, што гэту тэму закрываем. Мы гэты бензін пастаўляць не будзем", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Такім чынам, Беларусі ўдалося аднавіць свае страты. Таксама было вырашана, што цана на газ для беларускага боку будзе фарміравацца ў расійскіх рублях.

Акрамя таго, абмяркоўваліся пастаўкі беларускай прадукцыі на расійскі рынак. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што расійскім бокам уводзіліся несправядлівыя забароны. "Добра, вы знайшлі на нейкім прадпрыемстве нейкую заразу. Навошта вы ўсю Мінскую вобласць закрылі? Ён кажа: "Не можа быць". Можа быць! Паабяцаў разабрацца", - адзначыў Прэзідэнт.

Сваю "лепту" ў гэта пытанне ўносяць расійскія дзяржорганы, якія курыруюць граніцу. Яны, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, карумпіраваныя. "Мы гэтыя ўсе схемы вычленілі. Давай, кажа, разам разбяромся з усім жуллём. Таксама варыянт. Будзем цяпер разбірацца разам", - сказаў ён.

Аднак эканамічная сфера была не галоўнай тэмай перагавораў. Асноўную ўвагу бакі засяродзілі на абароне сваіх рубяжоў. "Цяпер вельмі сур'ёзная абстаноўка на заходнім тэатры ваенных дзеянняў", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Фактычна ў час перагавораў у Санкт-Пецярбургу здарыўся тэракт, таму прэзідэнты падышлі да абмеркавання пытанняў бяспекі вельмі сур'ёзна, дамовіўшыся прыняць сумесныя меры ў гэтым напрамку.

"У Бішкеку мы прадоўжым гэту размову. І на Вышэйшым дзяржсавеце мы таксама акрамя пытанняў сельскай гаспадаркі, паставак прадукцыі ў Расію, прамысловай кааперацыі будзем абмяркоўваць пытанні бяспекі і абароны, асабліва ў святле маючых адбыцца вучэнняў "Захад-2017", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу іх падвесці да таго, каб яны ўсё ж такі аказвалі нам падтрымку па пераўзбраенні беларускай арміі. Прытым пераўзбраенні або за іх кошт, або за малую цану. Мы не зможам за цяперашняе ўзбраенне з нашых сродкаў плаціць: у нас няма ні нафты, ні газу, а гэта ў асноўным крыніцы пераўзбраення".

Савет Бяспекі вызначыў, у якім узбраенні мае патрэбу беларуская армія, і Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб гэтым свайму расійскаму калегу. Лідары краін дамовіліся вырашыць гэта пытанне.

Падводзячы вынікі нарады, Кіраўнік дзяржавы ўстрымаўся ад таго, каб ставіць перад вучонымі стратэгічныя задачы, і прапанаваў узяць паўзу, напрыклад, да верасня. Да гэтага часу сітуацыя будзе дасканала прааналізавана з улікам усіх прапаноў, якія былі агучаны на сённяшняй сустрэчы і, магчыма, з'явяцца ў далейшым. Адміністрацыі Прэзідэнта было даручана стварыць для гэтага прафесійную рабочую групу.

Будзе падрыхтаваны зварот Кіраўніка дзяржавы да вучонай супольнасці. "Там будуць і ацэнка сітуацыі, і перспектывы. Мы павінны нарэшце паставіць кропку ва ўсіх спрэчных пытаннях", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сённяшняя размова была вельмі важная і змястоўная. "Прагучала шмат прыкладаў, якія даказваюць, што нам удалося захаваць і прымножыць магутны інтэлектуальны патэнцыял, назапашаны папярэднімі пакаленнямі", - падагульніў Прэзідэнт.