Нарада аб перспектывах развіцця рынку тэлекамунікацыйных паслуг

  • 1

Перспектывы развіцця рынку тэлекамунікацыйных паслуг абмеркаваны 27 лютага на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў мінулым годзе ў Беларусі быў прыняты дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі. "Мы, напэўна, правільна вырашылі, калі ўзяліся за развіццё інфармацыйных тэхналогій. Многія называюць гэтыя рашэнні рэвалюцыйнымі. Нам яны не бачацца рэвалюцыйнымі, таму што яшчэ каля дзясятка гадоў таму мы пачыналі з Парка высокіх тэхналогій. Ствараючы яго, мы якраз разлічвалі на тое, што ён спатрэбіцца. І ён стаў базай і асновай для далейшага развіцця інфармацыйных тэхналогій", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прынятыя рашэнні заклалі аснову і стварылі ўмовы для развіцця ў краіне ІТ-сферы і ў цэлым эканомікі XXI стагоддзя.

"Адным з базавых элементаў, якія ўплываюць на скорасць, маштаб інфарматызацыі, з'яўляецца стан і развітасць інфраструктуры перадачы даных. І калі па ўзроўні пранікнення шырокапалоснага праваднога інтэрнэту Беларусь займае 21-е месца ў свеце, то мабільны сегмент тэлекамунікацыйнага рынку ў нас пакуль адстае. Таму сёння нам трэба гэтым займацца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусі паступае шмат прапаноў ад сусветных лідараў у тэлекамунікацыйнай сферы. Супрацоўніцтва з імі садзейнічае развіццю ў гэтай галіне рэальнай канкурэнцыі. "Хоць яна ў нас ужо ёсць. У нас не адна кампанія працуе, а дзве буйныя і трэцяя, якая просіць аб падтрымцы. Размова ідзе аб прыватызацыі некалькіх працэнтаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, кампаніі "БеСТ", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што працэсы прыватызацыі павінны ісці ў адпаведнасці з заканадаўствам. "Ёсць агульнапрынятая практыка, усё павінна ісці па закону. Мы хочам прадаць, нехта хоча купіць, калі ласка, таргуемся, выстаўляем на конкурс, на тэндар. Хто больш заплаціць, таму і прададзім. Гэта агульная практыка. Можа, ёсць інвестар, які нас зможа здзівіць і прапанаваць супервыгадныя ўмовы. Гэта таксама прымаецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе былі абмеркаваны перспектывы развіцця ў краіне ўсёй сферы тэлекамунікацый, а таксама разгледжаны магчымыя інвестыцыйныя праекты. Усе існуючыя прапановы Прэзідэнт даручыў прапрацаваць больш глыбока і дэталёва.