Нарада аб перспектывах развіцця ААТ "Гродна Азот"

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб перспектывах развіцця ААТ "Гродна Азот" падтрымаў прапановы па далейшым развіцці ў краіне вытворчасці азотных угнаенняў і стварэнні для гэтага сучасных прамысловых магутнасцей.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "Гродна Азот" - прадпрыемства, важнае і значнае не толькі для хімічнай галіны і рэгіёна, але і для краіны ў цэлым. Яно ўключае ў сябе комплекс вытворчасцей па выпуску азотных угнаенняў, аміяку, метанолу, капралактаму і іншай хімічнай прадукцыі.

Прэзідэнт упэўнены, патрэбнасць у азотных угнаеннях у свеце будзе расці: колькасць жыхароў на планеце павялічваецца, а значыць, на існуючых сельскагаспадарчых угоддзях краінам неабходна будзе вырошчваць больш прадукцыі. "Таму актуальнасць вытворчасці, павелічэнне вытворчасці пастаянна будзе расці", - упэўнены ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што больш за палову вырабляемых угнаенняў на "Гродна Азоце" пастаўляецца для сельскагаспадарчых арганізацый Беларусі, таму яго стабільная работа непасрэдна звязана з эфектыўнасцю гэтых прадпрыемстваў. "Магутнасці камбіната адпрацавалі больш за 30 гадоў і практычна выпрацоўваюць другі рэсурс. Выкарыстоўваемыя тэхналогіі не дазваляюць паўнацэнна канкурыраваць з замежнымі вытворцамі аналагічнай прадукцыі", - канстатаваў Прэзідэнт.

Таму ўзнікла аб'ектыўная неабходнасць сур'ёзнай мадэрнізацыі прадпрыемства. Ва Урадзе разглядаліся два варыянты: правядзенне глыбокай мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцей або будаўніцтва новага азотнага комплексу з паэтапным выбыццём асобных дзеючых вытворчасцей.

"Шкада, што не разгледзелі трэці варыянт: будаўніцтва новага комплексу і мадэрнізацыя старога. Але гэта пытанне рынку. У нас, напэўна, як гэта бывае, усе зыходзілі з таго, што палічылі: мадэрнізацыя старога - столькі, будаўніцтва новага - столькі. Але не пачалі з галоўнага: куды будзем дзявяць прадукцыю і па якіх цэнах у перспектыве будзем купляць сыравіну для гэтай вытворчасці. Гэта галоўнае - рынкі збыту і сыравіна. А потым рабіць высновы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле інфармацыі спецыялістаў, кожны з варыянтаў развіцця прадпрыемства - яго мадэрнізацыя ці будаўніцтва новага комплексу - звязаны з пэўнымі рызыкамі, якія могуць аказаць істотны ўплыў на эфектыўнасць праекта.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна ўважліва разгледзець усе аспекты і прыняць узважанае рашэнне, нацэленае на доўгатэрміновую перспектыву. "Мае патрабаванні вам вядомы: ніякіх стратных і датацыйных праектаў у краіне быць не павінна. Накіраванне бюджэтных сродкаў на ўсялякія даробкі-пераробкі катэгарычна выключаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як адпавядаюць прапановы Урада яго патрабаванням, які варыянт развіцця "Гродна Азота" аптымальны, якія рэсурсы патрэбны для рэалізацыі намечаных планаў і якія крыніцы фінансавання. Ён таксама спытаў, які аб'ём азотных угнаенняў Беларусь імпартуе з-за мяжы. "Гэта таксама важна для разгляду гэтага праекта", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе былі падрабязна разгледжаны тры варыянты развіцця вытворчасці азотных угнаенняў у краіне: глыбокая мадэрнізацыя "Гродна Азота", будаўніцтва новага камбіната і рэалізацыя абедзвюх гэтых прапаноў. Пасля грунтоўнага абмеркавання магчымых рызык, разгляду пераваг і недахопаў усіх праектаў Прэзідэнт падтрымаў трэці варыянт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка даручыў яшчэ раз усебакова прапрацаваць рэалізацыю праекта, не зацягваць з рашэннямі, але глядзець на цэны. "Нас цікавіць цана пытання і эфектыўнасць праекта", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У час нарады Прэзідэнт таксама цікавіўся, як у краіне рэалізуюцца іншыя значныя інвестыцыйныя праекты.

У прыватнасці, Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе будаўніцтва БелАЭС, стварэнні ў Астраўцы ўмоў для жыцця і работы супрацоўнікаў атамнай станцыі. Асобна была разгледжана сітуацыя на Добрушскай папяровай фабрыцы, Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, закранулі стан спраў у ААТ "Нафтан" і ААТ "Магілёўхімвалакно".

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па стварэнні вытворчасцей спартыўнага інвентару і музычных інструментаў. Ён падкрэсліў, што ў краіне павінны навучыцца якасна аднаўляць старыя інструменты і вырабляць новыя. Тым больш што ў Беларусі існуюць такія традыцыі: некалі Барысаўская фабрыка музычных інструментаў, якая выпускала знакамітае піяніна "Беларусь", была вядомая далёка за межамі рэспублікі.