Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі

23 красавіка 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка правёў нараду аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі.

На нараду ў Палацы Незалежнасці сабралася ўсё кіраўніцтва краіны: вышэйшыя службовыя асобы, губернатары і памочнікі Прэзідэнта. "Мы сабраліся з вамі для таго, каб усебакова абмеркаваць пытанні забеспячэння ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы. Перш за ўсё, на злобу дня, сістэмы аховы здароўя і адукацыі. Нам трэба аператыўна прыняць шэраг рашэнняў па тых пытаннях, якія сёння востра паўстаюць перад намі", - адкрыў нараду Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што літаральна за чатыры месяцы свет змяніўся да непазнавальнасці. "Саюзнікі, якія дзесяцігоддзямі адкрывалі граніцы, устанаўлівалі добрыя адносіны паміж сабой, гэтыя граніцы вярнулі за адзін дзень і разбурылі адносіны. Гэта датычыцца ўсяго свету, вы гэта бачыце. Але галоўнае - гэта людзі, тыя страты ва ўзаемаадносінах людзей, якія цяжка будзе кампенсаваць. На гэты момат уся сусветная эканоміка знаходзіцца пад націскам яшчэ нікім не вырашанай праблемы - так званай пандэміі. Відавочна, што яна закранае і нашу краіну", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь, краіна з экспартна арыентаванай эканомікай, не можа поўнасцю ізаляваць сябе ад уплыву гэтых працэсаў, скараціць негатыўнае ўздзеянне на сваю эканоміку і прывычны жыццёвы ўклад насельніцтва. Для барацьбы з новай інфекцыяй у краіне задзейнічаны ўсе неабходныя рэсурсы, іх аб'ём адэкватны існуючай пагрозе, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Рэагуем адэкватна, але не празмерна", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь не стане адмахвацца ад рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, але будзе дзейнічаць згодна  з сітуацыяй. "Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўчора прыслаў мне пісьмо і падзякаваў нашай краіне за тыя дзеянні, якія мы прымаем у барацьбе з хваробамі, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Меры, якія прапанаваны СААЗ, павінны быць абавязкова вывучаны, нельга ад іх адмахвацца. Але калі, дапусцім, яны нам рэкамендуюць увесці меры аж да каменданцкай гадзіны, я яшчэ раз падкрэсліваю: трэба - увядзём, ізалюем гарады, пасёлкі і вёскі. Але хіба сёння такая праблема ёсць перад краінай? Не. Таму мы не адмахваемся ад рэкамендацый, але мы павінны, зыходзячы з комплексу рэкамендацый, нашага вопыту, дзейнічаць адпаведна. Нельга дзейнічаць наўдачу і "а давайце зробім на ўсялякі выпадак, горш не будзе". Горш не будзе, але калі мы будзем у бальніцы трымаць здаровых людзей, то, не дай бог, нам і ложкаў потым не хопіць".

Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі значна павялічылі патэнцыял устаноў аховы здароўя, магутнасці па вытворчасці айчынных прэпаратаў і тавараў медыцынскага прызначэння. Ён падкрэсліў: цяпер важна не перагрузіць сістэму аховы здароўя. Пакуль, паводле яго слоў, у Беларусі з гэтым спраўляюцца. "Для нас важна захваральнасць на COVID-19, але мы перш за ўсё звяртаем увагу на захваральнасць на пнеўманіі, таму што любая пнеўманія можа ўскладніцца COVID-19, як гэта часта бывае. Таму Міністэрству аховы здароўя, усёй сістэме аховы здароўя, тысячам медработнікаў трэба сканцэнтраваць сваю ўвагу на лячэнні хворых ад пнеўманіі. Пры гэтым не забываць аб тым, што ў нас ёсць іншыя хваробы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.



Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: краіна справіцца з праблемай каранавіруса, тым больш гэта праблема, лічыць Кіраўнік дзяржавы, становіцца ўсё больш палітычнай. "У нас прыхільнікаў, нават тых, хто спачувае, не будзе, таму што мы пайшлі супраць цячэння. Мы дзейнічаем згодна з сітуацыяй, якая ў нас складваецца, і з тым, якую маем сістэму аховы здароўя, - звярнуў ён увагу. - Мы цяпер будзем у гэтым цесным свеце сутыкацца з гэтымі віруснымі захворваннямі. І сістэму гэту трэба ўмацоўваць - гэта адзін з урокаў. Але пра гэта мы пагаворым пасля".

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў не дапускаць перагібаў і не наводзіць паніку ў грамадстве, змагаючыся з распаўсюджваннем інфекцыі: "Мы нават дайшлі да таго, што напалохалі людзей: што гэта (каранавірус. - Заўвага) такая зараза, што ад тых, хто перахварэў, трэба бегчы, як ад пракажоных. Тыя, хто перахварэў на гэту хваробу, - гэта наш "залаты фонд", гэта людзі, у якіх мы бяром забор крыві, робім плазму і лечым людзей. Людзям, якія перахварэлі, трэба ганарыцца, што яны выстаялі, а не баяцца, што пра іх нешта скажуць".

На нарадзе было адзначана, што ў галіне аховы здароўя працуюць амаль 310 тыс. чалавек, агульны ложкавы фонд складае каля 100 тыс. ложкаў. У кругласутачным рэжыме працуюць лабараторыі па выяўленні інфекцый, у залежнасці ад рэгіёна забяспечанасць тэст-сістэмамі складае да 25 дзён. Больш таго, у краіне наладжана іх вытворчасць і яны нядрэннай якасці, звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Калі стан спраў будзе мяняцца ў горшы бок (я нічога не выключаю, перажываю ўжо за любы шорах), то мы падключым рэзервы. У нас іх дастаткова, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У лячэнні людзей павінна быць задзейнічана ўся вертыкаль улады, усе дзяржаўныя служачыя, я ўжо не гавару аб сістэме аховы здароўя. Таму разам з членамі Урада, старшынямі аблвыканкамаў я запрасіў сюды і ўпаўнаважаных па рэгіёнах і памочнікаў Прэзідэнта. Я хачу, каб поўнасцю валодалі сітуацыяй у рэгіёнах і маглі адэкватна рэагаваць, дапамагаючы сістэме аховы здароўя".

Гаворачы пра работу эканомікі, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: нельга ўпадаць у крайнасці і спыняць работу ключавых галін эканомікі. "Жыццё паказала літаральна праз месяц-паўтара, што мы мелі рацыю. Цяпер ужо ўсе гавораць больш аб эканоміцы, як будзем жыць далей, аб тым, што 350 мільёнаў (ці тое яшчэ будзе) людзей у свеце будуць галадаць. А я паўтара месяца таму рубам паставіў пытанне. Сёння ўжо ніхто не крытыкуе за гэта. Усе абдумаліся: трэба эканоміку паднімаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на рэкордны спад цэн на нафту: яе кошт літаральна наблізіўся да нуля - такога ніколі не было. "Таму эканоміка перш за ўсё. У нас няма іншых крыніц для жыцця, акрамя працы нашых людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Згодна са справаздачнымі данымі, ВУП за першы квартал знізіўся на 0,3%. Ніякага адабрэння спаду ВУП не можа быць і не будзе, таму настройвайцеся на выкананне тых планаў, якія перад намі ёсць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша невялікая эканоміка, у якой няма сыравіннай падушкі бяспекі, была вымушана парыраваць адначасова некалькі ўдараў".

Ён растлумачыў, што ў пачатку года Беларусь адчула нафтавыя абмежаванні з боку бліжэйшага партнёра, затым адбыліся разрыў існуючых эканамічных сувязей і закрыццё граніц, а пасля пачалася барацьба з эпідэміяй COVID-19.

Прэзідэнт падкрэсліў: у гэтых умовах трэба ўтрымацца і не зваліцца па асноўных паказчыках эканамічнага развіцця, чаго гэта ні каштавала б. Гэта задача перш за ўсё Урада. "Усімі сіламі неабходна захаваць давер людзей да праводзімай эканамічнай палітыкі. Трэба захаваць цэнавую ўстойлівасць прынамсі на самыя важныя для людзей тавары і паслугі. Ураду не трэба ўмешвацца ў дзейнасць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Няхай Міністр са сваімі падначаленымі прымае рашэнні. І галоўнае - мы павінны забяспечыць занятасць. Трэба стымуляваць людзей, каб яны працавалі, стымуляваць малы бізнес", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.



Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу: нягледзячы на невялікі спад ВУП, рэальныя даходы насельніцтва за першы квартал выраслі на 7,1%. "Гэта добры рост. Дай бог па годзе гэта захаваць", - дадаў ён.

Урад прапанаваў вызначыць галіны, якія ў найбольшай ступені пацерпяць ад замаруджвання эканамічнай актыўнасці і падзення попыту. Унесены на разгляд Прэзідэнта пакет мер іх падтрымкі датычыцца пытанняў падаткаабкладання, арэндных і працоўных адносін, а таксама шэрага адчувальных сацыяльных аспектаў.

"Гэта будуць рэкамендацыі губернатарам. І якім-небудзь прадпрыемствам, за якія Урад непасрэдна адказвае. Калі мы будзем выдзяляць нейкія грашовыя сродкі для эканомікі - іх будуць дзяліць губернатары, яны гэтага патрабавалі. Яны кажуць: мы самі разбяромся - ці магазін падтрымліваць, хімвалакно, ці якое-небудзь дывановае прадпрыемства. Яны маюць рацыю, ім там больш відаць, калі мы будзем гэтыя сродкі камусьці выдзяляць. Мы не павінны з Мінска чайнай або сталовай лыжкай дзяліць гэтыя грошы, каму што дастанецца. Не трэба гэтым займацца. І дзякуй богу, што рэгіёны бяруць на сябе гэтыя пытанні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы лічыць, што трэба стымуляваць людзей і асабліва малы бізнес да работы. "Каб тыя ж рэстараны везлі абеды на прадпрыемствы, не завышаючы цэны, дамоў да людзей: мы ж папрасілі старых людзей сядзець дома, а іх трэба накарміць. Ёсць многія сем'і, якія самаізаляваліся, - іх таксама трэба накарміць. І многія рэстараны пайшлі па гэтым шляху, а некаторыя сядзяць, склаўшы рукі, і чакаюць, што ім нехта нешта дасць. Ніхто нікому нічога не дасць. А калі хтосьці хоча, каб яму далі, няхай скажа: дзе гэта ўзяць? Мы што, будзем сёння забіраць у людзей, якія напружваюцца, і аддаваць тым, хто сёння гультайнічае? Гэтага не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Падводзячы вынікі, Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз адзначыў, што справіцца з распаўсюджваннем інфекцыі і яе наступствамі дапаможа мабілізацыя ўсіх структур, але кожная павінна займацца сваёй справай: медыкі - лячыць людзей, губернатары - вырашаць звязаныя з гэтым праблемы, Урад - працаваць над пытаннямі эканамічнага развіцця. Прэзідэнт чакае ад усіх адказнасці, жалезнай дысцыпліны, выканальнасці і самааддачы. "Трэба працаваць сумленна ў гэты складаны час", - заклікаў ён.

У час нарады Прэм'ер-міністр Сяргей Румас прывёў некаторыя паказчыкі работы, у прыватнасці сказаў аб збалансаванасці знешняга гандлю: дадатнае сальда гандлю таварамі і паслугамі за два месяцы гэтага года склала $425 млн. Кіраўнік Урада праінфармаваў: "Тэмп росту ВУП у першым квартале склаў 99,7%, гэта ніжэй на адзін працэнтны пункт за квартальны прагноз, але вышэй за ўсе ацэнкі - і знешнія, і ўнутраныя. Ва ўмовах пандэміі Урад зрабіў упор на развіццё ўнутраных галін эканомікі".

Паводле слоў Сяргея Румаса, станоўчы ўклад у фарміраванне ВУП унеслі будаўнічая галіна (106,3%), у тым ліку плюс па будаўніцтве жылля склаў 10%, сельская гаспадарка (104,5%), інфарматызацыя і сувязь (107,4%). Прэм'ер-міністр адзначыў таксама дынаміку работы галін прамысловасці на мясцовай сыравіне, металургіі, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі, ёсць плюс па вытворчасці цэменту (110%), керамічнай пліткі (102%). "Па ўсіх астатніх сектарах таксама ёсць дадатная дынаміка. На працягу лютага і сакавіка прыбаўлялі ўсе. Акрамя, аб'ектыўна, нафтавай галіны, якая пачала прырастаць з красавіка", - заўважыў ён.


Тэгі: Нарады
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь