Нарада аб пастаўках нафты ў Беларусь

  • 1

Эканоміка і жыццё людзей - пытанне нумар адзін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 красавіка на нарадзе аб пастаўках нафты ў Беларусь.

"Маючы адкрытую эканоміку, мы шмат у чым залежым ад тых працэсаў, якія развіваюцца ў свеце. Падзеі развіваюцца часам неадназначна. Таму мной запланаваны шэраг мерапрыемстваў па пытаннях, якія цяпер патрабуюць рэагавання ў найбольшай ступені і перш за ўсё ўплываюць на нашу эканоміку. Падкрэсліваю, гэта  галоўнае. Эканоміка, а значыць, жыццё людзей, не толькі сёння, але і ў перспектыве - пытанне нумар адзін. Усё павінна быць падпарадкавана гэтаму пытанню", - заявіў беларускі лідар.

Гаворачы пра падзеі, што адбываюцца ў свеце, уключаючы спад цэн на нафту, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі неабходна сарыентавацца і, калі неабходна, прыстасаваць эканоміку краіны і грамадства да таго, каб не панесці страты. "А калі і будуць, то гэтыя страты павінны быць мінімальнымі. Таму я заўсёды гавару: эканоміка - у аснову. Галоўнае сёння - эканоміка. Адзін з напрамкаў - нафтаперапрацоўка, купля нафты. Асабліва пры гэтай валацільнасці і даволі нізкіх цэнах на нафту", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што падзеі, якія адбываюцца ў свеце, патрабуюць прыняцця самых аператыўных мер. "Як кажуць у народзе, з колаў. Часу на перапіскі, разважанні і ўзгадненні практычна няма", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся актуальным станам спраў у нафтаперапрацоўчым комплексе краіны, у прыватнасці загрузкай магутнасцей, паказчыкамі эфектыўнасці за справаздачны перыяд. "Мы не адзін раз звярталіся ў гэтым годзе і ў канцы мінулага года да гэтых праблем. Пры ўсіх праблемах, больш-менш нам удалося стрымаць працэсы ў галіне нафтаперапрацоўкі. Але вірусная праблематыка і каронапсіхоз, вядома ж, ускладнілі сітуацыю", - адзначыў ён.

"Хацеў бы больш падрабязна спыніцца на перспектывах. Нафтавы рынак ліхаманіць, і празмерна. А яго кан'юнктура абсалютна непрагназуемая. Валацільнасць шалёная. Тым не менш, задача такіх краін, як наша, - быць гатовымі да любога развіцця падзей. А лепш, як я ўжо гаварыў, - у найменшай ступені залежаць ад нафтавых гульняў буйных дзяржаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэтыя дзяржавы цяпер ужо нават не скрываюць, у якія гульні гуляюць і якія мэты ставяць. "Яны ўжо непасрэдна пачынаюць гаварыць і гуляць на павышэнне цэн на нафту. Картэльная змова відавочная, - сказаў ён. - Ідуць вось гэтыя ігрышчы. Але, на жаль, на усё гэта мы паўплываць не можам. Нават гэтая пандэмія і псіхоз на іх ніяк не ўплываюць. Таму вочы ва ўсіх "пазелянелі", калі адчулі зніжэнне даходаў".

"Чым больш апор мы створым для нашай эканомікі, тым больш устойлівым будзе грамадства і незалежнай наша палітыка", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што пакуль адносна гэтага зроблена недастаткова. Праблемы, якія павінны вырашацца паміж суб'ектамі гаспадарання ў рамках нармальных дагаворных адносін (максімум - з удзелам канцэрна "Белнафтахім"), даводзіцца разглядаць на самым высокім узроўні. "Гэта значыць, што пры ўзнікненні складанасцей у поўнай меры не задзейнічаны эканоміка-вытворчы, дыпламатычны і юрыдычны патэнцыялы краіны. Калі пытанне важнае і экстраннае, то і напружвацца павінны не адзін-два чалавекі, а ўся вертыкаль улады. Невырашальных праблем тут няма і ў прынцыпе быць не можа", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.



Аляксандра Лукашэнку таксама цікавілі пытанні аб тым, якія дасягнуты дамоўленасці па пастаўках нафты на бягучы месяц, што праглядаецца да канца года і наколькі жорсткія гэтыя планы. "У самы бліжэйшы час нам трэба адысці ад пастаянных спрэчак, высвятленняў і стану вечнай нявызначанасці", - сказаў ён.

"На непрадбачаныя выпадкі неабходна ствараць сур'ёзны запас сыравіны (як нафты, так і паліва), які дасць магчымасць не парушаць работу галін і не перапыняць тэхналагічныя працэсы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Перад прадстаўнікамі Урада і кіраўнікамі рэгіёнаў Прэзідэнт паставіў шэраг пытанняў, у тым ліку адносна наяўнасці магутнасцей для захоўвання нафты і запасаў нафтапрадуктаў і як іх можна нарасціць.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, каб усе ўзятыя на сябе абавязацельствы па прыняцці на захоўванне нафтапрадуктаў строга выконваліся. "Стэнаграма вядзецца. І не дай бог, нехта скажа, што можа прыняць паўмільёна тон нафтапрадуктаў і (у выніку. - Заўвага) не прыме на захоўванне, ужо крыўдуйце самі на сябе", - сказаў ён.

"Мы гэта не скрываем. Сёння нафта танная, трэба купіць яе, вырабіць нафтапрадукты і стварыць пэўны запас. Які гэта будзе запас, па выніках нарады мы павінны добра разумець", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пытанне харчавання ва ўсім свеце будзе стаяць вельмі востра. "Нафта нафтай, але яе на стол не падасі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму я патрабую ў найкарацейшыя тэрміны завяршыць пасяўную кампанію. І ўвесь цыкл сельгасработ на працягу года ўзяць на вельмі строгі кантроль. Гэта датычыцца памочнікаў прэзідэнта і ўпаўнаважаных па абласцях".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў прыярытэце павінна быць харчовая бяспека краіны. "Задача нумар адзін, і важней за яе няма. Як у нас тут разглагольствуюць вакол: каранцін, каменданцкая гадзіна і іншае...", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як забяспечана патрэбнасць у аўтамабільным паліве для веснавых палявых работ і дзе ёсць вузкія месцы. "Асабліва звяртаю на гэта ўвагу. Вы бачыце, ужо не толькі асобныя чыноўнікі міжнародных арганізацый загаварылі пра голад у недалёкай перспектыве, але ўжо ўсе талдычаць, і кіраўнікі самых развітых перадавых краін. Таму сельская гаспадарка, перш за ўсё цяперашняя пасяўная кампанія - важнейшы элемент, на які мы павінны звярнуць увагу", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў шэраг нараканняў на работу ў ходзе веснавых палявых работ, у прыватнасці на недастатковыя меры па захаванні вільгаці ў глебе. "Нягледзячы на тое, што вільгаць з глебы выходзіць імгненна (ноччу - мароз, раніцай - сонца), некаторыя вільгаць не закрылі. Асабліва ў Мінскім раёне, што здзіўна. І велізарныя палі. Няўжо не зразумела, што трэба перш за ўсё прайсціся культыватарам і разрыхліць глебу - закрыць вільгаць. Прытым палі вельмі высокія, з высокай колькасцю пяскоў у саставе. Таму зрабіце ўсё, каб мы маглі ў гэтым напрамку рухацца", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.