Нарада аб мерах па забеспячэнні пажарнай бяспекі ляснога фонду, зямель сельскагаспадарчага прызначэння і тарфянікаў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць эфектыўнасць папярэджання пажараў ва ўмовах анамальнай гарачыні. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 5 жніўня на нарадзе аб мерах па забеспячэнні пажарнай бяспекі ляснога фонду, зямель сельскагаспадарчага прызначэння і тарфянікаў.

Як паказвае статыстыка пажараў, эфектыўнасць папераджальных і прафілактычных мерапрыемстваў ніжэйшая, чым патрэбна, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што анамальная гарачыня і доўгая адсутнасць ападкаў правакуюць пагаршэнне пажаранебяспечнай сітуацыі ў краіне. На большай частцы краіны ўстанавіўся чацвёрты клас пажарнай небяспекі. Спецыялісты прагназуюць дасягненне і пятага класа.

Як дакладваюць Прэзідэнту, сёння ў рэжым павышанай гатоўнасці да рэагавання на пагрозу або ўзнікненне пажараў прыведзены ўсе сілы і сродкі адпаведных падраздзяленняў МНС, МУС і Узброеных Сіл. Наглядныя органы правялі комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па кантролі за забеспячэннем пажарнай бяспекі сельгасаб'ектаў. Рэспубліканскія органы дзяржкіравання і мясцовыя ўлады загадзя падрыхтаваліся да пажаранебяспечнага перыяду.

"Дзякуй богу, што ў нас не адбываецца таго няшчасця, якое мы сёння бачым у Расіі, Украіне і іншых суседніх краінах, дзе бушуюць пажары і даводзіцца прыцягваць тысячы і тысячы людзей, вялікую колькасць тэхнікі для іх тушэння", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама маюць месца факты, калі гарэлі сельгастэхніка, пасевы збожжавых культур, іржышча пасля ўборкі. "А іх быць не павінна", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, такія факты сведчаць аб тым, што вынікі прафілактыкі як мінімум насцярожваюць і не ўсё так радасна, як сёння дакладваецца.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што патрэбна грунтоўная работа на месцах па ўмацаванні проціпажарнай абароны як аб'ектаў уборкі, перапрацоўкі і захоўвання ўраджаю, так і лясоў, тарфянікаў і іншага. Прэзідэнт адзначыў неабходнасць прааналізаваць рэальную карціну і атрымаць вычарпальныя адказы на шэраг пытанняў, у прыватнасці наколькі гатовы да рэагавання на ўзнікаючыя пагрозы сілы і сродкі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, у якім стане знаходзяцца каманды проціпажарнай абароны і аварыйна-выратавальных работ Узброеных Сіл, а таксама якая ступень гатоўнасці лясной аховы Мінлясгаса, Беларускай чыгункі і самае галоўнае - мясцовых органаў улады.

На нарадзе таксама абмяркоўвалася, што неабходна дадаткова прыняць на ўсіх узроўнях - ад рэспубліканскага да мясцовага, уключаючы сельгаспрадпрыемствы і работу з насельніцтвам, - для зніжэння рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання пажараў у лясах, на палях, у месцах адпачынку грамадзян і на асабістых падворках.

"Неабходна зрабіць усё магчымае, каб дзяржаўная сістэма папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый змагла эфектыўна процістаяць усім негатыўным фактарам як тэхнагеннага, так і прыроднага характару", - запатрабаваў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, самая галоўная прычына пажараў у чалавечым фактары, і таму неабходна прыняць максімум мер для недапушчэння знаходжання людзей у лясах у гэты перыяд. "Нічога, пацерпім 7-10 дзён, абыдземся без лясоў. А калі туды прыйшлі, то ні ў якім разе не з запалкамі, запальніцамі, цыгарэтамі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Патрэбны кантроль і яшчэ раз кантроль".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба вытрымаць хаця б той узровень пажарнай бяспекі, які ёсць на сённяшні дзень.

"Не дай бог, успыхне лес - будзем траціць вялізныя сродкі, якіх сёння не хапае, на тушэнне", - папярэдзіў Прэзідэнт.

У ходзе нарады была ўстаноўлена відэасувязь са студыямі ва ўсіх абласцях краіны. "Губернатары знаходзяцца на месцах і чуюць нас. І адказнасць разам з рэспубліканскімі органамі па надзвычайных сітуацыях, Узброенымі Сіламі, Мінлясгасам і іншымі будуць несці аднолькава і мясцовыя органы ўлады, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Усё залежыць ад іх на месцы. Патрабуйце самага жорсткага выканання даручэнняў".

На нарадзе адказныя чыноўнікі падрабязна далажылі аб сітуацыі ў Беларусі ў сувязі з анамальнай гарачынёй і адсутнасцю ападкаў. У цэлым сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы, уведзена забарона на наведванне лясоў. У сельскай гаспадарцы праводзіцца вялікая прафілактычная работа, на палях дзяжурыць тэхніка для пажаратушэння. Разам з тым размова ішла і аб негатыўных прыкладах, неабходнасці прыняцця дадатковых арганізацыйных мер. Кіраўнік дзяржавы даў наконт гэтага шэраг канкрэтных даручэнняў.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб персанальнай адказнасці на ўсіх узроўнях за тое, як выконваюцца проціпажарныя меры ў цяперашніх няпростых умовах надвор'я. "Сёння-заўтра на планёрках давядзіце мае патрабаванні, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Калі нават пойдуць дажджы, гэта не значыць, што сітуацыя стабілізуецца. І звярніце асаблівую ўвагу не столькі на прапаганду, а на патрабавальнасць да насельніцтва. Яны павінны заплаціць кругленькую суму, калі пайшлі ў лес і, не дай бог, у гэты небяспечны час расклалі там вогнішча".

"Самае галоўнае - не дапусціць расхлябанасці з боку людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы даручыў дзяржсакратару Савета бяспекі дакладваць аб найбольш значных пажарах у лясах і на сельгасугоддзях. Генпракуратуры, Камітэту дзяржкантролю і Мінсельгасхарчу дадзена даручэнне ўдзяліць пільную ўвагу выяўленню недахопаў у рабоце па папярэджанні пажараў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць павышэння дакладнасці прагнозаў сіноптыкаў, на падставе якіх прымаюцца рашэнні аб неабходнасці тых або іншых дзеянняў па забеспячэнні пажарабяспекі.

Прэзідэнт даручыў задзейнічаць усе магчымасці для мінімізацыі ўплыву анамальнай гарачыні і засухі на сельгаскультуры. "Размовы наконт таго, што ў нас не будзе з-за засухі агародніны, не прымаюцца. У нас не такія вялікія плошчы агароднінных культур, каб не забяспечыць іх паліў. Гэта не збожжавыя на мільёнах гектараў. Уся справа ў арганізацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Асобнае даручэнне Прэзідэнт адрасаваў кіраўніцтву Мінска і Мінскай вобласці ў частцы навядзення парадку каля зон адпачынку на Мінскім моры. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён асабіста праінспектаваў сітуацыю ў раёне гэтага вадаёма. "Там наогул катастрофа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння трэба зрабіць усё, што можна. На перспектыву трэба абсталяваць стаянкі - простыя, зручныя, каб людзі маглі паставіць аўтамабілі і з дзецьмі падысці да вады, абсталяваць месцы для купання. Тысячу разоў аб гэтым гаварылі, але нічога не зроблена", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў цяперашняй сітуацыі, калі адпачывальнікі пакідаюць свае аўтамабілі ледзь не ля самай вады, а часам і мыюць іх, гэта негатыўна ўплывае на экалагічную абстаноўку. "Там жа дзеці адпачываюць! Не дай бог, я сёння-заўтра ўбачу каля вадаёмаў тое, што я бачыў 3-4 дні таму. Трэба закасаць рукавы і працаваць. Калі нехта нас не разумее, трэба патрабаваць так, каб было страшна ступіць не туды, куды трэба", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад Германіі, на якую часта спасылаюцца, гаворачы аб падтрыманні парадку. "Але там чалавек не зробіць ні паўкроку туды, куды забаранілі ўлады", - заўважыў беларускі лідар.