Нарада аб мерах дзяржаўнай падтрымкі арганізацый фізічнай культуры і спорту

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе высокіх спартыўных рэзультатаў, якія павінны стаць крытэрыем зарплат і заахвочванняў у гэтай сферы. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 17 лістапада ў ходзе даклада аб мерах дзяржаўнай падтрымкі арганізацый фізічнай культуры і спорту.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "чарговы раз мы вымушаны звярнуцца да праблемы аказання дзяржаўнай падтрымкі спартыўным арганізацыям".

    Паводле яго слоў, у нашай краіне ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для развіцця фізкультуры і спорту. У гэту сферу ўкладаюцца немалыя, у тым ліку дзяржаўныя, сродкі. Не пакінуты без увагі і праблемы развіцця інфраструктуры, арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў і, вядома, зарплаты спецыялістаў. На ўрэгуляванне ўсіх гэтых пытанняў накіраваны Указ № 191 "Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту", падпісаны 15 красавіка 2013 года.

    Кіраўнік дзяржавы задаў слушнае пытанне: ці ёсць той рэзультат, на які разлічвала краіна, адшукваючы немалыя сродкі на падтрымку спорту ў вельмі няпростых умовах.

    "Указ дзейнічае паўтара года, і сёння хацелася б пачуць аб'ектыўную ацэнку яго эфектыўнасці зыходзячы з таго, што падказвае нам жыццё і практыка. Тым больш, што вамі ўнесены чарговыя прапановы аб рэгуляванні праваадносін у гэтай галіне, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Аргументацыя ў іх падтрымку павінна быць важкай. Я хацеў бы сёння гэту аргументацыю пачуць".

    Прэзідэнт нагадаў аб базавых прынцыпах аказання дзяржаўнай падтрымкі спорту, перш за ўсё клубам па гульнявых відах. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што нельга дапускаць марнатраўнага стаўлення да сродкаў. Паводле яго слоў, дапамагаць трэба толькі тым, хто сам шукае магчымасць атрымання даходаў ад сваёй дзейнасці. Тым, хто працуе на перспектыву, стараецца матэрыяльна забяспечваць дзейнасць свайго клуба, шукае магчымасці для развіцця.

    Адно з ключавых патрабаванняў указа - абавязковае фінансаванне інфраструктуры і дзіцяча-юнацкага спорту клубамі, якія атрымліваюць дзяржаўную падтрымку. Прэзідэнт упэўнены, што без эфектыўна выбудаванай клубнай вертыкалі і падрыхтоўкі дастойнага рэзерву немагчыма дабіцца ўстойлівага поспеху ў спорце. Таму вялікая ўвага ў час даклада была ўдзелена абмеркаванню пытанняў развіцця дзіцяча-юнацкага спорту. Кіраўнік дзяржавы даручыў дасканала прадумаць механізм фінансавання дзіцяча-юнацкіх школ незалежна ад іншых пытанняў. Выхаванне падрастаючага пакалення спартсменаў - важнае пытанне.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў зрабіць больш жорсткім дзяржаўнае фінансаванне спартыўнай галіны. "Галоўнае - спартыўны рэзультат. Толькі ён павінен быць крытэрыем усіх зарплат, прэмій і іншых выплат, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Тыя, хто паказвае нармальныя рэзультаты, могуць разлічваць на падтрымку".

    Пры гэтым ён заўважыў: "Напэўна, ніхто з тых, хто выдаў рэзультат, пачынаючы ад Дар'і Домрачавай, не могуць пакрыўдзіцца на дзяржаву, што мы не выконваем недзе свае абавязацельствы".

    "На жаль, як мне дакладваюць, не ўсе арганізацыі гатовы працаваць на перспектыву, а лічаць за лепшае жыць адным днём, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Такія ўтрыманскія настроі будуць строга выкараняцца аж да спынення дзяржаўнай падтрымкі і спагнання ўсіх атрыманых сум".

    "Мне часта гавораць: "Калі мы цяпер не акажам падтрымку таму ці іншаму клубу, ён загіне, гэты спорт заглухне", - адзначыў Прэзідэнт. - Няхай гіне і няхай глухне. Публічна вам аб гэтым кажу. Нам проста "аматарства", як гавораць у Беларусі, не трэба фінансаваць. Таму, калі яны выйшлі на спартыўную пляцоўку, гэта больш за ўсё датычыцца спартсменаў гульнявых відаў спорту, дык няхай выдаюць рэзультат. І не проста рэзультат - яны павінны ствараць настрой у грамадстве, прыносіць славу дзяржаве, узнімаць імідж дзяржавы. Вось каго мы павінны падтрымліваць і заахвочваць, і яшчэ дзяцей, таму што без іх вялікіх не будзе".

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладных адказаў на пытанні: як сёння працуе Указ Прэзідэнта, ці ўдалося дабіцца вырашэння пастаўленых задач і якія меры прымаюцца адносна арганізацый, што не выконваюць гэты дакумент. Прэзідэнт таксама лічыць неабходным ацаніць агульную карціну дзяржаўнай падтрымкі спартыўных арганізацый і яе мэтавага выкарыстання.

    "Асабліва хачу вылучыць пытанні атрымання спартыўнымі арганізацыямі сродкаў з міжнародных і замежных крыніц. На якія мэты яны выдзяляюцца і на што рэальна выкарыстоўваюцца? - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. - Як вы ведаеце, да апошняга часу гэтыя сродкі вызваляліся ад падаткаабкладання, але я даў указанне спыніць такую практыку - падаткі трэба плаціць усім. Пара навесці і тут парадак. Як мне далажылі, ён ужо наводзіцца".

    Прэзідэнт нагадаў, што калі будавалі стадыён у Барысаве, з БАТЭ яго ўвесь час прасілі - вось мы атрымалі сродкі, вызваліце ад падаткаў, частка пойдзе на стадыён. "Гэта разумна. Я ім тады, даўно паабяцаў: будзеце гуляць добра - пабудуем стадыён, і мы яго пабудавалі. Добры, зручны стадыён, можна гуляць. Я прыводжу БАТЭ таму, што яно на слыху. Да гэтага клуба шмат прэтэнзій, але гэта наш лепшы клуб, я аб іншых не кажу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт прапанаваў дакладна абдумаць і абмеркаваць усе гэтыя пытанні з тым, каб прыняць аптымальнае рашэнне. У прыватнасці, ён адзначыў: "Вы добра разумееце - шалёных грошай няма, лішніх грошай няма, ды і не трэба. Грошы трэба зарабляць, умовы ёсць. І гэтыя ўмовы трэба з кожным годам рабіць больш строгімі, каб выключыць усялякае фінансаванне з дзяржбюджэту клубаў, якія ў нас фактычна камерцыйныя. Пакрыху да гэтага трэба ісці, як я вам гаварыў. Будуць рэзультаты - мы аператыўна знойдзем у бюджэце грошы, каб аддзякаваць спартсменам або арганізацыям".

    Кіраўнік дзяржавы даручыў таксама дакладна вызначыцца з заработнымі платамі ў спартыўнай сферы. "Зарплаты павінны быць вызначаны, усё павінна быць празрыста. Несправядліва заробленых грошай быць не павінна. Усе пытанні трэба адрэгуляваць", - запатрабаваў Прэзідэнт.

    У ходзе даклада было прапанавана кіравацца ў будучым такой формулай, якая будзе стымуляваць зарабляць грошы: колькі спартыўныя клубы заробяць, столькі ж сродкаў ім выдзеліць і дзяржава.

    У цэлым Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапановы ўрада, грамадскіх арганізацый, накіраваныя на стымуляванне дзейнасці спартыўных клубаў і самастойнага заработку імі сродкаў.

    Кіраўнік дзяржавы даручыў канчаткова дапрацаваць змяненні, якія плануецца ўнесці ва Указ, што датычыцца аказання падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту.