Нарада аб карэкціроўцы правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі

  • 1

Уступныя іспыты ў Беларусі неабходна асучасніць. На гэтым зрабіў акцэнт Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 3 мая ў час нарады па пытаннях карэкціроўкі правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, існуючая ў краіне ў выглядзе ЦТ сістэма прыёму ў ВНУ і ССНУ не павінна быць застылай, неабходна, каб яна гібка рэагавала на сучасныя павевы. Прэзідэнт адзначыў, што існуюць розныя пункты гледжання наконт цэнтралізаванага тэсціравання, але няма і значнай перавагі ні ў адзін, ні ў другі бок. Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу больш арыентуецца ў гэтым пытанні на экспертаў і грамадства.

На нарадзе таксама абмяркоўваліся меры для павелічэння набору абітурыентаў на востра запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. У сувязі з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў не спрашчаць працэдуру паступлення, каб забяспечыць якасны адбор студэнтаў. Кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб пры прыёме на такія спецыяльнасці абітурыенты праходзілі гутарку, якая давала б магчымасць ацаніць, наколькі ўзровень іх ведаў адпавядае выбранай спецыяльнасці. Вышэйшая адукацыя, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, не павінна быць масавай у адмоўным сэнсе гэтага слова, неабходна, каб яна заставалася элітарнай.

Пры падрыхтоўцы спецыялістаў у ВНУ трэба арыентавацца на патрэбнасці эканомікі, прадоўжыў Прэзідэнт. "Мы будзем заўсёды зыходзіць з гэтай патрэбнасці па колькасным і якасным складзе нашых абітурыентаў, будучых студэнтаў", - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.

Абітурыенцкай кампаніі ў Беларусі традыцыйна ўдзяляецца пільная ўвага. У гэтым годзе яна таксама павінна прайсці зладжана, запатрабаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады ў цэлым адобрыў прапанаваныя змяненні і дапаўненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Чакаецца, што навацыі ўступяць у сілу з 2017 года. Абітурыенты атрымаюць, у прыватнасці, магчымасць здаваць ЦТ па чатырох прадметах пры паступленні ў ВНУ і па трох - у ССНУ. Перыяд дзеяння сертыфіката ЦТ павялічыцца да двух гадоў, а колькасць рэзервовых дзён цэнтралізаванага тэсціравання - да трох дзён.

У час нарады закраналіся іншыя аспекты дзейнасці сістэмы адукацыі ў цэлым. Адзначалася, што яна павінна развівацца на аснове лепшага вопыту з улікам сучасных тэндэнцый.