Нарада аб асобных пытаннях сацыяльнага забеспячэння

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе своечасовай і поўнай выплаты пенсій і сацыяльных дапамог. Аб гэтым ён заявіў 24 ліпеня на нарадзе аб асобных пытаннях сацыяльнага забеспячэння.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ў краіне больш як 2,5 млн пенсіянераў, з іх 646 тыс. працуючых. "Але астатнія жывуць на пенсію. Таму сёння мы абавязаны своечасова і поўна выплаціць пенсію гэтым людзям", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе тэмп росту заработнай платы невысокі, паколькі ён строга ўвязаны з тэмпам росту прадукцыйнасці працы. "Але гэта правільна, гэта законы эканомікі, ад гэтага нікуды не дзенешся. Тым больш у складаны час ніхто з гэтымі пытаннямі ні ў адной дзяржаве не жартуе і не балуецца.А калі заработная плата не такая вялікая, значыць, у нас і пенсіі адпаведным чынам прывязаны да зарплат", - падкрэсліў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным звальняць пенсіянераў, здольных працаваць далей.   

"У сродках масавай інфармацыі чытаю аб пазіцыі некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў і падыходах, якія дазваляюць, захоўваючы працоўныя калектывы, звальняць пенсіянераў. Маўляў, сітуацыя складваецца такая, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вось гэтага дапускаць нельга! Хоча чалавек працаваць, можа працаваць - няхай працуе. Інакш наш лозунг аб сацыяльнай дзяржаве так і застанецца лозунгам".

"Па-чалавечы трэба ставіцца да людзей. Але калі некаторыя кіраўнікі гэтага не разумеюць, то трэба перш за ўсё кіраўніка адправіць на вуліцу, таму што без ведама ўлады ён нікуды не ўладкуецца, і потым паглядзім, як ён будзе сябе паводзіць. Нельга фармальна выконваць пастаўленыя мною задачы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных на тое, што аб пенсіянерах і іншых неабароненых слаях насельніцтва трэба памятаць заўсёды. "І справа тут не ў выбарах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў ад урада далажыць, як ідуць справы з фарміраваннем фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, наколькі забяспечваецца своечасовасць выплаты пенсій і сацыяльных дапамог. Ён нагадаў, што раней дэталёва былі разгледжаны многія вострыя праблемы, якія стаяць у сферы эканомікі і перш за ўсё перад вялікімі прадпрыемствамі, дзе адной з прыярытэтных задач з'яўляецца захаванне працоўных калектываў і своечасовая выплата зарплаты.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне пенсійнага ўзросту ў Беларусі, падкрэсліўшы, што ён павышацца не будзе.

"Маё меркаванне наконт гэтага вядома: калі людзі не хочуць павышэння пенсійнага ўзросту, мы ім адкрыта сказалі - вось такі пенсійны ўзрост, такі пенсійны фонд, мы яго дзелім на ўсіх пенсіянераў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"І размова сёння не ідзе аб гэтым, і ўзнімаць гэта пытанне няма чаго", - дадаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што з кожным годам хоць пакрыху, але становіцца менш працуючых людзей, якія ажыццяўляюць адлічэнні ад сваёй заработнай платы на сацыяльныя патрэбы. "Таму людзі ведаюць сітуацыю, і жаваць гэта пытанне абсалютна недарэчы, ды і не час", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, цяпер са сродкаў фонду пенсійныя выплаты атрымліваюць 2,573 млн пенсіянераў. Паводле яе слоў, пенсіі выплачваюцца з 5-га па 26-е чысло. Сярэдняя пенсія па ўзросце складае Br2,749 млн, і ў адпаведнасці з палажэннямі канцэпцыі аб нацыянальнай бяспецы суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы па краіне, так званы каэфіцыент замяшчэння, не павінен быць ніжэйшы, чым 40 працэнтаў.  Паводле слоў Мар'яны Шчоткінай, гэта міжнародная станоўчая практыка і гэта абавязацельства беларускай дзяржавай заўсёды выконвалася. Так, за студзень-май гэтыя суадносіны склалі крыху больш за 43 працэнты. Міністр падкрэсліла, што гэтыя суадносіны будуць вытрыманы і па выніках года.

Прэзідэнту даложана, што дзяржава выконвае гарантыі па своечасовай і ў поўным аб'ёме выплаце пенсій і дапамог. Штомесячныя выплаты з боку дзяржавы ў памеры Br7,4 трлн выплачваюцца без зрыву тэрмінаў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў адшукаць сродкі для таго, каб спланаваць павышэнне пенсій з 1 верасня на 5 працэнтаў. Міністр падкрэсліла, што гэта задача будзе выканана.