Нарада аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка не бачыць неабходнасці змяняць курс, якога прытрымліваецца дзяржава. Аб гэтым ён заявіў 26 студзеня на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўрад ставіць шэраг пытанняў, якія патрабуюць прыняцця рашэнняў на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што абдумваў прапановы ўрада не адзін дзень і не адзін тыдзень.

"І я не знаходжу магчымасці і неабходнасці змяняць курс (калі ў кагосьці ёсць такія прапановы) у гэтай сітуацыі. Курс, па якім мы атрымалі незалежнасць, стварылі сваю дзяржаву. І сёння нешта ламаць, прытым залішне напружваючы людзей, прытым безвынікова, - я на гэта не тое што не магу пайсці, я катэгарычна супраць гэтага", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Прашу прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу ў перадвыбарную кампанію. Хлусіць людзям нельга. У адваротным выпадку мы будзем праводзіць так званыя рэформы для сябе, якія будуць не прыняты народам, гэта не толькі ўнясе неразбярыху ў розумы людзей, але і дэстабілізуе абстаноўку, і тады нам спатрэбіцца пры страце кіруемасці, магчыма, і аблічча ўлады, грошай значна больш, чым трэба, дапусцім, сёння для пагашэння знешняй пазыкі", - адзначыў беларускі лідар.

"Урад не павінен быць нейкай канторай. Ён павінен сёння (адкрыта аб гэтым трэба гаварыць у складанай сітуацыі) у ручным рэжыме кіраваць эканомікай там, дзе гэта трэба, на месцы дапамагаючы ўсім, чым мы можам, прадпрыемствам, губернатарам, старшыням райвыканкамаў, патрабуючы ад іх бездакорнага выканання прынятых рашэнняў і вельмі высокай напружанасці і інтэнсіўнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што пры гэтым усе павінны даваць рэзультат.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падставай для сённяшняй нарады стала прапанова ўрада абмеркаваць тэндэнцыі, якія адбываюцца апошнім часам на міжнародных рынках, перш за ўсё ў Расійскай Федэрацыі, звязаныя з няпэўнасцю з расійскім рублём і з цэнамі на нафту. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь значна залежыць ад цэн на нафту, паколькі перапрацоўвае прыкладна 22-23 млн т нафты ў год.

Што датычыцца расійскага рубля, то для беларускай прадукцыі рынак Расійскай Федэрацыі застаецца асноўным. "Ад гэтага мы пакуль нікуды не адыдзем. Мы вымушаны глядзець, як развіваецца Расія, яе эканоміка, якія ў яе тэндэнцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца іншых знешніх рынкаў, на якіх мы працуем, - таксама сітуацыя нярадасная. Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк, іншыя арганізацыі, якія займаюцца прагназаваннем эканомікі ў сусветным маштабе, таксама даюць негатыўныя прагнозы, з кожным месяцам пакуль паніжэнне на паўпрацэнта, на працэнт... Зразумела, усё гэта прагнозы, але яны так ці інакш у гэтай рыначнай эканоміцы ўплываюць не толькі псіхалагічна, але і фактычна на развіццё тых ці іншых галін, у тым ліку нашай эканомікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У цяперашніх умовах Прэзідэнт лічыць важным абараніць унутраны рынак.

"Унутраны рынак не абаронены, я каторы раз аб гэтым гавару, але сёння ідзе вывучэнне гэтай сітуацыі. Пакуль не на карысць урада. Паглядзім, як будзе далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Але без мер абароны ўнутранага рынку, без выкарыстання магчымасцей нашага насельніцтва, няхай гэтыя магчымасці не такія гіганцкія, вялікія, тым не менш, рынак свой аддаць - гэта значыць, нічога не рабіць унутры сваёй краіны, а гераічна пераадольваць гэтыя складаныя тэндэнцыі на знешніх рынках", - лічыць Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, "каб беларусы куплялі сваё, трэба прапанаваць якасны тавар і па цане нармальны". "Усё гэта мы ўмеем рабіць. Таму пытанне за арганізацыяй справы", - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да членаў урада.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што была створана маніторынгавая група, якая вывучыла ўсе гэтыя пытанні. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што курс, які вызначаны дзяржавай, павінен з'яўляцца крытэрыем прыняцця рашэнняў.