Нарада аб актуальных пытаннях развіцця буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным выпрацаваць на кожным прадпрыемстве гібкія меры рэагавання на ўзнікаючыя выклікі і пагрозы. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 19 чэрвеня на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на гэтай нарадзе ў працяг праведзенай напярэдадні размовы аб шляхах паляпшэння сітуацыі ў дрэваапрацоўцы трэба абмеркаваць аналагічнае пытанне і найбольш вострыя праблемы на вялікіх прамысловых прадпрыемствах.

На думку Прэзідэнта, развіццё беларускай прамысловасці ў мінулым годзе адбывалася ў складаных знешнеэканамічных умовах і, на жаль, негатыўныя тэндэнцыі захоўваюцца. Усё гэта выклікае скарачэнне экспарту і вытворчасці, адбіваецца на фінансава-эканамічным стане прадпрыемстваў.

"На першы план выходзяць пытанні якасці і сабекошту прадукцыі, эфектыўнасці кіравання, вытворчасці і дыверсіфікацыі продажаў, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы не раз абмяркоўвалі гэту праблему, і было прынята прынцыповае рашэнне аб тым, што можа зрабіць дзяржава. Мы павінны сумленна і адкрыта сказаць: мы робім гэта або па нейкіх прычынах рабіць не будзем. На сённяшні дзень, як я разумею, урад выпрацаваў меры падтрымкі".

Прэзідэнт таксама запатрабаваў: "На кожным прадпрыемстве павінны быць выпрацаваны гібкія меры ўласнага рэагавання на ўзнікаючыя выклікі і пагрозы. Мы таксама аб гэтым дамовіліся".

Ён нагадаў, што ў 2013 годзе даручаў вышэйшым службовым асобам курыраваць прадпрыемствы, якія маюць складанасці з рэалізацыяй прадукцыі. "Зыходзячы з дасягнутых вынікаў відаць, што гэты механізм у цяперашніх умовах працуе слаба. Але, тым не менш, галоўны на прадпрыемстве - дырэктар, з яго асноўнае спагнанне", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе перад тым, як заслухаць прапановы ўрада па развіцці прамысловасці і паляпшэнні сітуацыі ў ёй, Прэзідэнт запатрабаваў інфармацыю аб рэальнай сітуацыі ад міністра прамысловасці і віцэ-прэм'ера, які адказвае за гэту сферу. Прэм'ер-міністр праінфармаваў аб мерах, што прымаюцца ўрадам па фінансавым аздараўленні праблемных прадпрыемстваў. "Мяне цікавіць дынаміка, тэндэнцыі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў дакладна вызначыць, што ў першую чаргу неабходна зрабіць па развіцці гэтых прадпрыемстваў, а таксама выпрацаваць сістэмныя падыходы да вырашэння пастаўленых задач.
 
У час нарады ішла размова аб сітуацыі на прадпрыемствах Мінпрама ў цэлым і на чатырох сістэмаўтваральных прадпрыемствах - МАЗ, БелАЗ, Гомсельмаш і МТЗ. Кіраўніку дзяржавы было даложана, наколькі дзейсная была прынятая раней сістэма мер па прасоўванні прадукцыі на знешнія рынкі. Акрамя таго, урад прапанаваў меры дзяржаўнай падтрымкі, якія павінны быць аказаны прадпрыемствам для таго, каб яны паспяхова завяршылі другую палавіну года і ў цэлым год.

Кіраўнік дзяржавы гэтыя прапановы ў цэлым падтрымаў. Пры гэтым перад Адміністрацыяй Прэзідэнта, КДК пастаўлена задача весці пастаянны маніторынг эфектыўнасці праводзімай работы.