Нарада аб актуальных пытаннях падатковай палітыкі

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным пакінуць падатковыя льготы толькі для прыярытэтных відаў дзейнасці. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 16 лютага на нарадзе аб актуальных пытаннях падатковай палітыкі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер у Беларусі няма магчымасці прадастаўляць падатковыя льготы ў ранейшым аб'ёме. "Калі раней на пэўным этапе ў нас была магчымасць прадастаўляць такія падатковыя льготы, цяпер іншы час. Ад індывідуальных ільгот наогул, напэўна, трэба адыходзіць", - лічыць Прэзідэнт.

"Мы павінны зыходзіць з прынцыпу, калі ўсе суб'екты гаспадарання працуюць у аднолькавых умовах. Выключэнне могуць складаць толькі прыярытэтныя віды дзейнасці, якая ўяўляюць цікавасць для дзяржавы з пункту гледжання стварэння ўмоў для эфектыўнага развіцця і, вядома ж, атрымання аддачы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер у краіне дзейнічае амаль 250 падатковых ільгот. Бюджэт толькі ў 2013 годзе недабраў з-за гэтага каля мільярда долараў ЗША. Прэзідэнт адзначыў, што падатковыя льготы патрэбны, каб стымуляваць прыярытэтныя віды дзейнасці і дабіцца важкай аддачы. "Аднак, трэба прызнаць, што мы надавалі столькі льгот, што цяпер самі з цяжкасцю можам разабрацца", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы пытанне падатковай нагрузкі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Трэба ўсебакова разгледзець гэта пытанне. Але ні ў якім выпадку не трэба шарахацца". Больш за ўсё нараканняў у сувязі з гэтым ідзе ў адрас плацяжоў на пенсійнае і сацыяльнае страхаванне, канстатаваў Прэзідэнт. Разам з тым ён адзначыў, што ў нас сацыяльна арыентаваная дзяржава.

Характарызуючы стан падатковай сістэмы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што для яе ўдасканалення апошнім часам зроблена нямала: скарочана колькасць падаткаў, спрошчана адміністраванне, уведзена электроннае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі падаткаў. "Быццам бы стала лепш, што пацвярджаецца міжнародным рэйтынгам падаткаабкладання", - адзначыў Прэзідэнт. За тры гады Беларусь у ім узнялася са 183-га на 60-е месца.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што частыя змены ў сферы падаткаў не ідуць на карысць: "з іншага боку, часта нешта змяняць у падатках - можна ўпасці ў крайнасць і нанесці ўрон стабільнасці краіны".

"Шчыра кажучы, можа, варта адзін раз максімальна адкарэкціраваць, каб потым некалькі гадоў усім спакойна працаваць?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнту дакладваюць, што ўжо і прадпрымальнікі просяць спыніць усялякія рэформы ў падатковай сферы, паколькі патрэбна стабільнасць.

Яшчэ адзін аспект, на якім спыніўся на нарадзе беларускі лідар, - падатковае адміністраванне. "Падаткаабкладанне павінна быць максімальна простым, зразумелым кожнаму і лагічным. Гэта пытанне, калі хочаце, не толькі эканамічнае, але і псіхалагічнае. Часам падатковае заканадаўства маленькую фірму прымушае трымаць бухгалтараў больш, чым колькасць самой фірмы. Гэта ненармальна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У час нарады таксама закраналася пытанне ажыццяўлення падатковага кантролю. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падатковая інспекцыя - гэта не кансультант, які ўвесь час нешта растлумачвае і падказвае бухгалтару, але гэтага не пазбегнуць. "Нікуды не дзенешся, у жыцці заўсёды так бывае, што, правяраючы, кантралюючы, падатковаму інспектару даводзіцца кансультаваць прадпрымальнікаў, раіць бухгалтарам. Але гэта не галоўная функцыя падатковага інспектара", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Работнік падатковых органаў - гэта кантралёр! У многіх краінах, і гэта ніхто не ўтойвае, падатковая - галоўны фіскальны орган дзяржавы, і для нас важная задача - павысіць статус і прэстыж падатковай службы", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Нельга забываць, што без падаткаў няма дзяржавы. Аднак падаткі - гэта не толькі фіскальны інструмент, але і стымул для развіцця эканомікі. Таму перабору быць не павінна", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках пасяджэння падкрэслена неабходнасць узмацніць дыялог паміж урадам і бізнесам, каб змяненні падатковага заканадаўства былі больш прадказальнымі і зразумелымі для дзелавога супольніцтва.