Нарада па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня на нарадзе па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі запатрабаваў да канца года навесці жорсткі парадак у гэтай сферы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што алкагольная прадукцыя - гэта асаблівы падакцызны тавар, абарачэнне якога ва ўсім свеце строга рэгулюецца дзяржавай. "Не выключэнне і наша краіна. Мы пастаянна трымаем на кантролі гэту тэму. Увялі манаполію дзяржавы па ўсіх гэтых пытаннях", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што 1 ліпеня бягучага года спецыяльнымі ўказам і дэкрэтам Прэзідэнта ўведзены дадатковыя ахоўныя меры па ўзмацненні дзяржаўнага рэгулявання ў сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі.

"Была пастаўлена задача не дапускаць на ўнутраны рынак паступлення няякаснай прадукцыі, скараціць ценявы абарот алкагольных напіткаў. Гэта не толькі страта бюджэту, але ў першую чаргу пагроза здароўю і жыццю людзей".

Аднак, як падкрэсліў Прэзідэнт, у гэтай сферы ўсё яшчэ захоўваюцца пэўныя негатыўныя тэндэнцыі. У прыватнасці, павялічваецца імпарт спіртнога, расце яго нелегальны абарот, і ў той жа час скарачаецца айчынная вытворчасць. "На жаль, урад паводзіць сябе вельмі нерашуча ў прыняцці мер па абароне ўнутранага рынку. Гэта нікуда не варта", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Ён запатрабаваў дакладных адказаў на шэраг пытанняў. У прыватнасці, што перашкаджае абараніць уласны рынак? Чаму экспарт не расце, а падае, хоць магутнасці па вытворчасці алкаголю ў два разы перасягаюць унутраныя патрэбнасці? Якія меры прымаюцца для прасоўвання беларускай прадукцыі ў гандлёвыя сеткі ў краіне і за мяжой?

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў удзельнікаў нарады - цяпер задача не шукаць апраўдання, чаму пагаршаецца становішча галіны, а прыняць канкрэтныя меры для абароны людзей.

"Навядзенне строгага парадку ў сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі - прамы абавязак дзяржавы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Акцызная палітыка, якую прапаноўваў урад і сёння прапануе, практычна ўгробіла, як кажуць спецыялісты, галіну. Акцызы прывялі да павелічэння цаны і разам з кантрафактам да зніжэння попыту на гэту прадукцыю, а значыць страты бюджэту", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама падкрэсліў: "Прыватныя структуры за кошт паваротлівасці і за кошт не ведаю якіх фактараў, гэта вы мне скажаце (аж да хабараў і ўзаконьвання нейкіх хабараў і надзялення іх статусам прэмій, бонусаў і іншага) занялі каля 35 працэнтаў рынку, пры гэтым нядобрасумленна пацясняючы дзяржаўныя структуры, у тым ліку з дапамогай сеткавых структур".

Прэзідэнт лічыць, што "дыктат сетак недапушчальны, ён ужо наблізіўся да непрымальнага значэння".

"Як я ўжо сказаў, выцясняюцца дзяржпрадпрыемствы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - З дзяржпрадпрыемстваў за рэалізацыю лікёра-гарэлачных вырабаў патрабуюць скідкі, часам да 40 працэнтаў кошту, і, як я гаварыў, устанаўліваюць незразумелыя бонусы і прэміі для гандлёвых сетак за кошт, зразумела, вытворцы". Нічога такога быць не павінна.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб міністр гандлю, якому прадастаўлена ўся паўната ўлады па многіх гэтых пытаннях, далажыў аб сітуацыі ў галіне.

Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што кантрафактная прадукцыя з Расіі і іншых краін "задушыла краіну". "Хто перашкаджае ўраду абараніць уласны рынак?" - задаў слушнае пытанне Прэзідэнт. Ён таксама сказаў, што спецыялісты прапануюць увесці строгую адказнасць за пастаўкі ў Беларусь кантрафактнай прадукцыі.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на праблему несвоечасовых разлікаў за лікёра-гарэлачныя вырабы. Прэзідэнт жорстка паставіў пытанне - чаму наогуле дапушчана такая сітуацыя, калі запазычанасць гандлёвых аб'ектаў перад вытворцамі часам перасягае сумы крэдытаў гэтых прадпрыемстваў.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб да 1 верасня ўсе без выключэння пратэрмінаваныя запазычанасці па аплаце пастаўленай прадукцыі былі пагашаны. Акрамя таго, будуць уведзены больш жорсткія меры за неаплату пастаўленай прадукцыі аж да пазбаўлення ліцэнзій. Кантраляваць гэта пытанне даручага КДБ.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на праблему складскіх запасаў прадукцыі, а таксама не недапрацоўкі ў яе прасоўванні на ўнутраны і замежны рынкі.

Патрабаванне Кіраўніка дзяржавы - да 15 верасня абсалютна ўся вырабленая прадукцыя павінна быць пастаўлена ў гандлёвыя сеткі. Прадукцыя павінна знаходзіцца не на складах, а на прылаўках магазінаў. "З сённяшняга дня павінен быць дыктат не гандлёвых сетак, а вытворцаў", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама закрануў тэму пасрэднікаў, у выніку выкарыстання паслуг якіх павышаюцца цэны на прадукцыю. Таму яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта - не павінна быць ніякіх пасрэднікаў у рэалізацыі прадукцыі.

Камітэт дзяржаўнага кантролю прапанаваў перагледзець мінімальны асартымент беларускай алкагольнай прадукцыі ў аб'ектах гандлю. Акрамя таго, кантралёры лічаць недапушчальна высокімі гандлёвыя нацэнкі ў аб'ектах грамадскага харчавання.

Экспарт і прасоўванне беларускай алкагольнай прадукцыі на замежныя рынкі - яшчэ адзін важны напрамак, на які звярнуў увагу удзельнікаў нарады Кіраўнік дзяржавы. Рэзервы для павышэння эфектыўнасці работы ёсць, паколькі вытворчыя магутнасці выкарыстоўваюцца зусім не поўнасцю.

На нарадзе таксама закраналася пытанне колькасці ўвозу і вывазу алкагольнай прадукцыі, і рашэнне па гэтым пытанні плануецца прыняць ужо ў бліжэйшы час.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што трэба прыняць усе неабходныя меры па абароне айчыннага вытворцы. Прэзідэнт таксама лічыць, што галоўнае - гэта вытворчасць якаснай прадукцыі і недапушчэнне ўвозу ў краіну кантрафактных тавараў. Прыняцце комплексных мер дасць магчымасць стабілізаваць сітуацыю ў галіне ўжо да канца года.