Міжнародная экспертная канферэнцыя "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх"

  • 13

Значнасць Мінска ў якасці зручнай перагаворнай пляцоўкі ўзрастае. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 мая на міжнароднай экспертнай канферэнцыі "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх".

"Не выпадкова гэта мерапрыемства праходзіць у Мінску. Тут ужо традыцыйна прадстаўнікі розных краін і рэгіёнаў планеты могуць у абсалютна спакойнай абстаноўцы і поўнай бяспецы абмяркоўваць абсалютна любыя, нават самыя вострыя пытанні. Дзякуючы шматвектарнай знешняй палітыцы краіны, павазе да замежных партнёраў, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашай дзяржавы ўзрастае яго значнасць як зручнай пляцоўкі для любых перагавораў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў удзел у канферэнцыі экспертаў, вучоных і прадстаўнікоў краін Заходняй і Усходняй Еўропы, Расіі, ЗША і Кітая. "Гэта пацвярджае глабальнасць разглядаемых вамі праблем. Паколькі размова ідзе аб канцэптуальных аспектах міжнароднай бяспекі, канкрэтных "гарачых" і "замарожаных" канфліктах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, мінская экспертная пляцоўка прызначана садзейнічаць абмену меркаваннямі, аргументаванай дыскусіі і пачатку дыялогу, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў міжнародных адносінах.

"Любы разважлівы чалавек пацвердзіць, што сёння няма больш важнага пытання, чым захаванне міру і забеспячэнне яго ўстойлівага развіцця. Таму важна выпрацаваць і прадставіць палітыкам дакладныя прапановы, як гэта зрабіць з захаваннем інтарэсаў усіх бакоў. Яшчэ лепш, калі вашы ідэі будуць уздзейнічаць на шырокую грамадскую свядомасць. Для многіх людзей відавочна, што з моманту заканчэння халоднай вайны еўрапейская архітэктура бяспекі яшчэ не перажывала такога глыбокага сістэмнага крызісу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь унесла ініцыятыву аб неабходнасці пачатку новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі, які павінен быць накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах дзяржаў на агульнай прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі. "Не мае значэння, як ён будзе называцца - Новы Хельсінкскі працэс, "Хельсінкі-2" ці яшчэ як-небудзь. І не важна, дзе ён будзе праходзіць. І зусім не важна, хто тут ініцыіруе гэты працэс. Мы ўсе павінны яго ініцыіраваць, таму што мір даражэйшы за ўсё. Важна, каб такі дыялог пачаўся і яго вынікам стала рэальнае ўмацаванне міжнароднай бяспекі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Вялікім геапалітычным ігракам пара задумацца пра стан сучасных міжнародных адносін, якія ўжо вельмі нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У ліку яе прычын Федэральны прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў "хісткасць фундаменту" адносін паміж вялікімі дзяржавамі, а таксама "адсутнасць волі і інструментаў для фарміравання даверу і мірнага балансу інтарэсаў".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што некаторыя палітыкі ўжо забылі і жахі Другой сусветнай вайны, якая скончылася не так даўно.

"Вялікія дзяржавы, прызначаныя быць надзейнымі гарантамі стабільнасці, сёння не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з сур'ёзнейшых пытанняў. З аднаго боку, яны гавораць пра важнасць захавання архітэктуры сучаснай бяспекі, а з іншага - не пакідаюць спроб абысці вета ў Савеце Бяспекі ААН", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць перш за ўсё адсутнасцю гарантый недапушчэння маштабнага ўзброенага канфлікту, няхай нават ненаўмыснага. Ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый у свеце прынцыповыя супярэчнасці паміж дзяржавамі накопліваюцца і прымаюць вострую форму.

"На авансцэну зноў выходзіць стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж вядучымі краінамі. Зноў, няхай і знайшоўшы зручную прычыну, яны робяць стаўку на сілу, у тым ліку ваенную, як адзін з відаў пашырэння сваіх інтарэсаў. Прамое і ўскоснае парушэнне міжнароднага права, пагарджанне ім становіцца палохаючай практыкай, якая апраўдваецца аналагічнымі дзеяннямі апанентаў", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што паміж Захадам і Расіяй набіраюць абароты санкцыйнае і інфармацыйнае проціборства, гандлёвыя войны. Нагнятаецца сітуацыя паміж ЗША, ЕС і Расіяй, у што ўцягваюць і Кітай. Актыўна раскручваецца махавік гонкі ўзбраенняў.

Прэзідэнт адзначыў, што важнейшай адметнасцю сённяшняй сітуацыі з'яўляецца непрадказальнасць, калі нават так званыя чырвоныя лініі ўжо нікога не спыняюць.

Акрамя таго, разам з беспрэцэдэнтным ростам тэрарызму і колькасці рэгіянальных канфліктаў, магутнымі сацыяльна-эканамічнымі дысбалансамі, фундаментальнымі пагрозамі дэмаграфічнага і экалагічнага характару з'яўляюцца новыя выклікі, якія "муціравалі". У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы ўпамянуў электронныя і лічбавыя метады, якія выкарыстоўваюцца ў палітычнай барацьбе і медыяпрасторы, кіберуздзеянне.

"Нават вялікі спорт, уключаючы Алімпійскія гульні, якія некалі былі сімвалам прымірэння, зноў становіцца разменнай манетай у палітычных гульнях. Мы нават паспелі забыць аб такім відзе процістаяння", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі сёння вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца паміж сабой, то гэта не азначае, што ўсе астатнія краіны павінны сядзець моўчкі і чакаць іх указанняў. Упэўнены, што Еўропа можа і павінна паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў, існуючых паміж Усходам і Захадам. Стаць месцам урэгулявання злабадзённых праблем. Перш за ўсё такіх, як украінскі  крызіс", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, цалкам відавочна, што многія ранейшыя рэцэпты глабальнага і рэгіянальнага кіравання, пераадолення канфліктаў і натуральных супярэчнасцей ужо не прыдатныя. "Яны часта не спрацоўваюць, а новыя яшчэ не выпрацаваны. На жаль, у гэтых умовах сусветныя ігракі не гатовы да спынення спіралі канфрантацыі і нават да кампрамісаў. Мы бачым, што ніводная міжнародная праблема рэальна не вырашаецца", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён прывёў шэраг прыкладаў: Блізкі Усход, Сірыя, Украіна. Няпроста складваецца абстаноўка вакол Паўночнай Карэі. "Зноў закручваецца небяспечны вузел вакол пагаднення па іранскай ядзернай праграме. Паказальна, што не толькі Расія, наш саюзнік, але і Еўрасаюз бачаць пагрозы для бяспекі ў гэтым рэгіёне ў сувязі з парушэннем існуючых дамоўленасцей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"І нам, Беларусі, і многім краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, прадстаўнікі якіх тут прысутнічаюць, ёсць небяспека апынуцца на лініі цывілізацыйнага разлому. Упэўнены, што такая перспектыва названым мною краінам непрымальна. Ужо з'яўляецца відавочнай узаемасувязь, здавалася б, далёкіх канфліктаў у іншых рэгіёнах свету і нелегальнай міграцыі, а таксама пагрозы тэрарызму ў Еўропе. Бяспека з абстрактнага паняцця стала канкрэтнай, адчувальнай з'явай, а яе адсутнасць у любы момант можа закрануць кожнага з нас", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на Данбасе прадаўжаюць гінуць ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары, да гэтага часу цалкам не выкананы ні адзін пункт мінскіх пагадненняў.

"Украіна - не проста наш сусед. Як і расіяне, гэта брацкі нам народ. Мы за кароткі прамежак часу прынялі ў сябе больш за 150 тыс. украінскіх перасяленцаў і іх сем'яў. Дапамагаем ім у працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. Аказваем гуманітарную дапамогу людзям па абодва бакі "лініі размежавання" на Данбасе, - адзначыў беларускі лідар. - У якім фармаце ні праходзілі б перагаворы - "нармандскім", трохбаковай кантактнай групы, двухбаковым "Волкер - Суркоў", - бакі заўсёды могуць разлічваць на садзейнічанне Беларусі".

"Апошнім часам нас пачынаюць папракаць, што мы нібыта рвёмся ў міратворцы. Мы нікуды не рвёмся. У нас сваіх праблем больш, чым дастаткова. Але я ўжо сказаў аб нашай зацікаўленасці ў спакоі ва Украіне. Калі ва Украіне не будзе міру, будзе горача не толькі нам, але і ўсім вам. Гэты канфлікт як мага раней трэба не проста пагасіць - ліквідаваць. І ў гэтым вы можаце на нас разлічваць. Мы зробім усё, аб чым дамовяцца канфліктуючыя бакі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што адзіны шлях урэгулявання любых міжнародных спрэчак - адмовіцца ад эмоцый, крыўд, забабонаў, прадузятасці, узаемных абвінавачанняў і вярнуцца да дыялогу.

"Беларусь - суверэнная дзяржава і дакладна ўсведамляе сваё становішча на міжнароднай восі каардынат. Мы не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі і ўсяго Усходу. Для нас у прынцыпе непрымальнае пытанне, з кім мы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Проста наша становішча дае адказ на гэта пытанне. Мы гэта месца жыхарства беларускага народа не выбіралі - так Бог вызначыў. Адсюль наша і знешняя палітыка, і пазіцыя наогул".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што саюзніцкія адносіны Беларусі з Расіяй, арыентацыя на інтэграцыю ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза ні ў якай меры не ўшчамляюць інтарэсаў краін Еўропы. І наадварот - развіццё адносін з ЕС, ЗША, Захадам не супярэчыць дынаміцы цеснага ўзаемадзеяння на Усходзе, а служыць стварэнню зоны даверу.

"Знешнепалітычныя ініцыятывы Беларусі шырока і абсалютна вядомыя. Гэта пашырэнне ідэй партнёрства інтэграцыйных аб'яднанняў у Вялікай Еўропе, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні бяспекі і супрацоўніцтва. Яны з'яўляюцца лагічным адлюстраваннем аб'яднальнага парадку дня, які Мінск прапануе іншым членам сусветнай супольнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны. Гэты кампанент павінен быць пакладзены ў аснову ўсяго. Будзе развівацца эканоміка ў дзяржавах, будуць мець людзі рабочае месца, а значыць, і хоць нейкія даходы для таго, каб задаволіць свае патрэбнасці і сваёй сям'і, - будзе мір. Гэты падыход мы мэтанакіравана падтрымліваем на ўсіх узроўнях, уключаючы АБСЕ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што для забеспячэння неканфрантацыйнага і ўстойлівага развіцця рэгіёна на фоне ўзрастаючага геапалітычнага процістаяння многія дзяржавы недаацэньваюць рэалізацыю шматузроўневых інтэграцыйных праектаў.

"Знаходзячыся на стыку Еўразійскага і Еўрапейскага саюзаў, Беларусь асабліва зацікаўлена ў іх узаемным збліжэнні. Трэба пераходзіць ад абстрактных размоў да канкрэтнага ўзаемадзеяння. Агульных інтарэсаў вельмі шмат: у эканоміцы, энергетыцы, экалогіі, гуманітарным супрацоўніцтве, транспарце, лагістыцы, у барацьбе з нелегальнай міграцыяй, трансгранічнай злачыннасцю, наркаманіяй, гандлем людзьмі і гэтак далей", - прывёў прыклады Ккіраўнік дзяржавы.

Менавіта праз іх крок за крокам можа выбудоўвацца мадэль збліжэння двух буйнейшых інтэграцыйных утварэнняў і напрацоўвацца ўзаемны давер, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Лічым, што гэта нясе вялізныя выгады для ўсяго кантынента - ад Атлантыкі да Ціхага акіяна", - заўважыў ён.

"Не павінны з'яўляцца новыя раздзяляльныя лініі, а ўрэгуляванне зацяжных канфліктаў можа адбывацца пры дапамозе шматбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Такую логіку неабходна проціпастаўляць тым, хто распаўсюджвае меркаванне, што Захад і Усход не патрэбны адзін аднаму", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краінам трэба зноў навучыцца слухаць і чуць аргументы адзін аднаго, быць гатовымі да разумных кампрамісаў. "Гавару і аб расійскіх, і аб еўрапейскіх, амерыканскіх, кітайскіх партнёрах. Аб вялікіх і малых краінах, блізкіх і далёкіх суседзях", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў, што пры крызісе сферы бяспекі, узмацненні канфрантацыі і практычна поўнай адсутнасці даверу магчымасці дыпламатыі істотна абмежаваны. Іх крытычна мала.

"Адной з дзейсных пляцовак для дыялогу з'яўляецца АБСЕ, якую неабходна сумесна падтрымаць, калі хочаце - рэанімаваць. Многія ўжо забылі, што такое АБСЕ. Мы бачым намаганні ў гэтым напрамку генеральнага сакратара Грэмінгера, а таксама цяперашняга італьянскага старшынства ў АБСЕ. Але і яны паасобку нічога не зробяць, ім патрэбна падтрымка", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь гатова да актыўнага ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам, выканаўчымі структурамі і інстытутамі гэтай арганізацыі, італьянскім старшынствам, з усімі дзяржавамі-ўдзельніцамі, якія падзяляюць гэтыя падыходы. "Мы гаворым на адной мове ў духу Хельсінкі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што такі дыялог, колькі б часу ён ні запатрабаваў і якія формы ні прымаў бы, у выніку прывядзе да фарміравання новых канструктыўных адносін у рэгіёне АБСЕ.

"Ужо сёння відаць, што гэта работа будзе цяжкай, доўгай і запатрабуе кансалідацыі нашых намаганняў. Але мы можам і павінны абапірацца на гэтым шляху на пазітыўны вопыт Хельсінкскага працэсу, які сапраўды вырашыў шмат міжнародных пытанняў. Аднак трэба пазбавіцца ад ілюзій і пазбегнуць памылак пры адаптацыі і развіцці гэтага працэсу на нашай прасторы. Яго не трэба аднаўляць аўтаматычна", - лічыць беларускі лідар.

"Сёння рэальнасцю стаў свет шматпалярны. Узрос уплыў іншых, нееўрапейскіх рэгіёнаў. Неабходна паступова пашыраць фармат дыялогу ў рамках АБСЕ. Прыцягваць да яго такіх ігракоў, як Індыя, Японія і, вядома, Кітай, які дзякуючы рэалізацыі сваёй ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" паступова ператвараецца ў фактар еўрапейскай палітыкі, як бы камусьці гэтага не хацелася", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, цяпер як ніколі вялікая патрэбнасць у дзяржавах-аднадумцах, зацікаўленых у канструктыўным абмеркаванні ўсяго комплексу існуючых праблем.

"У выніку непрымірымасці пазіцый ключавых ігракоў менавіта сярэднія і малыя краіны атрымліваюць унікальную магчымасць ініцыіраваць прапановы па дыялогу і мерах даверу. Неабходна ёю скарыстацца, а не адыгрываць ролю статыстаў або саюзнікаў па ваенна-палітычных блоках, такіх як НАТА або АДКБ, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба ў добрым сэнсе парушыць манаполію дыялогу па гэтых пытаннях толькі паміж вялікімі краінамі".

Больш адказную пазіцыю трэба было б заняць і НАТА, лічыць Прэзідэнт. "Многія праблемы, з якімі мы сутыкнуліся сёння, былі выкліканы пашырэннем НАТА на ўсход, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Я маю права гэта сказаць, таму што гэта ўсё было на маіх вачах - на вачах першага Прэзідэнта Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў дзеянні асобных палітыкаў, што могуць негатыўна ўплываць на сітуацыю ў свеце. "Мы, часта назіраючы некаторыя рухі, часам нязграбныя, сусветных палітыкаў вялікіх перш за ўсё дзяржаў, спрабуем зразумець матывы іх учынкаў. Мне здаецца, што некаторыя з іх мяркуюць: "Вось сёння я нешта сказаў ці скажу, няважна як, - заўтра гэта ўсё адыдзе, можна адкруціць, вярнуць час назад". Самая вялікая памылка гэтых палітыкаў у тым, што сёння сказаў - заўтра зрабіў, думаючы аб тым, што гэта не прывядзе да нейкага глабальнага крызісу. Але ў палітыцы і жыцці так: сказаў, зрабіў - назад вярнуць немагчыма", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Таму перш чым гаварыць і рабіць, здавалася б на першы погляд, нязначныя крокі ў тым ці іншым напрамку, трэба думаць, што сказаць, а самае галоўнае - што зрабіць. І разумець, што любы крок можа прывесці да такіх наступстваў, якія ўсё больш і далей будуць уцягваць не толькі цябе, але і многія народы ў непрымальны для свету працэс, - падкрэсліў беларускі лідар. - На жаль, мы, палітыкі, вельмі захварэлі на гэту страшную хваробу".

"Вы - эксперты, вы - не простыя людзі. Вы людзі, якія фарміруюць падобнае і іншыя меркаванні палітыкаў. Вы не проста ўплываеце на палітыкаў, вы ім у рукі даяце не толькі тэксты выступленняў, але і сутнасць той палітыкі, якую яны і іх краіны праводзяць. Надышоў ваш час падумаць аб тым, як будзе развівацца наша планета не толькі заўтра, але і ў перспектыве", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.