Каментарый да Указа № 49 ад 12 лютага 2019 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лютага падпісаў Указ № 49 "Аб стварэнні Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў".

    Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў ствараецца ў мэтах інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дзейнасці дзяржаўных органаў па стратэгічных напрамках знешняй і ўнутранай палітыкі.

    У цэнтры ўвагі гэтай навукова-даследчай установы будзе правядзенне навуковых даследаванняў, вывучэнне тэндэнцый развіцця міжнародных, грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, даследаванне рызык і выклікаў у інфармацыйнай сферы.

    Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў зоймецца выпрацоўкай рэкамендацый, накіраваных на ўдасканаленне дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах, прыме ўдзел ва ўзгадненні распрацоўваемых дзяржаўнымі органамі дакументаў стратэгічнага планавання (дактрыны, стратэгіі, канцэпцыі).

    Для правядзення аналітычных даследаванняў па стратэгічных пытаннях устойлівага развіцця Беларусі плануецца прыцягваць вядучых экспертаў у сферы знешняй і ўнутранай палітыкі, інфармацыйных тэхналогій, нацыянальнай бяспекі. Больш паглыбленаму вывучэнню разглядаемых пытанняў будзе садзейнічаць цеснае супрацоўніцтва інстытута стратэгічных даследаванняў з дзяржорганамі, міжнароднымі арганізацыямі, айчыннымі і замежнымі аналітычнымі цэнтрамі (фабрыкамі думкі).