Каментарый да Указа № 460 ад 16 лістапада 2015 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада падпісаў Указ № 460, які прадугледжвае комплексную карэкціроўку ўказаў ад 6 студзеня 2012 года № 13 "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" і ад 16 снежня 2013 года № 563 "Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін".

    Нормы Указа № 460 удасканальваюць парадак забеспячэння жыллём дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Так, ім будуць прадастаўляцца жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання без уліку членаў іх сем'яў і тэрмінам на 5 гадоў. Пасля яго заканчэння жыллё па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў будзе ўключацца ў склад жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання. Пры гэтым дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, на працягу дзеяння тэрміновага дагавора найму жылога памяшкання сацыяльнага карыстання прадастаўляецца права на льготны крэдыт, у тым ліку ў пазачарговым парадку і без аднясення да катэгорыі малазабяспечаных. Ільготныя крэдыты прапануецца выдзяляць на тэрмін да 40 гадоў, а працэнты за карыстанне імі ўстанавіць у памеры 1 працэнта гадавых па аналогіі са шматдзетнымі сем'ямі.

    Акрамя таго, Указ прадугледжвае аптымізацыю катэгорый грамадзян, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі, змяншэнне памеру фінансавай дапамогі шматдзетным і маладым сем'ям у пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах пры адмене ўсынаўлення (удачарэння) дзяцей. Мінбудархітэктуры, згодна з указам, створыць і будзе весці адзіную базу даных грамадзян - атрымальнікаў дзяржаўнай падтрымкі для забеспячэння рэалізацыі прынцыпу аднаразовасці атрымання льготных крэдытаў. Памер ільготнага крэдыту крэдытаатрымальніку будзе разлічвацца з улікам непрацаздольных дзяцей старэйшых за 23 гады - інвалідаў I, II груп.

    Указ таксама прадастаўляе дзяржаўным органам і арганізацыям права змяніць прызначэнне будынка інтэрната на шматкватэрны жылы дом, калі жылыя памяшканні там адпавядаюць патрабаванням, што прад'яўляюцца да кватэр. Такія памяшканні пры гэтым будуць уключацца ў склад жылля камерцыйнага выкарыстання.

    Сродкі, атрыманыя ад платы за карыстанне камерцыйным жыллём, у адпаведнасці з указам будуць ісці не толькі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, але і на іх бягучы рамонт у памеры, які не перавышае 10 % агульнага аб'ёму.

    Указ адносіць да ліку грамадзян, якія маюць першачарговае права на камерцыйнае жыллё ў сувязі з характарам працоўных адносін, асоб, якія накіроўваюцца на работу ў арганізацыі ў адпаведнасці з дагаворамі аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту або на платнай аснове. Пры гэтым прапануецца права на забеспячэнне камерцыйным жыллём у Мінску прадастаўляць толькі грамадзянам, якія не забяспечаны жыллём у сталіцы і ў Мінскім раёне.

    Змяняецца парадак спагнання платы за карыстанне жыллём камерцыйнага выкарыстання, якое прадастаўляецца грамадзянам з першачарговым правам на яго атрыманне. Такім чынам на ўмовах дагавора найму на тэрмін працоўных адносін (акрамя аднапакаёвых кватэр) у межах 20 кв.м плошчы на аднаго чалавека трэба будзе плаціць з улікам паніжаючых каэфіцыентаў, за астатнюю плошчу - без іх уліку. Цяпер за ўсю плошчу аплата ўносіцца з паніжаючым каэфіцыентам.

    Дакумент уводзіць забарону на пастаноўку на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў грамадзян, якія маюць ва ўласнасці ў населеным пункце па месцы прыняцця на ўлік жылыя памяшканні, прызнаныя не адпаведнымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, непрыдатнымі для пражывання, набытыя шляхам заключэння дагавора куплі-продажу, дарэння, абмену пасля прыняцця ва ўстаноўленым парадку рашэння аб прызнанні такога жылля непрыдатным.