Каментарый да Указа № 422 ад 17 лістапада 2016 г.

    Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю надзелены дадатковымі функцыямі і паўнамоцтвамі. Гэта прадугледжана Указам № 422, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 17 лістапада.

    Указ прыняты для прывядзення паўнамоцтваў дэпартамента ў адпаведнасць з нормамі Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2014 года "Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння". Ён уносіць дапаўненні і змяненні ў палажэнне аб дэпартаменце, зацверджанае Указам ад 14 верасня 2003 года № 408.

    У адпаведнасці з Указам, дэпартамент надзяляецца паўнамоцтвамі атрымліваць неабходную для выканання сваіх задач і функцый інфармацыю ў асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі (звесткі, што складаюць банкаўскую тайну, прадстаўляюцца з выкананнем патрабаванняў заканадаўства). Дэпартамент таксама будзе праводзіць аналіз выканання гэтымі асобамі заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынных шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і распаўсюджвання зброі масавага паражэння.

    Ведамства зможа бязвыплатна карыстацца інфармацыйнымі банкамі даных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, у тым ліку атрымліваць доступ да інфармацыйных сістэм, якія змяшчаюць персанальныя даныя.

    Дэпартамент атрымаў права запытваць і атрымліваць ад кампетэнтных органаў замежных дзяржаў інфармацыю ў сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і распаўсюджвання зброі масавага паражэння. Акрамя таго, дэпартамент будзе распрацоўваць і зацвярджаць метадычныя рэкамендацыі і праграмы ў гэтай сферы.

    Дэпартаменту таксама прадастаўляецца права ва ўстаноўленым парадку заключаць і выконваць міжнародныя дагаворы міжведамаснага характару, выконваць у межах сваёй кампетэнцыі міждзяржаўныя і міжурадавыя дагаворы па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння, а таксама нацыянальнай ацэнкі рызык у гэтай сферы.