Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Каментарый да Указа № 326 ад 2 верасня 2019 г.

2 верасня 2019 года
Чытайце таксама:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 верасня падпісаў Указ № 326 "Аб удасканаленні ліцэнзавання", які накіраваны на ўстараненне залішняга рэгулявання ў сферы ліцэнзавання і спрашчэнне патрабаванняў, што прад'яўляюцца да ліцэнзіятаў.

У гэтых мэтах забараняецца прыпыненне і спыненне дзеяння ліцэнзіі за нязначныя парушэнні і фармальныя правіннасці. Таксама Указам замацоўваюцца і іншыя асноватворныя прынцыпы, на аснове якіх павінна ажыццяўляцца ліцэнзаванне. Да такіх прынцыпаў, у прыватнасці, аднесены вызначэнне вычарпальнага пераліку ліцэнзійных умоў з улікам іх разумнасці, суразмернасці і эканамічнай абгрунтаванасці, максімальнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры ўзаемадзеянні дзяржорганаў з ліцэнзіятамі.

З 1 кастрычніка 2019 года адмяняецца ліцэнзаванне асобных відаў дзейнасці. Так, прадугледжана адмова ад ліцэнзавання дыягностыкі, прафілактыкі захворванняў і лячэння жывёл, аховы юрыдычнай асобай сваіх работнікаў і маёмасці, патолагаанатамічнай дыягностыкі, гандлю сродкамі проціпажарнай абароны, аптовага і рознічнага гандлю мазутам і нафтабітумам, захоўвання і прыёму ў залог каштоўных металаў і камянёў, трансляцыі тэлевізійных праграм і эфірнай трансляцыі гукавых праграм.

Для развіцця экспарту медыцынскіх паслуг, павышэння дасупнасці платных медыцынскіх паслуг істотна спрашчаюцца патрабаванні да ажыццяўлення гэтага віду дзейнасці, у тым ліку зніжаюцца патрабаванні да стажу медыцынскіх работнікаў, выключаецца неабходнасць наяўнасці ў штаце недзяржаўных арганізацый аховы здароўя ўрачоў толькі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Далейшае сістэмнае ўдасканаленне ліцэнзавання ў адпаведнасці з Указам прапануецца рэалізаваць у рамках канцэптуальна новага дакумента - закона, які рэгулюе ўсе аспекты ліцэнзавання.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь