Каментарый да Указа № 322 "Аб прадастаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня падпісаў Указ № 322 "Аб прадастаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый".

    Дакументам прадугледжваецца ўкараненне з 1 кастрычніка 2016 года сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый на аснове выяўнага і заяўнага прынцыпаў. Гэта мера неабходна для забеспячэння дзяржаўнай падтрымкі ў першую чаргу асоб пенсійнага ўзросту і сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян ва ўмовах росту ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг.

    Субсідыі будуць прадастаўляцца ў выпадку, калі штомесячная сума платы за ЖКП у межах устаноўленых норм спажывання гэтых паслуг і сума пакрыцця расходаў на электраэнергію, спажываемую на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання ў шматкватэрным жылым доме, перавышае 20 працэнтаў сярэднямесячнага сукупнага даходу сям'і, якая пражывае ў горадзе, і 15 працэнтаў - у сельскім населеным пункце.

    Указам прадугледжваецца, што пералік даходаў уласніка жылога памяшкання, наймальніка жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду, члена арганізацыі забудоўшчыкаў і пражываючых сумесна з ім членаў яго сям'і, якія ўдзельнічаюць у вызначэнні сукупнага даходу, для прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый будзе вызначаны Урадам.

    Укараненне сістэмы налічэння субсідый на аснове выяўнага прынцыпу будзе ажыццёўлена з 1 кастрычніка 2016 года непрацуючым пенсіянерам і непрацуючым інвалідам.

    Грамадзянам, не ахопленым сістэмай выяўнага прынцыпу, прадастаўленне субсідый будзе ажыццяўляцца таксама з 1 кастрычніка 2016 года на аснове заяўнага прынцыпу.

    Пры гэтым Ураду даручаецца прааналізаваць эфектыўнасць прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый па выяўным прынцыпе і ўнесці ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзідэнта прапановы аб магчымым пашырэнні катэгорый грамадзян, якім безнаяўныя жыллёвыя субсідыі прадастаўляюцца па выяўным прынцыпе.

    Указам таксама зацверджаны парадак прадастаўлення субсідый.