Каментарый да Указа № 313 ад 19 жніўня 2016 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 19 жніўня падпісаў Указ № 313 "Аб рэарганізацыі ўстаноў адукацыі".

    Дакумент прыняты ў мэтах удасканалення сістэмы падрыхтоўкі кадраў для органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Указ прадугледжвае стварэнне ў Мінску дзяржаўнай установы адукацыі "Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь". Ён ствараецца шляхам аб'яднання існуючых навучальных устаноў гэтага ведамства - Камандна-інжынернага інстытута, Гомельскага інжынернага інстытута, Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, якія ажыццяўляюць цяпер навучанне па аднолькавых або блізкіх спецыяльнасцях.

    Стварэнне Універсітэта дасць магчымасць сфарміраваць адзіную сістэму падрыхтоўкі кадраў у інтарэсах МНС і іншых дзяржорганаў - ад выпускніка ліцэя да спецыяліста вышэйшай навуковай кваліфікацыі.

    Універсітэт грамадзянскай абароны будзе створаны на базе Камандна-інжынернага інстытута ў Мінску і будзе ўключаць у сябе філіялы ў Гомелі і ў п. Светлая Рошча ў Барысаўскім раёне.

    У Мінску будуць навучацца курсанты для атрымання вышэйшай адукацыі, функцыянаваць магістратура, ад'юнктура, дактарантура. У філіяле ў Гомелі будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка па рабочых прафесіях (ратавальнікаў-пажарных, вадзіцеляў, дыспетчараў), у п.Светлая Рошча - павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў.

    Стварэнне ўніверсітэта дасць магчымасць таксама павысіць эфектыўнасць работы на міжнародным рынку адукацыйных паслуг, а таксама канкурэнтаздольнасць сярод навучальных устаноў аварыйна-выратавальнага профілю іншых дзяржаў.