Каментарый да Указа № 248 ад 11 ліпеня 2017 г.

    Плошча рэкрэацыйнай зоны нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" будзе павялічана на 286,1 га. Гэта прадугледжана Указам № 248, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 11 ліпеня.

    Дакумент уносіць змяненні ў Палажэнне аб нацыянальным парку "Браслаўскія азёры". У прыватнасці, юрыдычным і (або) фізічным асобам будзе прадастаўляцца права выкарыстання на возеры Дрывяты водных транспартных сродкаў магутнасцю звыш 15 к.с. пры ўмове заключэння імі адпаведнага дагавора з нацыянальным паркам, які прадугледжвае штогадовую плату ў памеры адной базавай велічыні за кожную конскую сілу рухавіка воднага транспартнага сродку звыш устаноўленай нормы. Атрыманыя паркам сродкі будуць накіроўвацца на добраўпарадкаванне рэкрэацыйнай зоны, аднаўленне каштоўных абарыгенных відаў рыб і зарыбленне рыбалоўных угоддзяў. Наяўнасць дагавора стане падставай для выкарыстання на возеры Дрывяты названых водных транспартных сродкаў і не запатрабуе ўвядзення дадатковых адміністрацыйных працэдур.

    Нацыянальнаму парку "Браслаўскія азёры" таксама будзе прадастаўлена магчымасць правядзення работ у рэкрэацыйнай зоне па добраўпарадкаванні экалагічных сцежак, фарміраванні ландшафтаў і выкарыстанні ўнутрыгаспадарчых дарог для пад'езду да спецыяльна абсталяваных аўтамабільных стаянак.

    Акрамя таго, межы, плошча і састаў зямель рэкрэацыйнай зоны і межы, плошча і састаў зямель зоны рэгулюемага выкарыстання нацыянальнага парку выкладаюцца ў новай рэдакцыі. Пры гэтым плошча тэрыторыі рэкрэацыйнай зоны павялічваецца на 286,1 га за кошт уключэння ў яе склад найбольш перспектыўных з пункту гледжання рэкрэацыі ўчасткаў, якія раней уваходзілі ў склад зоны рэгулюемага выкарыстання.

    Дадаткова да існуючых 39 участкаў рэкрэацыйнай зоны выдзяляюцца шэсць новых, павялічваецца плошча двух існуючых. Пры гэтым знешнія межы парку застаюцца без змяненняў. Уключэнне ў склад рэкрэацыйнай зоны новых участкаў, у тым ліку астравоў, забяспечыць магчымасць для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных рэсурсаў парку, арганізацыі шматдзённых водных тураў і развіцця самадзейнага воднага турызму, уладкавання новых турыстычных стаянак, экалагічных сцежак і іншых аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры.

    Прапануемыя змяненні межаў і рэжымаў не закранаюць запаведную зону. Такім чынам забяспечваецца безумоўная ахова найбольш каштоўных прыродных комплексаў нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры".

    Прыняцце Указа дасць магчымасць істотна павысіць турыстычную прывабнасць Браслаўскага рэгіёна і будзе садзейнічаць прыцягненню дадатковага турыстычнага патоку і павышэнню даходаў ад турыстычнай дзейнасці пры захаванні экалагічнай каштоўнасці тэрыторыі.

    Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам змяншаецца плошча нацыянальнага парку "Белавежская пушча" на 1,9 га за кошт перадачы зямель Дабравольскаму сельскаму выканаўчаму камітэту. Гэта дасць магчымасць прадаставіць грамадзянам зямельныя ўчасткі для абслугоўвання жылых дамоў, прыватызаваных імі раней у адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Беларусі ад 6 лістапада 2014 года нумар 214рп "Аб перадачы ва ўласнасць жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання".