Каментарый да Указа № 215 ад 5 чэрвеня 2019 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня падпісаў Указ № 215 "Аб спыненні палётаў авіямадэлей і беспілотных лятальных апаратаў".

    У адпаведнасці з дакументам, ваеннаслужачыя (супрацоўнікі) воінскіх фарміраванняў і органаў унутраных спраў, а таксама работнікі ваенізаванай аховы надзяляюцца паўнамоцтвамі на прымяненне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі ў дачыненні да авіямадэлей і беспілотных лятальных апаратаў, якія ажыццяўляюць палёт у парушэнне ўстаноўленага парадку, у мэтах спынення іх палёту шляхам прымушэння да пасадкі, пашкоджання або знішчэння. Гэтыя паўнамоцтвы прадастаўлены для барацьбы з незаконным выкарыстаннем беспілотных апаратаў у забароненых зонах і зонах, забароненых для выкарыстання авіямадэлей.

    Указам таксама прадугледжана вызваленне службовых асоб, якія прымянілі фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, зброю, баявую і спецыяльную тэхніку пры правамерным уздзеянні на авіямадэлі і беспілотныя апараты, што парушаюць парадак выкарыстання паветранай прасторы, ад абавязку па кампенсаванні іх уласнікам (уладальнікам) шкоды, звязанай з пашкоджаннем або знішчэннем гэтых лятальных апаратаў.

    Цяпер у паветранай прасторы Беларусі ўстаноўлены зоны, забароненыя для выкарыстання авіямадэлей, і забароненыя зоны для палётаў паветраных суднаў.

    Забароненыя зоны - гэта паветраная прастора над тэрыторыямі (аб'ектамі), якія маюць важнае значэнне для бяспекі дзяржавы (месцы знаходжання ахоўных асоб, арсеналы (базы) з боепрыпасамі і ўзбраеннем, прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай, нафтахімічнай і хімічнай прамысловасці, Беларуская АЭС і іншыя).Палёт любых паветраных суднаў, у тым ліку і беспілотных апаратаў, у гэтых зонах ажыццяўляецца па спецыяльным дазволе.

    Зона, забароненая для выкарыстання авіямадэлей, - частка паветранай прасторы устаноўленых памераў, у межах якой выкарыстанне авіямадэлей забаронена без ўзгаднення з дзяржаўным органам (арганізацыяй), у інтарэсах якога (якой) яна ўстаноўлена (паветраная прастора над грамадзянскімі і ваеннымі аэрадромамі, раёнамі дыслакацыі шэрага воінскіх частак і падраздзяленняў, ўздоўж дзяржаўнай граніцы і іншыя).

    Сусветны вопыт паказвае, што адзіным эфектыўным спосабам забеспячэння бяспекі ў выпадку несанкцыянаваных палётаў у гэтых зонах з'яўляецца непасрэднае ўздзеянне на такія лятальныя апараты.