Каментарый да Указа № 179 ад 23 мая 2017 г.

    У грузавым аўтадарожным пункце пропуску "Казловічы" на беларуска-польскім участку граніцы з 1 чэрвеня па 1 верасня 2017 года будзе праведзены эксперымент па ажыццяўленні супрацоўнікамі мытных органаў асобных функцый органаў пагранічнай службы. Адпаведны Указ 23 мая падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Эксперымент праводзіцца ў рамках аптымізацыі задач мытных і пагранічных органаў.

    На супрацоўнікаў мытні ў дапаўненне да іх уласных функцый будуць ускладзены абавязкі па праверцы дакументаў у грамадзян пры перасячэнні граніцы, кантролі выканання правіл знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Беларусі, іх транзіту праз беларускую тэрыторыю, санітарна-каранцінным кантролі, а таксама наяўнасці ў вадзіцеляў аўтатранспарту дагавораў абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці.

    Названая мера дасць магчымасць аптымізаваць кантрольныя працэдуры ў асобных пунктах пропуску, дзе ажыццяўляецца рух выключна грузавога аўтатранспарту.