Бел
Галоўная   /  Падзеі

Прадстаўнікі розных сфер дзейнасці ўдастоены дзяржузнагарод

30 красавіка 2019 года

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі, развіццё сельскагаспадарчай, будаўнічай галін, прамысловасці, журналістыкі і нацыянальнага тэлебачання, значныя дасягненні ў сферах адукацыі, культуры, мастацтва і спорту прадстаўнікі розных сфер дзейнасці ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Адпаведны Указ № 163 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны старшы трэнер нацыянальнай каманды па фрыстайле Аляксандр Пянігін.

Вялікая група ваеннаслужачых адзначана медалём "За адзнаку ў воінскай службе". У іх ліку снайпер міратворчай роты 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Узброеных Сіл Яўген Барадаўкін і санітар-стралок Аляксандр Лявонаў, старшы афіцэр аддзела міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва і міратворчай дзейнасці камандавання сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Сяргей Пігас, спартсмен-інструктар другой катэгорыі другога аддзела Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Вольга Мазуронак.

Акрамя таго, шэраг супрацоўнікаў следчых органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях узнагароджаны медалямі "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" і "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый".

Медаль "За працоўныя заслугі" прысуджаны работнікам будаўнічай, адукацыйнай, прамысловай, спартыўнай, інфармацыйнай і прававой сфер дзейнасці. Сярод іх прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Алег Дармешкін, апаратчык вытворчасці заквасак цэха па вытворчасці натуральнай малочнай прадукцыі ААТ "Малочны Свет" Марыя Занеўская, трэнер нацыянальнай каманды па фрыстайле Міхаіл Курловіч, трэнер-выкладчык па грэка-рымскай барацьбе Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву Іван Чачко, намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 1" генеральнага прадзюсарскага цэнтра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вольга Саламаха, міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі.

У ліку ўзнагароджаных медалём Францыска Скарыны рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, галоўны рэдактар Брэсцкай абласной газеты "Заря" Аляксандр Лагвіновіч, галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва "Могилевские ведомости" Святлана Шутава.

Ганаровыя званні "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" і "Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь" прысвоены дэкану факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Уладзіміру Янчуку і галоўнаму інжынеру прадпрыемства "Мінскінжпраект" Уладзіміру Котаву.

Заслужанымі майстрамі спорту Беларусі сталі спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па вольнай барацьбе Уладзіслаў Андрэеў, спартсмены-інструктары нацыянальнай каманды па ўсходніх відах адзінаборстваў Дзмітрый Варац і Андрэй Хамёнак.

Старшы трэнер нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор'і Ігар Варанько, трэнер-выкладчык Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле Юрый Купрацэвіч і настаўнік фізічнай культуры, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава ўдастоены ганаровага звання "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь".

Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім Падзяка Прэзідэнта за прафесійнае майстэрства, падрыхтоўку спартсменаў высокага класа і значны асабісты ўклад у забеспячэнне выдатных спартыўных вынікаў нацыянальнай каманды па фрыстайле аб'яўлена галоўнаму трэнеру зборнай Мікалаю Казеку. За высокае прафесійнае майстэрства, дасягненне выдатных спартыўных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды па інваспорце Аксане Петрушэнка.

Акрамя таго, Падзякі Прэзідэнта ўдастоены дырэктар ТАА "СЭНС-ТЭХНА", член Беларускага саюза дызайнераў Уладзімір Трафіменка за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці і значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнага прамысловага дызайну і мастацтва, старшыня Асіповіцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Юрый Корбан за шматгадовую плённую дзейнасць па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, актыўны ўдзел у рабоце па сацыяльнай абароне воінаў-інтэрнацыяналістаў.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь