Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Каментарый да Указа № 148 ад 18 красавіка 2019 г.

18 красавіка 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка падпісаў Указ № 148 "Аб лічбавых банкаўскіх тэхналогіях".

Дакумент прадугледжвае пашырэнне сферы прымянення Міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ) для павелічэння даступнасці банкаўскіх і фінансавых паслуг. Гэта сістэма функцыянуе ў Беларусі з 1 кастрычніка 2016 года і дае магчымасць кліентам, адзін раз прайшоўшы працэдуру ідэнтыфікацыі ў адным з банкаў, абслугоўвацца ў іншых. У якасці тэхналагічнай базы выступае Адзіная разліковая інфармацыйная прастора (АРІП).

Доступ да інфармацыі аб кліентах, якая захоўваецца ў МСІ, атрымаюць страхавыя арганізацыі, прафесійныя ўдзельнікі рынку каштоўных папер, лізінгавыя і мікрафінансавыя арганізацыі, форэкс-кампаніі. Такая магчымасць з'явіцца і ў дзяржаўных органаў.

Арганізацыі змогуць праводзіць здзелкі ў электронным выглядзе з прымяненнем праграмна-апаратных сродкаў і тэхналогій без выкарыстання электроннага лічбавага подпісу. Таксама будзе прадугледжана магчымасць пры ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі кліентаў выкарыстоўваць іх біяметрычныя даныя (фота- і відэавыява кліента, голас).

Палажэнні дакумента накіраваны таксама на развіццё новага віду фінансавых здзелак - смарт-кантрактаў (камп'ютарны алгарытм, прызначаны для заключэння камерцыйных кантрактаў з дапамогай тэхналогіі блокчэйн).

Для дадатковай абароны правоў грамадзян дзеянні Нацыянальнага банка і ўдзельнікаў сістэмы МСІ ў адносінах да фізічных асоб будуць ажыццяўляцца з выкананнем патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе пытанні абароны правоў спажыўцоў. Прадугледжваецца права кліентаў адклікаць сваю згоду на прадастаўленне даных аб іх з сістэмы ідэнтыфікацыі.

Чакаецца, што нормы Указа акажуць садзейнічанне развіццю паслуг у электроннай форме, аптымізуюць выдаткі, знізяць кошт банкаўскіх паслуг для насельніцтва, а таксама будуць садзейнічаць стварэнню рынку дыстанцыйных фінансавых паслуг і актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці ў краіне.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь