Каментарый да Указа № 135 ад 12 красавіка 2018 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка падпісаў Указ № 135 "Аб абавязковай экспертызе тэхнічных нарматыўных прававых актаў".

    Дакумент накіраваны на практычную рэалізацыю палажэнняў Дэкрэта № 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва". Указ прызначаны выключыць лішак тэхнічных патрабаванняў да прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці і стварыць належныя ўмовы для работы бізнесу шляхам увядзення інстытута юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

    Згодна з Указам, усе прынятыя тэхнічныя акты, якія з'яўляюцца абавязковымі для выканання суб'ектамі гаспадарання, а таксама абавязковасць якіх яшчэ толькі плануецца ўстанавіць, цяпер падлягаюць юрыдычнай экспертызе. Яе будзе праводзіць незалежная структура - Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.

    Дакументам дакладна і паслядоўна вызначаны ключавыя элементы гэтай экспертызы: прадмет і тэрміны яе правядзення, крытэрыі ацэнкі прадстаўленага на экспертызу тэхнічнага акта, рашэнні, што прымаюцца адносна яго па выніках экспертызы, і іншыя.

    Пры гэтым толькі тэхнічныя акты, якія атрымалі па выніках экспертызы станоўчае заключэнне, будуць уключацца ў Нацыянальны рэестр прававых актаў і афіцыйна апублікоўвацца. Астатнія дакументы не будуць уступаць у дзеянне і павінны быць адменены ведамствамі і службовымі асобамі, якія іх прынялі.

    Такі падыход дасць магчымасць павысіць якасць падрыхтоўкі тэхнічных дакументаў і не дапусціць выпадкаў замацавання ў іх празмерных і эканамічна неабгрунтаваных патрабаванняў да бізнесу.

    Таксама Указам удасканальваецца парадак фарміравання і вядзення Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала, іншых дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў.