Каментарый да Указа № 108 ад 24 сакавіка 2020 г.

    У Беларусі з'явіцца магчымасць аплачваць карыстанне платнымі дарогамі за пэўны перыяд часу. Гэта прадугледжана Указам № 108, які 24 сакавіка падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Дакумент прыняты ў мэтах удасканалення работы сістэмы электроннага збору платы за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах.

    Згодна з Указам, з 15 снежня 2020 года ва ўладальнікаў транспартных сродкаў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не большай за 3,5 т з'явіцца магчымасць аплаціць праезд па платных дарогах за пэўны перыяд. Цяпер плата спаганяецца з разліку пройдзенага кіламетражу.

    Для аплаты за перыяд часу трэба будзе набыць электронную віньетку. Купіць яе можна будзе як у любым пункце абслугоўвання BelToll, так і аддалена на афіцыйным сайце аператара сістэмы электроннага збору платы за праезд [www.beltoll.by]www.beltoll.by.

    Указам таксама прадугледжана магчымасць унясення платы па разавым тарыфе ў выпадку неаплаты або няпоўнай аплаты праезду па платнай аўтамабільнай дарозе на працягу дзвюх гадзін з моманту фіксацыі парушэння. Пры гэтым аплата праезду па разавым тарыфе выключае спагнанне платы за праезд у павялічаным памеры.