Калегія МУС па выніках работы органаў унутраных спраў

  • 7
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыярытэты ў далейшай рабоце Міністэрства ўнутраных спраў, выступаючы 28 студзеня на калегіі МУС па выніках работы за 2015 год.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што пачынае падвядзенне вынікаў работы органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі з асноўнага праваахоўнага ведамства, а затым мае намер пабываць на калегіях усіх сілавых структур.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў цэлым работа ўсіх структур МУС дае магчымасць забяспечыць належны ўзровень грамадскай бяспекі ў краіне.

"Вы ўпэўнена кантралюеце абстаноўку, здольны папярэдзіць абвастрэнне крымінагеннай сітуацыі, абараніць грамадства, кожнага грамадзяніна ад любых замахаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Па выніках вашай работы грамадзяне ацэньваюць здольнасць улады забяспечыць правапарадак у краіне, асабістую бяспеку, абарону законных правоў і інтарэсаў. Важнейшыя крытэрыі гэтай ацэнкі - магчымасць спакойна знаходзіцца ў любы час на вуліцах, быць упэўненым у бяспецы дзяцей, не апасацца за захаванасць сваёй маёмасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя незалежнага сацыялагічнага даследавання, згодна з якім амаль 80 працэнтаў грамадзян выказалі ўпэўненасць у сваёй бяспецы. На думку Прэзідэнта, гэта сведчыць аб тым, што народ высока ацэньвае работу міліцыі. "Я цудоўна разумею, што і сярод работнікаў ДАІ, і сярод міліцэйскага складу, чыноўніцкага - людзі розныя. Але ў цэлым нават не толькі наш народ, але і госці ацэньваюць вашу работу нядрэнна. За гэта я вам вельмі ўдзячны", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт комплексна прааналізаваў вынікі работы ведамства, спыніўшыся на кожным з напрамкаў работы МУС. Кіраўнік дзяржавы адзначаў як станоўчыя змяненні, так і ўказваў на недахопы.

Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на рабоце МУС па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў, карупцыйнымі і эканамічнымі злачынствамі. Прэзідэнт канстатаваў, што пэўны вынік па гэтых напрамках ужо ёсць. Пры гэтым ён запатрабаваў жорсткіх пакаранняў за злачынствы ў гэтых сферах.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць прафілактычных мер. "Самая добрая прафілактыка - гэта не расказ і інфармаванне, гэта таксама трэба рабіць, але самая моцная прафілактыка - гэта непазбежнасць пакарання, самае жорсткае пакаранне тых, хто лезе ў дзяржаўную кішэню, калі гавораць аб эканоміцы, і тых, хто пазбаўляе жыцця і здзекуецца з чалавека", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Дзяржаўны кантроль за эканамічнымі працэсамі важны і аб'ектыўна неабходны. Аднак гэта работа павінна ў сваёй аснове мець папераджальны характар, а калі вінаваты - атрымлівай па поўнай!" - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што меры, якія прымаюцца міліцыяй, павінны заўсёды абапірацца на атрыманую дакладную інфармацыю аб парушэннях у гаспадарчай дзейнасці. "Пры гэтым на ўсіх стадыях разбору ў дзеяннях праваахоўнікаў не павінна быць абвінаваўчага ўхілу. Акцэнт павінен быць зроблены на канчатковы вынік гаспадарчай дзейнасці, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Важна ў гэтай рабоце не гонка за паказчыкамі. Ставіць у аснову не колькасць выяўленых злачынстваў і суму ўрону, а атрыманы эканамічны эфект для краіны".

Прэзідэнт абазначыў прыярытэты ў далейшай рабоце МУС.

Органам унутраных спраў трэба нарошчваць намаганні ў спыненні і прадухіленні распаўсюджання наркаманіі, кардынальна ўзмацніць барацьбу з крадзяжамі, змяніць сітуацыю са злачыннасцю ў вёсцы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыярытэтную ўвагу МУС неабходна ўдзяляць абароне дзяцей і пажылых грамадзян ад злачынных замахаў.

У ліку прыярытэтаў таксама процідзеянне эканамічнай злачыннасці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым напрамку хацеў бы больш актыўнай работы з боку ведамства.

Сённяшняя сітуацыя патрабуе самага ўважлівага падыходу да падбору і расстаноўкі кадраў. "Вы на правільным шляху. Нельга спыняцца. Тых, хто заслугоўвае, трэба падтрымліваць, заахвочваць, узнагароджваць і прысвойваць званні. Здрадніцтва недапушчальна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя таго, перад МУС пастаўлена задача глыбока і ўсебакова прааналізаваць стан крымінагеннай абстаноўкі, вылучыўшы галоўныя прычыны і ўмовы змяненняў, што адбываюцца. "Нельга дзейнічаць усляпую", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна задача заключаецца ў пераглядзе расстаноўкі існуючых сіл і сродкаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць аптымізацыю структуры органаў унутраных спраў у 2016 годзе. "Нам патрэбны якасны і эфектыўны склад МУС, які будзе рэнтабельным", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў узмацніць адказнасць і выканальніцкую дысцыпліну. "Хацелася б вас узбуйніць, каб было менш начальнікаў аддзелаў, узмацніць функцыі, мы ўсё роўна пойдзем гэтым шляхам і ў цывільных ведамствах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы не будзем чапаць людзей на перадавой, а асабліва па тых цяжкіх напрамках, дзе ў нас ёсць праблемы", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што структура органаў унутраных спраў не можа доўга заставацца статычнай, яна павінна адпавядаць бягучай абстаноўцы.

Прэзідэнт запатрабаваў праяўляць прынцыповасць да тых, хто парушае закон. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на неабходнасць падтрымання чысціні радоў унутры саміх органаў унутраных спраў. "Вы павінны быць непадкупныя. Міліцыя пранізвае ўсё грамадства. Па вашых дзеяннях мяркуюць аб уладзе ў цэлым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава будзе і ў далейшым надаваць прыярытэтнае значэнне пытанням барацьбы са злачыннасцю, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. "Нараўне з падтрымкай органаў унутраных спраў мае патрабаванні і спагнанне ў гэтай сферы заўсёды будуць вельмі высокімі", - адзначыў ён.

"Я не магу прад'явіць вам вялікіх прэтэнзій ні па адным з пытанняў. У цэлым вы працуеце нармальна. Але ёсць пэўныя напрамкі, дзе трэба значна змяніць сітуацыю. Я вельмі хацеў бы, каб вы гэта зрабілі не адкладаючы на доўгі час", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.