Бел
Галоўная   /  Падзеі

Назначэнне Міністра ўнутраных спраў

29 кастрычніка 2020 года
Назначэнне Міністра ўнутраных спраў
глядзіце таксама: відэа
29 кастрычніка 2020 года
Назначэнне Міністра ўнутраных спраў

Іван Кубракоў, які да гэтага часу працаваў начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама, назначаны Міністрам унутраных спраў. Такое кадравае рашэнне прыняў 29 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Як расказаў Кіраўнік дзяржавы, ён выбіраў кандыдатуру на пасаду Міністра з некалькіх вельмі дастойных чалавек, але ўсё ж спыніўся на асобе Івана Кубракова дзякуючы яго прафесійнаму вопыту і добраму веданню сітуацыі ў Мінску. "Я вывучаў, раіўся і з дзясятка прапанаваных кандыдатур выбраў Кубракова. Па-першае, у нас больш-менш складаная сітуацыя ў Мінску, ёю давядзецца займацца, ты ў тэме. Вядома, не адзін будзеш займацца, там будзе начальнік ГУУС, якому ты напэўна не будзеш перашкаджаць працаваць, таму што сам толькі што прайшоў гэты ўзровень, - сказаў Прэзідэнт. - З іншага боку, у цябе ўжо вопыт. Калі новаму начальніку ён спатрэбіцца, ты яго перадаш".

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што на гэты раз у яго быў шырокі выбар кандыдатур, паколькі за апошні час вырасла новае пакаленне прадстаўнікоў сілавога блока, дастойных, каб займаць высокія дзяржаўныя пасады. "З'явілася шмат новых кандыдатур, якім крыху за 40, да 50. Гэта добра. Раней у мяне была вельмі вялікая праблема: на высокія пасады, нават не генеральскія, проста цяжка было знайсці (кандыдата. - Заўвага). Падраслі маладыя хлопцы, сапраўдныя патрыёты", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Іван Кубракоў добра знаёмы з Аляксандрам Барсуковым, які да гэтага часу працаваў Намеснікам Міністра ўнутраных спраў, а сёння назначаны памочнікам Прэзідэнта па Мінску. "У яго (памочніка па Мінску. - Заўвага) задача працаваць у кантакце, не перашкаджаючы нікому. Ты ведаеш, ён вопытны, адданы справе чалавек. Складзецца добры такі кулак людзей, якія добра разумеюць адзін аднаго. А Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага) як упаўнаважаны па Мінску ўжо будзе разводзіць, зводзіць, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Барсукоў, думаю, будзе для цябе добрай апорай. Рэўнасць ён перажыве, таму што ты за ім заўсёды ішоў па пятах, а тут - сам Міністрам стаў. Але ён будзе ганарыцца, што яго добры сябар і калега па службе сёння Міністр".

"Задума ў мяне была, каб стварыць сплаў вопыту, адданасці, патрыятызму, таленту. І я вельмі спадзяюся, што ў вас гэта работа атрымаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні, пракаменціраваў грамадска-палітычную абстаноўку ў суседніх краінах - Польшчы, Літве і Украіне.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ва ўсіх названых краінах ёсць значныя праблемы ў адносінах паміж насельніцтвам і ўладай, якія часам выліваюцца ў вулічныя пратэсты. У прыватнасці, Прэзідэнт падрабязна спыніўся на сітуацыі ў Польшчы. "Яны хацелі ў нас рэвалюцыю ўчыніць, нават не рэвалюцыю, а мяцеж, а атрымалі самі. Там сітуацыя няпростая, і яна проста так не вылезе. Там не адмарозкі ўзняліся, а ўзняліся жанчыны, і зразумела, за што ўзняліся. Там узняліся сяляне, і яны ведаюць, за што ўзняліся. Там рабочыя ўзняліся, ведаюць за што, дзяржслужачыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Жанчыны ўзняліся і пачалі пратэставаць не таму, што толькі аборты (забаранілі. - Заўвага). Гэта быў спускавы кручок. Дуда перамог у Польшчы, сфальсіфікаваўшы выбары. Там нават працэнта перавагі не было. Сфальсіфікаваў. І адтуль усё пачалося. Яны хацелі стрэлкі перавесці на нас. А палякі не дурні, і там гэта (пратэсты. - Заўвага) усё пачалося".

Акрамя таго, у Польшчы назбіраліся і эканамічныя праблемы. "Так, там ёсць кучка багатых, але колькі там бедных. І разрыў паміж беднатой і багатымі велізарны. Гэта самае небяспечнае для любой дзяржавы. Гэта ўсё ў кучу сабралося, а далей - спускавы кручок: для сялян - пушніна, для жанчын - аборты. Гэта была падстава ўжо. А там даўно ўжо рэвалюцыя выспявала, і я ім аб гэтым гаварыў: не лезце ў чужы агарод, разбярыцеся ў сябе. Не, палезлі", - дадаў Прэзідэнт.

Гаворачы пра сітуацыю ў Літве і вынікі парламенцкіх выбараў, што прайшлі там нядаўна, беларускі лідар сказаў: "Апазіцыя выйграла выбары. Вось умяшаліся ў Беларусь - страцілі ўладу". Напрыклад, не прайшла ў новы парламент партыя, ад якой балаціраваўся кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус, які не раз выступаў з крытычнымі заявамі адносна Беларусі.

"А што ва Украіне адбылося, наш сябар Валодзя Зяленскі? - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Поўнае паражэнне на выбарах у мясцовае самакіраванне".

"Таму не трэба ў суседа кідаць камяні, не трэба ў наш агарод лезці. Разбярыцеся ў сябе. Трэба заўсёды быць сумленным, надзейным для суседа, адданым сваёй краіне і шчырым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Тэгі: Кадры
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь