IV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

  • 26

Беларусь і Расія атрымліваюць значныя выгады ў выніку аб'яднання сваіх матэрыяльных і інтэлектуальных магчымасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 чэрвеня на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"У гэтым годзе мы адзначылі 20-годдзе Саюза Беларусі і Расіі. Гэта дата сімвалізуе выбар асноўнага вектара развіцця, узаемнае імкненне да інтэграцыі і глыбокага ўзаемадзеяння ў сацыяльнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах. За два дзесяцігоддзі зроблена нямала. Вытворчая кааперацыя і рэалізуемыя саюзныя праграмы сведчаць аб эфектыўнасці аб'яднання матэрыяльных і інтэлектуальных магчымасцей нашых дзяржаў. У выніку значныя выгады атрымліваюць эканомікі Беларусі і Расіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым было падкрэслена, што ў плане інтэграцыі Беларусь і Расія дасягнулі значных вынікаў, якіх не змаглі дабіцца іншыя краіны ў свеце. "Тут, можна сказаць, мы добра папрацавалі", - дадаў Прэзідэнт.

Важнае месца ў развіцці двухбаковага ўзаемадзеяння належыць міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "За мінулы час форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі сталі адкрытай пляцоўкай для давернай размовы аб надзённых праблемах, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Не дзеля ліслівасці, хачу падзякаваць кіраўнікам дзвюх верніх палат нашых парламентаў. Яны з'яўляюцца "маторамі" гэтага інтэграцыйнага руху. Мне вельмі падабаецца іх супрацоўніцтва ў гэтым плане, яны проста балеюць за тое, каб нашы мерапрыемствы ў рамках форуму пастаянна развіваліся".

Прэзідэнт канстатаваў, што штогадовае правядзенне такіх форумаў дае магчымасць падтрымліваць пастаянныя сувязі паміж прадстаўнікамі вышэйшых і мясцовых органаў улады дзвюх краін. На гэты момант дзейнічае 70 пагадненняў на ўзроўні Урада Беларусі і адміністрацый суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. Кожнае з іх суправаджаецца канкрэтнай праграмай мерапрыемстваў на трох-чатырохгадовы перыяд.

"На папярэдніх форумах абмяркоўваліся пытанні сельскай гаспадаркі, прамысловасці і сацыяльнай палітыкі. Сёння мы ўзяліся за новы тэхналагічны ўклад. Супрацоўніцтва ў сферах высокіх тэхналогій, інфармацыйнага грамадства цяпер асабліва актуальна, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Калі мы адстанем па гэтай тэме, мы застанемся плесціся ў канцы. Нішто вас не выратуе: ні патэнцыял, ні вуглевадароды. Бачыце, у якім напрамку і якімі тэмпамі развіваецца свет увогуле".

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі гэтай сферы ўдзяляецца сур'ёзная ўвага. "Адным з асноўных прыярытэтаў беларускай эканомікі з'яўляецца развіццё прамысловасці - сектара, у якім ствараецца чвэрць ВУП краіны. Пры гэтым структура ВУП больш як на трэць складаецца з высокатэхналагічных і навукаёмістых галін, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Дастаткова сказаць, што тры гады таму мы паставілі перад сабой - напэўна, своечасова - амбіцыйную задачу па інавацыйным развіцці Беларусі. Як цяпер мы бачым, угадалі. Але калі мы вывучылі сусветны вопыт, праслязіліся: мы ўжо адстаём, перадавыя дзяржавы пайшлі наперад". Паводле яго слоў, гэта адставанне неабходна ліквідаваць.

У студзені 2017-га ў Беларусі была зацверджана дзяржпраграма інавацыйнага развіцця краіны да 2020 года, у якую ўключана 75 праектаў па стварэнні новых вытворчасцей. Яе мэтай з'яўляецца забеспячэнне якаснага росту і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі з канцэнтрацыяй рэсурсаў на фарміраванні высокатэхналагічных сектараў. "Лічу, што аўтарытэтныя навуковыя школы і цэнтры Расіі заўсёды змогуць знайсці ў ёй прывабныя для развіцця супрацоўніцтва з беларускімі калегамі напрамкі, - сказаў Прэзідэнт. - Упэўнены, што нашым краінам, якія маюць унікальныя магчымасці і вопыт узаемадзеяння, разам будзе прасцей зрабіць упэўнены крок у будучае, каб дастойна канкурыраваць на сусветным рынку".

Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій становіцца адной з фундаментальных асноў стратэгічнага партнёрства. Тут Аляксандр Лукашэнка вылучыў такія напрамкі, як развіццё чалавечага патэнцыялу, павышэнне эфектыўнасці дзяржкіравання ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, фарміраванне лічбавай эканомікі, забеспячэнне бяспекі грамадзян і дзяржавы.

"Адзначу, што больш дынамічна маглі б развівацца кантакты ў галіне інфармацыйных тэхналогій на пляцоўках, якія паказалі ўжо сваю эфектыўнасць. Напрыклад, на базе шырока вядомага Парка высокіх тэхналогій у Мінску", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Мабільнымі дадаткамі кампаній - рэзідэнтаў ПВТ сёння карыстаюцца больш як 1 млрд чалавек у 193 краінах, звыш 90% вырабляемага ў Парку праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт у Расію і СНД, краіны Заходняй Еўропы і ЗША. "Мы перад сабой паставілі амбіцыйную задачу - ператварыць Беларусь у ІТ-краіну. У бліжэйшы час мы прымем прававыя асновы для такога развіцця сітуацыі ў Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на перавагі работы ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", якому быў прадастаўлены асаблівы прававы рэжым для стварэння камфортных умоў вядзення бізнесу.

"Залогам паспяховага пераадолення глабальных выклікаў у будучым з'яўляецца глыбокая кааперацыя, арыентаваная на выпуск высокатэхналагічнай навукаёмістай прадукцыі. Абавязковае патрабаванне да такой прадукцыі - хутчэйшае ўкараненне ў серыйную вытворчасць у Беларусі і Расіі. Гэта асабліва важна з улікам узрастаючай канкурэнцыі на сусветным рынку, - упэўнены Прэзідэнт. - Пры гэтым фарміраванне і правядзенне ўзгодненай эканамічнай палітыкі Беларусі і Расіі будзе ў значнай ступені стымуляваць такую вытворчасць, садзейнічаць павышэнню яе экспартнага патэнцыялу і эфектыўнаму вырашэнню задачы імпартазамяшчэння".

Ключавым фактарам застаецца кадравы патэнцыял навукі. У Беларусі яго не толькі захавалі, але і прымножылі. "Тут трэба адзначыць супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы маладых вучоных. Звяртаюся да навуковай супольнасці нашых краін з прапановай актывізаваць работу ў гэтай сферы. Маладыя вучоныя павінны мець усе магчымасці для цесных кантактаў са сваімі калегамі", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама лічыць, што неабходна ўзмацніць узаемадзеянне навуковых школ па самых перспектыўных напрамках. У прыклад ён прывёў супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам.

"Перакананы, што высокім навуковым крытэрыям у поўнай меры павінны адпавядаць і праграмы, якія мы фінансуем у рамках Саюзнай дзяржавы. Намі ўжо рэалізавана больш за сорак саюзных навукова-тэхнічных праграм у розных галінах. Гэта дало магчымасць аб'яднаць інтэлектуальны, тэхнічны, вытворчы і фінансавы патэнцыял Беларусі і Расіі, умацаваць нацыянальную бяспеку", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь развівае супрацоўніцтва з самымі рознымі рэгіёнамі Расіі. Ёсць нават сумесныя праекты на Сахаліне ў галіне сельскай гаспадаркі. "І гэта на Сахаліне, што ўжо гаварыць аб суседніх абласцях. Гэтак жа і расіяне сёння працуюць у Беларусі. Мы проста наверсе нават мала ведаем гэтых прыкладаў. Але ўсе вы варушыцеся, у добрым сэнсе слова, як мурашкі. І я вам за гэта вельмі ўдзячны. Вы проста малайцы, трэба ў гэтым тэмпе рухацца, ствараючы нашу агульную прастору і дэманструючы ўсім, што ніякія санкцыі, ніякі націск нам не перашкода. Мы пераадолеем усё", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Дзякуючы братэрскім адносінам нашых народаў у нас ёсць вялікія магчымасці і рэсурсы для далейшага нарошчвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ва ўсіх сферах. І ў гэтым выключна важную ролю адыгрываюць рэгіёны. Падкрэслю - незалежна ад геаграфічнай аддаленасці ўсе расійскія рэгіёны для нас блізкія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы спадзяёмся, што і да беларусаў у Расіі будуць ставіцца гэтак жа, усюды. Пакуль мы праблем у гэтых адносінах не маем. Мы адзін аднаго не палохаем, мы едзем адзін да аднаго як браты, як родныя. І гэта на ўзроўні людзей, а не толькі нашых размоў з высокіх трыбун. Пытанні сацыяльных гарантый і правоў грамадзян гэта, пастаўкі беларускай тэхнікі, сельскагаспадарчай прадукцыі, навуковых распрацовак, паслуг", - дадаў беларускі лідар.

Менавіта такі падыход дасць магчымасць дзвюм дзяржавам не толькі дасягнуць сучаснага ўзроўню тэхналагічнага развіцця, але і - самае галоўнае - захаваць адзінства і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, падкрэсліў Прэзідэнт.