Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1"

26 жніўня 2018 года
Інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1"
глядзіце таксама: відэа
26 жніўня 2018 года
Інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1"

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перагаворах у Сочы 22 жніўня дамовіліся аб новай сустрэчы ў бліжэйшы час з удзелам членаў урадаў дзвюх краін. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 26 жніўня ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1".

"Самае важнае было тое, што мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што літаральна ў бліжэйшыя некалькі дзён мы знойдзем магчымасць у сваіх графіках (асабліва ў яго, паколькі я тут узяў невялікую паўзу, мне прасцей). У яго вельмі напружаны графік. Гэта сапраўды так, вы гэта бачыце. І ён цяпер будзе ў Сібіры доўгі час. А пасля вось гэтых візітаў у рэгіёны Расіі мы сустрэнемся ў шырокім фармаце. І гэта была яго прапанова - Уладзіміра Пуціна. Перш за ўсё расшырымся за кошт нашых прадстаўнікоў урадаў. Ён у курсе, што ў нас новы ўрад, зразумела. І ён прапанаваў: давай мы сустрэнемся ў бліжэйшы час або тут у Сочы, або ў Маскве і абмяркуем праблемы, якія больш за ўсё датычацца ўрадаў Расіі і Беларусі. Вядомыя праблемы", - расказаў беларускі лідар.

"Мы яшчэ раз выявілі, што гэта пытанні ўрадаў. І яны павінны вырашаць гэтыя пытанні. Але калі ўжо на нас выведзены яны, трэба прымаць рашэнне. Таму нічога новага. Як я ў пачатку сказаў, новых пытанняў у нас, на шчасце, праблемных не з'явілася, і яны не накопліваюцца. Але гэта старыя пытанні, па якіх, можа, і нам трэба прымаць рашэнне. І прапанова Пуціна аб тым, што мы павінны гэта зрабіць у прысутнасці членаў урадаў і прэм'ер-міністраў (ён гэта падкрэсліў), гэта сапраўды была такая дамоўленасць. Мы такое рашэнне прынялі пасля абмеркавання блока міжнародных праблем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Расія - блізкія дзяржавы. "Над намі, напэўна, яшчэ і тое савецкае мінулае, калі мы жылі разам, калі мы проста адзін аднаму маглі ў вочы гаварыць тое, што думаем. Плюс наша славянскае нутро. Таму ў нас вельмі блізкія адносіны. І ў выніку гэтай блізкасці нашых адносін мы выказваемся абсалютна адкрыта. Нават па асабістых нейкіх пытаннях, - сказаў беларускі лідар. - Здавалася б, гэта асабістае, наогул, нават прэс-сакратары гэта баяцца згадваць. Не, мы, абмяркоўваючы тыя ці іншыя пытанні, гаворым аб гэтым адкрыта".

"Таму сродкі масавай інфармацыі, пачуўшы гэта, гэту адкрытасць (уцечкі розныя бываюць), крычаць аб тым, што не проста шурпатасці, - заіскрыла паміж прэзідэнтамі, бяда... І пачынаюцца розныя выдумкі і разважанні. Ды не, па-рознаму, формы ў нас абсалютна розныя. Часам проста сямейныя. Вось мы як родныя людзі абмяркоўваем пытанні і ў вочы адзін аднаму аб гэтым гаворым", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Перагаворы сапраўды прайшлі ў вельмі добрай, дружалюбнай атмасферы. І, паверце, нічога канспіратыўнага і тайнага ў гэтых перагаворах не было", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным была ўдзелена вялікая ўвага міжнароднай тэматыцы, у тым ліку адносінам з ЗША і сітуацыі ў гэтай краіне, палітыцы Прэзідэнта Дональда Трампа. Расійскі лідар расказаў аб сваіх нядаўніх перагаворах з Федэральным канцлерам Германіі Ангелай Меркель і прыватным візіце на вяселле аўстрыйскага міністра. Была ўдзелена ўвага і супрацоўніцтву ў АДКБ у сувязі з сітуацыяй вакол цяперашняга Генеральнага сакратара АДКБ Юрыя Хачатурава.

Зразумела, ўбаку не засталася і праблематыка беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Гэта і цяжкасці з пастаўкамі беларускіх прадуктаў харчавання, пытанні выплаты ўтылізацыйнага збору на сумесную прадукцыю машынабудавання, несправядлівая сітуацыя на рынку аўтаперавозак, будаўніцтва БелАЭС і шэраг іншых.

"Некаторыя пішуць, што мы абмяркоўвалі нафту і газ і крэдыты. Слухайце, мы наогул не закраналі на гэтай сустрэчы будучыню нафты, газу і крэдытаў. Па гэтых пытаннях прыняты рашэнні. Прынамсі, па нафце і газе мы пакуль дзейнічаем у рамках тых рашэнняў, якія прынялі. Што датычыцца крэдытаў, якія расіяне нам (згодна з дамоўленасцю) не выдалі з еўразэсаўскіх фондаў, - гэта таксама пытанне для абмеркавання. Але калі прыняты рашэнні, іх трэба выконваць. Там два траншы па $200 млн усяго. $400 млн засталося. Гэта хіба грошы? Яны пачынаюць звязваць з нейкімі іншымі пытаннямі. Але на гэтай сустрэчы мы гэта пытанне не закраналі. Я думаю, што мы яго абмяркуем. Не абмяркуем, а прымем канчатковае рашэнне, калі ў нас будзе сустрэча", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Вось прыкладна такое кола пытанняў. Сустрэча не такая ўжо і доўгая была. І мы яе не зацягвалі, калі прыйшлі да разумення таго, што мы проста ў бліжэйшы час у больш шырокім фармаце абмяркуем тыя праблемы, якія наспелі ў нашых адносінах", - адзначыў беларускі лідар.

У інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы таксама яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці таго, каб усе дасягнутыя паміж бакамі дамоўленасці і пагадненні выконваліся. "Гэта добрая рыса для любой дзяржавы. Тым больш вялікай дзяржавы - Расіі. Калі падпісаў ужо - выконвай. Не выконваеш - да цябе няма даверу. Таму мы хочам адзінае - выконвай тое, аб чым мы дамовіліся", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ставіў перад Уладзімірам Пуціным пытанне, чаго хоча Расія ад Беларусі. "Хіба ў вас не ўзнікае такое пытанне? Вось вы акунуліся ў беларуска-расійскую праблематыку, і ў вас узнікла пытанне: слухайце, здаецца, мы і тое зрабілі, і так па-добраму ставімся, і гэтак... і тым не менш правальваюцца нашы дамоўленасці, не выконваюцца. У сродках масавай інфармацыі і не толькі з'яўляюцца прэтэнзіі да Беларусі, якіх на справе не існуе", - канстатаваў беларускі лідар.



"І я, і ўсе задаюцца пытаннем. Мы хочам адказу ад улад Расіі, перш за ўсё. Таму што мы ведаем стаўленне расіян да нас - ад Рамзана Кадырава да любога Пятрова, Сідарава і Іванова. Яны цудоўна да нас ставяцца, яны хочуць з намі сябраваць. Гэта родныя, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І ў нас узнікае пытанне: дык чаго ж хочуць улады Расіі ад нас, ад Беларусі. І я Уладзіміру Уладзіміравічу тут задаў пытанне. Мы хочам гэта ведаць. Разумееце, нам трэба глыбока акунуцца ў гэтыя праблемы. Сумленна акунуцца, без палітыкі, без прапаганды ўсякай, без наноснага, прыдуманага і абмеркаваць гэтыя пытанні. Паколькі самы бліжэйшы саюзнік для Расіі сёння - Беларусь. Самы блізкі, надзейны саюзнік для Расійскай Федэрацыі - гэта Беларусь. І раптам такія адносіны".

Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін прыклад са сферы дамоўленасцей па энерганосьбітах, дасягнутых на вышэйшым узроўні ў Санкт-Пецярбургу ў красавіку мінулага года: "Тады вось сапраўды адносіны былі сур'ёзнымі, калі нам падкінулі цану на газ не як саюзнікам, а даражэйшую (адкінуць экспартную пошліну), чым у Германіі, калі разлічыць па кіламетражы, пастаўках, транзіце і гэтай далей. І, зразумела, была сітуацыя вельмі складаная. Я адмовіўся нават ехаць на адзін з самітаў ЕўрАзЭС. І мы знайшлі з Пуціным выйсце з гэтага становішча, падключыўшы сюды нафту. Так званая ператаможка. Калі 6 млн т нафты мы маглі прадаваць, а мытныя пошліны залічваць у свой бюджэт. Што потым адбылося? Гэта было, калі $40-50 каштавала нафта. А потым нафта падскочыла. І нам у бюджэт трапіла крыху больш грошай, чым разлічвалі тады расійскія эксперты і расійскі ўрад".

"Мы ж заключылі дагавор. Ну, так здарылася. А калі б цана ўпала, мы наогул бы, магчыма, атрымалі толькі палову ад таго. Але мы апынуліся ў выгадным становішчы. Разумееце, нехта з так званых разумных лібералаў (не буду называць прозвішчы) у Мінфіне Расіі ўбачыў, што беларусы вельмі ўжо шмат атрымалі і абяднеў расійскі бюджэт. Але ў нас падпісана дамоўленасць. Ну так склалася сітуацыя. Заўтра цана на нафту ўпадзе - не будзе гэтых грошай. І расіяне перасталі пералічваць частку грашовых сродкаў. У парушэнне нашых дамоўленасцей", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што "гэта ж не нейкія падарункі з боку Расіі Беларусі". "За гэтым жа стаяць нашы паслугі ў адказ для Расійскай Федэрацыі. Я часта кажу, калі ўвогуле гаварыць аб гэтых паслугах, што расіянам у Беларусі лепш, чым у асобных частках Расіі. Гэта дарагога варта. Расіяне ніколі не адчуваюць розніцы паміж тэрыторыяй Расіі і Беларусі. Нават у нас ім лепш. Я магу пералічыць, пачынаючы ад ваенных баз і іншае, транзіту, граніц і абаронных пытанняў. Гэта значыць, гэта не бясплатна. Гэта не падарункі. Але вось - парушэнне. Мы і абмяркоўвалі. Так нельга рабіць. Калі ёсць пытанне, давайце будзем садзіцца і абмяркоўваць гэтыя праблемы", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

"Або там нас папракаюць: вось, вашы кампаніі купляюць цёмныя нафтапрадукты - мазут і іншыя газойлі - у Беларусі перапрацоўваюць і прадаюць на знешнім рынку. Дык што тут новага? Мы купілі тавар, за яго заплацілі. Гэтак жа металы купляем, камплектуючыя, робім трактар МТЗ і прадаём. Прэтэнзій жа няма", - прывёў яшчэ адзін прыклад Аляксандр Лукашэнка.

"Я ў аглядзе прачытаў розныя тлумачэнні на тэму страхаў, жахаў для Лукашэнкі ў будучым і гэтак далей. Па-першае, мне ўжо нічога не страшна. Я чалавек, які прайшоў праз многія страхі. Але ёсць адзін страх, калі яго можна страхам назваць, - гэта эканоміка. Я заўсёды аб гэтым гавару. Калі будзе ў нас развівацца нармальна эканоміка, будуць больш-менш нармальна жыць нашы людзі, ну хаця б як цяпер, ніякіх страхаў для беларусаў быць не можа. Не існуе такіх страхаў. Ні знешняя агрэсія, ні што нас хтосьці заняволіць, захопіць, што нас нехта пакорыць... Ніякіх больш страхаў няма, акрамя эканомікі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што на перагаворах з расійскім калегам абмяркоўваліся пытанні міжнародных адносін, у тым ліку стан амерыкана-расійскіх адносін. "Гэты кантэкст датычыцца і нас. Таму што ад узаемаадносін Расіі са знешнім светам, з Захадам, і асабліва са Злучанымі Штатамі Амерыкі (хваліцца, на жаль, няма чым, мы гэта ўсе разумеем) залежыць і развіццё Беларусі. І для нас вельмі важна, як будзе развівацца эканоміка", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што тэматыка ўзаемаадносін з ЗША і працэсаў, якія адбываюцца ў гэтай краіне, узнімалася ў час яго сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 22 жніўня ў Сочы. "Я быў ініцыятарам гэтага пытання. Я вельмі, можна так сказаць, грунтоўна распытваў свайго калегу аб тым, што адбываецца з іх пункту гледжання - Расіі - у Злучаных Штатах Амерыкі. Тым больш я не ўтойваў і не ўтойваю, што я вельмі балеў за Дональда Трампа. І публічна некалькі разоў выказваўся аб ходзе перадвыбарнай кампаніі ў ЗША на карысць фактычна Дональда Трампа", - адзначыў беларускі лідар.

"Дональд Трамп сапраўды праамерыканскі. Для большасці грамадства. Але кагосьці ў эліце не задавольвае. І, на жаль, там грамадства расколата на дзве часткі. Паколькі і дэмакраты, і рэспубліканцы прыкладна напалову раскалолі грамадства ЗША, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - У Злучаных Штатах Амерыкі большая частка грамадства, асабліва знізу, якая не з'яўляецца сёння маўклівай, падтрымлівае Дональда Трампа. Але эліце, нейкай частцы, асабліва дэмакратычнай, не падабаюцца паводзіны Трампа. Так, ён неардынарны палітык. Такога яшчэ не было, каб буйнейшая краіна ў свеце і яе прэзідэнт так актыўна дзейнічаў, і прытым такімі нестандартнымі метадамі".

"Я не ва ўсім яго падтрымліваю. Тым больш, можа, я чагосьці недастаткова разумею. Зразумела, некаторыя пытанні скрыты ад усіх нас, і ад мяне ў тым ліку. Але ваяваць з усім светам, у тым ліку ў гандлі... Напэўна, гэта не зусім правільна. Але, я яшчэ раз падкрэсліваю, не ўсё мы, напэўна, ведаем, што там існуе і што адбываецца", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.



Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што калі Дональд Трамп адыдзе ад гэтай жорсткай рыторыкі, то "вельмі шмат выйграе для Злучаных Штатаў Амерыкі". "І ён мае рацыю. Нядаўна сказаў, праўда, апраўдваючыся (мне гэта не падабаецца): "Вось, калі мне імпічмент аб'явяць, то ўсе бяднейшымі стануць". Які імпічмент? Трэба працаваць і трэба змагацца за свае ідэі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён пры гэтым дадаў, што ў ЗША адбываецца шмат чаго незразумелага для абывацеля і нават для палітыкаў. "Мы вельмі шмат удзялілі ўвагі абмеркаванню гэтых пытанняў у кантэксце расійска-амерыканскіх адносін і, зразумела, іх уплыву на Беларусь. І я Прэзідэнту Пуціну ўдзячны за выказаны пункт гледжання па сітуацыі ў свеце, і перш за ўсё сітуацыі ў Злучаных Штатах Амерыкі і ўздзеянні гэтай сітуацыі на свет у цэлым", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і Расія адна для адной з'яўляюцца анёлам-ахоўнікам. Адпаведная заява прагучала ў адказ на пытанне наконт абраза Анёла-Ахоўніка, які беларускі лідар падарыў свайму расійскаму калегу Уладзіміру Пуціну пасля завяршэння сустрэчы ў Сочы. У сувязі з гэтым у Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, ці сапраўды Расіі і яе Прэзідэнту патрэбны анёл-ахоўнік і ці можа ў яго ролі на заходнім напрамку выступаць Беларусь. "Як Расія для нас, так і Беларусь для Расіі з'яўляецца анёлам-ахоўнікам. Я ўжо гаварыў. Можа, гэта камусьці ў Беларусі не падабаецца, але з першых дзён свайго прэзідэнцтва я раблю такія заявы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы народы ад аднаго кораня. Мы родныя людзі. Падабаецца камусьці гэта ці не падабаецца. Дапусцім, ва Украіне многім палітыкам гэта не падабаецца. І яны, ведаеце іх заявы, гавораць аб нейкай асаблівасці ўкраінскага народа. Так, асаблівасць ёсць і ў нас, і ва Украіны, і ў рускіх людзей, наогул расіян. Але бясспрэчна адно: як бы гэтага камусьці не хацелася, гэта ўжо здарылася, што мы выраслі ад аднаго кораня. Мы родныя людзі. Таму адсюль наша анёльская роля, пра якую вы сказалі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі з Расіяй у цэлым вельмі цесныя сувязі, у тым ліку ў эканоміцы. "Гэта наш галоўны партнёр. Мы больш за ўсё прадаём у Расійскай Федэрацыі. Гэта факт бясспрэчны. Куды ад іх дзецца. З гэтага прагматычнага зямнога пункту гледжання мы з'яўляемся адзін для аднаго анёламі-ахоўнікамі, калі ўжо паглыбляцца ў высокае, духоўнае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар адзначыў, што, хоць ён і знаходзіцца ў дружалюбных адносінах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, яны часам вельмі жорстка ставяць пытанні адзін перад адным. "Я, можа, больш сабе дазваляю адкрыта гаварыць аб гэтым. Гэта ўжо з прычыны майго характару. Тут няма нічога такога падспуднага або нейкіх там гадкіх думак, пра якія часам пішуць, асабліва ў Расійскай Федэрацыі, розныя ідыёты. Я іх інакш не назаву. Вось я прачытаў адну з фраз і сабе пазначыў: "Калі Расійская Федэрацыя пад санкцыямі, то Лукашэнка скарыстоўвае гэты момант, бярэ гэты добры момант, каб штосьці запатрабаваць ад Расіі". Ідыятызм поўны! Ён проста не паддаецца крытыцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, калі Расія знаходзіцца пад санкцыямі, то гэта негатыўна ўплывае і на Беларусь. "Гэта наш галоўны партнёр. Вось глядзіце: толькі загаварылі пра санкцыі, пра новую хвалю, якую нібыта амерыканцы гатовы ўвесці супраць Расіі, - абваліўся расійскі рубель. Нам што, добра ад гэтага? - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Мы ў свой час ад апошняга вялікага абвалу расійскага рубля страцілі каля $3 млрд толькі на курсавых розніцах".

"Што я магу ад Расіі запатрабаваць, калі Расія ў цяжкім становішчы? Калі ў Расіі добра, Расія можа дастаткова купіць нашых тавараў. І, больш таго, калі трэба, і дапамагчы нам. Што яна і рабіла адпаведнай фінансавай падтрымкай і гэтак далей. Таму мы нічога тут не выгадваем. Няма тут нейкіх там падспудных плыней - нахіліць Расію, таму што яна аслабела або слабее ці ў яе складанае становішча. Няма гэтага, і ніколі не будзе. Слухайце, ну я вельмі ўжо, выбачайце за нясціпласць, вопытны палітык, каб мышкаваць на гэтых тэмах. Гэта поўны ідыятызм!" - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю пракаменціраваў назначэнне Міхаіла Бабіча паслом у Беларусі і спецпрадстаўніком Прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што раней абмяркоўваў з Уладзімірам Пуціным кандыдатуру новага пасла ў тэлефоннай размове. "Я, праўда, не гаварыў аб гэтым у СМІ шырока. Мы яе абмяркоўвалі, напэўна, месяца паўтара ці два таму, калі з'явілася ідэя ў Прэзідэнта Расіі назначыць сюды новага пасла ў сувязі з заканчэннем тэрміну ў Аляксандра Сурыкава. І ён (Уладзімір Пуцін) мне патэлефанаваў і задаў гэта пытанне, ці буду я пярэчыць, - расказаў беларускі лідар. - Я гавару: "Ды бог з табой". Але па-сяброўску задаў яму пытанне: "Слухай, ты ведаеш Бабіча?" Ён кажа: "Вельмі добра ведаю". "Ты яго асабіста, не як Прэзідэнт, а як чалавек (мы сябры), ты яго рэкамендуеш?" "Так, я табе яго рэкамендую, гэта нармальны чалавек, які будзе садзейнічаць нармалізацыі, паглыбленню нашых адносін, гэта чалавек, які будзе працаваць на добрае ў нашых адносінах". Я гавару: "Калі так, я буду вітаць гэта".

"І ўсе гэтыя разважанні, што тут кагосьці накіравалі, што яны ледзь ці не Беларусь пад кантроль возьмуць, што Лукашэнкам будзе нехта кіраваць...- гэта глупства несусветнае", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што факт сустрэчы Уладзіміра Пуціна з новым паслом Міхаілам Бабічам у хуткім часе пасля перагавораў прэзідэнтаў у Сочы з'яўляецца выпадковасцю, паколькі аб гэтай кандыдатуры лідары дамовіліся раней. "Мы не гаварылі на гэтай сустрэчы аб новым прадстаўніку ў Беларусі. Абсалютна. Нават не закраналі гэта пытанне. Яно для нас вырашанае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Тое, што Пуцін дагрузіў Бабіча многімі пытаннямі, гэта, напэўна, у сувязі з тым, што ён асабіста яму давярае і ў сувязі з тым, што гэта такі дужы чалавек у расійскай палітыцы. І чалавек, які можа вырашаць гэтыя пытанні. Прынамсі, мы на гэта спадзяёмся. І гатовы працаваць з любым прадстаўніком Расійскай Федэрацыі. Мы ведаем, як будзе паводзіць сябе любы пасол Расіі ў Беларусі. Калі ён хоча, каб Беларусь засталася надоўга, а, можа, і навекі самым блізкім саюзнікам для Расіі, адпаведна павінен дзейнічаць і пасол", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.


Тэгі: Інтэрв'ю
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь